Царква Святой Ефрасінні Полацкай () — праваслаўны храм у горадзе Таронта, Канада. Названы ў гонар прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Гісторыя

28 лістапада 1948 у Таронта была заснавана першая беларуская нацыянальная арганізацыя — Згуртаванне беларусаў Канады. У 1952 годзе, не пагадзіўшыся з прыналежнасцю арганізацыі да прыхільнікаў Рады БНР, ад яе адышла група эмігрантаў на чале з Сяргеем Хмарам. Была заснавана новая арганізацыя — Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, якая абвясціла сябе «трэцяй сілай», незалежнай ад Рады БНР і БЦР.

Прыхільнікі БНА звярнуліся да канстанцінопальскага патрыярха з просьбай прыняць іх пад сваю юрысдыкцыю — да таго часу, пакуль не будзе ўтворана кананічная беларуская іерархія. У тым жа годзе экзарх усяе Амерыкі і Канады Канстанцінопальскага патрыярхата ухваліў гэтае рашэнне і прыняў прыход пад свой амафор.

Першае богаслужэнне адбылося 25 сакавіка 1952 года ў зале Украінскага праваслаўнага дому.

Спачатку прыход арандаваў розныя залы, але ў 1953 годзе прыхаджане набылі ў Таронта першы ўласны невялікі дом па адрасе 11 Канінгем-авеню. Два пакоі перарабілі пад храм, яшчэ два займала Беларускае нацыянальнае аб’яднанне.

У 1956 годзе мітрафорны протаіерэй Віталь Сагайдакіўскі набыў будынак былога кінатэатра па адрасе 1008 Доверкорт-роўд. Пры фінансавай падтрымцы і ахвяраваннях беларусаў, украінцаў, грэкаў, балгараў і канадцаў памяшканне было пераабсталявана пад царкву: зроблены прасторны алтар, высокая салея і клірас, набыты званы, на даху ўзведзены тры купалы — адзін вялікі і два малыя.

У 1957 годзе да прыхода далучыліся дванаццаць сем’яў данскіх і кубанскіх казакоў, а пазней — праваслаўныя румыны на чале са сваім святаром протаіерэем Мікалаем Танасэ.

Іканастас храма зроблены ўручную, іконы для яго напісаў іканапісец са Злучаных Штатаў Іван Дзікі, а сам іканастас выканаў данскі казак Мікалай Іванавіч Благародаў.

Стараннямі протаіерэя Віталя Сагайдакіўскага для храма былі набыты іконы ў Свята-Ануфрыеўскага Яблачынскага манастыра: дванаццаць ікон двунадзесятых святаў для другога яруса іканастаса і васямнаццаць вялікіх насценных ікон. Іх напісаў ігумен Аліпій, вучань іканапіснай школы пры Свята-Успенскай Пачаіўскай лаўры. У кастрычніку 1965 года іконы былі дастаўлены ў Таронта.

На працягу 1966—1968 гадоў пры храме вяліся рэстаўрацыйныя работы, тады ж быў дабудаваны царкоўны зал.

З 1952 па 2008 год прыход знаходзіўся ў складзе Грэчаскай мітраполіі Канады, падпарадкоўваўся Беларускаму савету праваслаўных цэркваў у Паўночнай Амерыцы. У 2008 годзе з благаслаўлення патрыярха Варфаламея прыход перайшоў пад амафор мітрапаліта Аміскага , кіраўніка Амерыканскай карпата-русінскай праваслаўнай епархіі.

Настаяцелі протаіерэй Міхаіл Мігай (1950—1956) протаіерэй Віталь Сагайдакіўскі (1956—1966) іерэй Якаў Кузьміцкі (1966—1970) архімандрыт Язэп Строк (1970—1973) протаіерэй Павел Вялікі (1973—1997) архімандрыт Аляксій Шынкевіч (1997—1998) протаіерэй Аляксандр Шкалоў (1998—2003) ігумен Нестар Міхайлечка (2003—2004) іерэй Міраслаў Вайцюк (2004—2005) протаіерэй Васіль Астафійчук (з 2005)

Крыніцы

Катэгорыя:Беларусы ў Канадзе