Лісты з-пад шыбеніцы (Listy s pad szubienicy) — агульная назва лістоў, дасыланых Кастанцінам Каліноўскім падчас следства перад павешаннем 22 (10) сакавіка 1864 года. Такую назву лісты атрымалі пасля публікацыі кнігі «Да беларускага народу. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага» Агатона Гілера ў 1867 годзе.Канстанцін Каліноўскі ў святле дакументаў // Arche, 4-я зноска

Змест

Палітычны запавет К. Каліноўскага, роздум пра як «не цяпер, не позна канец палажыць» расійскаму панаванню — маніфест, дакумент рэвалюцыйнай барацьбы. Каліноўскага хвалявала абуджэнне парыярхальнага народа на сацыяльную рэвалюцыю і лёс рэвалюцыі агулам. «Лісты» — найперш клопат пра палітычную прасвету народных мас, шырокае тлумачэнне яму яго стану, стану рэвалюцыйных сіл у суседніх народаў, роздум пра тактыку і сродкі барацьбы, наказ пра адзінства з рэвалюцыйнай барацьбой суседніх народаў. У «лістах» К. Каліноўскі выкрываў расійскае панаванне, узнімаў на рэвалюцыйную барацьбу, супрацьпастаўляў цяжкае становішча пад расійскай уладай больш светламу мінуламу.

У «Лістах» дакладна размяжоўваецца «польскае паўстанне», «маскалі» і «мужыкі-беларусы». Беларусы мусяць падтрымаць «польскае паўстанне», каб дамагчыся правоў для сябе і ператварыць яго ў сваё паўстанне. Усё ў рэчышчы паўстанцкага закліку «За нашую і вашую свабоду!».

Заклік «ваяваці за сваё чалавечае і народнае права» арганічна перарастае ў лірычныя радкі адзінага вядомага К. Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая», дзе ноты пяшчоты змяняюцца зноў развітальным акордам:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе І часам спамяні пра Яську свайго, Што загінуў за праўду для дабра твайго.

За вобразам Марыські чарнабровай даследчыкі бачаць пэўную асобу — або Марыю Ямант, дачку аднаго з паплечнікаў Каліноўскага па паўстанні, або Марыю Грэгатовіч, дачку гаспадыні адной з кватэр, на якіх нелегальна да арышту ў Вільні жыў Каліноўскі, і адначасова паэтычнае ўвасабленне Айчыны. Верш К. Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая» — яркі ўзор рэвалюцыйнай лірыкі ў публіцыстыцы. У вершы развіваюцца традыцыйна фальклорныя матывы пошукаў шчасця, «яснай долі», дзячыўна ўпадабняецца да галубкі.

Марыська чарнабрэва, галубка мая, Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая? Усё прайшло,- прайшло, як бы не бывала, Адна страшэнна горыч у грудзях застала. Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці, То мы прападзем марна, но праўды не кінем, Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем. Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю, Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю, А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, То я з таго свету табе адазвуся. Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе. І часам спамяні пра Яську твайго, Што згінуў за праўду для дабра твайго. А калі слова пяройдзе у дзела, Тагды за праўду станавіся смела, Бо адно з праўдай у грамадзе згодна Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

У сучаснай беларускай літаратуры Тэма «Лістоў з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага ў сучаснай беларускай літаратуры грунтоўна разглядалася даследчыкамі Яраславай Ананка і Генрыхам Кіршбаўмам. За пункт адліку ў сваіх працах яны бяруць твор Веры Бурлак «Верш пра шыбеніцу», багаты на алюзіі з творам Каліноўскага.

Верш пра шыбеніцу У двары на вуліцы Каліноўскага Для дзяцей паставілі шыбеніцу. Якую сьпісалі з турмы, Бо яна састарэла маральна. І адразу прыбеглі дзеці, Каб гайдацца на ей і падцягвацца, Каб поўзаць на ей і караскацца І займацца карыснай гімнастыкай. А бацькі былі ўжо ня радыя, Бо забылі дзеці пра мульцікі, Пра ўрокі і пра камп’ютары - Прыляпіліся сэрцам да шыбеніцы. Мамкі-нянькі грукаюць шыбінамі І крычаць ім «Хутчэй дахаты!» І хвалююцца: што зь іх вырасьце? - Баючыся вымавіць «шыбенікі». Ды, здаецца мне, лепей шыбенікі, Так, я думаю — лепей шыбенікі, Лепей, лепей дакладна шыбенікі, Лепей шыбенікі, чым каты.

У Андрэя Хадановіча ёсць два вершы, якія не наўпрост, але пэўна вядуць да Каліноўскага, — «Сьпеў аб маім суіцыдзе» і «данс макабр». У «Сьпеў аб маім суіцыдзе» аўтар сцвярджае, што сапраўдныя героі (змагары) самі сябе не забіваюць. Прыкладам ён дае ахвяраў гільяціны і спаленую англічанамі Жанну д’Арк, а потым разважае пра павешанне, быццам перагукваючыся з Верай Бурлак:

Самы цымус — ня зіркаць углыб: кожны вечар фіранкі зашморгвай, бойся, шыбенік, позірку шыб!

Асацыяцыя шыбеніцы—шыбы магла быць падказана сугуччам гэтых словаў, а магла быць пэўнай спасылкай на Бурлак. Некалькімі радкамі вышэй аўтар у сваёй характэрнай іранічнай манеры дзівіцца з колькасці зданяў вайны і міру, захаваных у літаратуры, і гэтым ускосна падкрэслівае трываласць памяці Каліноўскага:

Колькі прывідаў войнаў ды міру Паўстае з рукапісных папер!.. Што тэатрам было за Шэкспірам, Мыльнай операй стала цяпер!

Чамусьці ў кніжным варыянце гэтага верша няма страфы, якая ёсць у арыгінальным часопісным варыянце, у ёй наўпрост называецца «вяроўка» (пятля), а таксама цытуецца, хоць і не зусім дакладна, апошні радок «Пагоні» Багдановіча, аднаго з найбольш патрыятычных твораў беларускай паэзіі:

Палка прагнуў далёкай вандроўкі - і знайшоў пуцяводную ніць. А чароўнасьці мыльнай вяроўкі не разьбіць, не стрымаць, не спыніць!…

Намёкаў на Каліноўскага багата ў вершы «данс макабр» — «пятля», «павешаны», гульня слоў «вісельня» — «вясельля», повязь паміж складаннем (зацягваннем) песень і пасыланнем і-мэйлаў з-пад шыбеніц:

Мы з табой цудоўныя песьні Ў паражні парахні і плесьні Зацягнулі б нібы пятлю Як павешаны на перадвесьні Раз памёршы ўжо не ўваскрэсьне Ды па пальцы камень ня трэсьне: Спадзяюся помню люблю Вам з-пад шыбеніц шлём і-мэйлы.

Цяпер цяжка ўявіць час, калі імя Каліноўскага не будзе звязваццца са шляхам Беларусі да незалежнасці і палітычнай свабоды.

Спасылкі

Катэгорыя:Паўстанне 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Творы 1864 года Катэгорыя:Кастусь Каліноўскі