Бра́слаўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Размешчаны на паўночным захадзе Беларусі, на сутыку дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь з Літвой і Латвіяй. Праз раён праходзяць ветка чыгункі Друя — Варапаева, нафтаправод «Дружба». Найбольшае значэнне для знешніх сувязяў раёна маюць шашэйныя дарогі, якія звязваюць Браслаў з Даўгаўпілсам, Глыбокім, Полацкам, Паставамі, Друяй.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у студзені 1940 года былі ўтвораны Браслаўскі і Відзаўскі раёны Вілейскай вобласці. У 1944—1954 гадах яны адносіліся да Полацкай, у 1954—1960 гадах — да Маладзечанскай абласцей. У 1960 годзе іх тэрыторыі былі аб’яднаны ў Браслаўскі раён у складзе Віцебскай вобласці. Тэрыторыя раёна падзелена на 9 сельскіх саветаў.
Прырода У прыродных адносінах Браслаўскі раён размешчаны ў міжрэччы Заходняй Дзвіны і Дзісны і адрозніваецца вялікай разнастайнасцю ландшафтаў. Паўночная і цэнтральная часткі раёна знаходзяцца ў межах Браслаўскай грады з маляўнічым узгорыстым рэльефам. Поўдзень Браслаўшчыны — гэта частка раўніннай Полацка-Дзісенскай нізіны. Найвышэйшы пункт раёна знаходзіцца сярод канцова-марэнных пагоркаў каля вёскі Смулькі — 210,6 м. Самы нізкі пункт Браслаўшчыны і адначасова ўсёй Паўночнай Беларусі знаходзіцца ва ўрочышчы Фядорынкі ля Заходняй Дзвіны — 97,7 м. Карысныя выкапні: пясчана-жвіравы матэрыял, гліна, торф, сапрапелі.
Раён мае даволі густую рачную сетку. Рэкі Браслаўшчыны адносяцца да Заходне-Дзвінскага гідралагічнага раёна. Буйнейшай ракой з’яўляецца Заходняя Дзвіна (яе працягласць на тэрыторыі раёна каля 10 км). Сярод іншых рэк Дзісна, па якой праходзіць мяжа з Літвой і Пастаўскім раёнам; Друйка, якая дрэніруе асноўныя азёры Браслаўскай групы і злучае іх з Заходняй Дзвіной; таксама Дрысвята, Янка, Рычанка, Дружнянка, Акунёўка, Акмяніца, Усвіца, Прорва, Плесавіца, Абабіца, Маруга, Густатка.
Прыродным багаццем Браслаўшчыны з’яўляюцца азёры, іх налічваецца больш за 200. Азёры займаюць каля 10 % плошчы раёна — гэта адзін з вышэйшых паказчыкаў у Беларусі. Буйнейшымі азёрамі з’яўляюцца: Дрывяты (Браслаўскае) — 36,1 км² (пятае па велічыні ў Беларусі), Снуды — 22 км², Богінскае — 13,2 км², Струста — 13 км², Укля — 9 км². Часткова ў Браслаўскім раёне знаходзіцца возера Дрысвяты (літоўская назва — Друкшай) з плошчай 44,5 км², якое мяжуе з Літвой і возера Рычы (латвійская назва — Езерс) з плошчай 12,8 км². У наваколлі Браслава размяшчаецца адна з буйнейшых у Беларусі азёрных груп, вядомая пад назвай Браслаўская група азёр, якая ўключае больш за 50 азёр агульнай плошчай звыш 30 км², а плошча басейна складае больш 800 км² і аб’ёмам вады звыш 540 млн м³. Азёры звязаны паміж сабой шматлікімі ручаямі, рачулкамі, пратокамі працягласцю звыш 300 кіламетраў. Вылучаецца яшчэ некалькі груп азёр: Дрысвяцка-Богінская (часткова ў Літве і Латвіі), Абстэрнаўская (часткова ў Мёрскім раёне), Замошская, Відзская. Да ліку самых глыбокіх азёр Беларусі адносяцца: Рычы — 51,9 м, Воласа Паўднёвы — 40,4 м, Воласа Паўночны — 29,2 м, Укля — 25 м, Струста — 23 м. Для азёр Браслаўшчыны характэрна вялікая колькасць астравоў, сярод якіх ёсць значныя па плошчы. Азёры насяляе 21 від рыб, найбольш каштоўныя — вугор, судак, лешч, лінь, сазан, укляя.
Пад лясамі, якія адносяцца да падзоны дубова-цёмнахвойных лясоў, занята 26 % тэрыторыі раёна. Пераважаюць невялікія масівы па 20-500 га, найбольшыя з якіх Бяльмонт, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача. Склад лясоў у працэнтах: хваёвыя — 48,7, яловыя — 16,2, бярозавыя — 21,3, асінавыя — 3,5, чорнаальховыя — 8,4, шэраальховыя — 0,8, ясеневыя — 0,7, дубовыя — 0,2. 18 % лясоў — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лугі невялікімі ўчасткамі займаюць плошчу 34 тыс. га. Сухадолы займаюць 29,4 %, нізінныя — 65,2 %, заліўныя — 5,4 %. 130 балот належаць да Браслаўска-Шумілінскага тарфянога раёна. Іх плошча складае 18,1 тыс. га, 14,3 тыс. га нізінныя, 3,6 тыс. га верхавыя, 0,2 тыс. га пераходныя. Асноўныя балотныя масівы: Сядун, Бяльмонт, Весялоўскае, Каміраўшчына.
Флора Браслаўскага раёна налічвае больш 800 відаў вышэйшых раслін. На тэрыторыі Браслаўшчыны сустракаюцца 20 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх гарлачык жоўты малы, неатыянта клабучковая. Распаўсюджаны расліны розных прыродных зон: субарктычная (хвошч стракаты, марошка), таёжныя (лінея паўночная, баранец звычайны), лесастэпавыя (кізільнік алаунскі). У азёрах сустракаецца шэраг рэдкіх водных і прыбярэжна-водных раслін: гідрыла мустоўчатая, каўлінія гнуткая, каўлінія малая, трыснёг аўсяніцавы і іншыя. З паляўніча-прамысловых жывёл на тэрыторыі Браслаўскага раёна водзяцца лось, дзік, казуля, заяц-бяляк і заяц-русак, ліс, воўк, янотападобны сабака, чорны тхор, вавёрка, лясная куніца, выдра, андатра, бабёр, крот. Шчыльнасць некаторых відаў жывёл значная. На 100 га лесу налічваецца 10 ласёў, 18 дзікоў, 12 казуль. З відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, адзначаны барсук, буры мядзведзь, звычайная палятуха. Рэгіён цікавы ў арніталагічным плане. Тут жыве 80 % усяго саставу гнездавой арнітафауны Беларусі. Асабліва важнае значэнне маюць арэалы распаўсюджання белай курапаткі, серабрыстай чайкі, чорнаваллёвіка.
Створаны Нацыянальны парк Браслаўскія азёры. На тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі геалагічных помнікаў прыроды — валуноўПамятники природы республиканского значения. Витебская область. .
Азёры Воласа Паўночны Воласа Паўднёвы Святца Бярэжа Ельна Абакрыцелі Аболе Багданаўскае Болта Загорнае Высокае Муйса Возера Сіта Возера Ілгайцы Возера Ільжа
Гісторыя
Браслаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 19 сельсаветаў: Ахрэмавецкі, Быстрамавецкі, Друйскі, Дубінаўскі, Залескі, Замошскі, Зарацкі, Іказненскі, Карасінскі, Купчэльскі, Літоўшчынскі, Муражскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Спрындаўскі, Урбанскі, Цяцеркаўскі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года ў Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Карасінскі, Купчэльскі, Літоўшчынскі, Муражскі, Спрындаўскі, Урбанскі сельсаветы, утвораны Княжынскі сельсавет, перайменаваны Дубінаўскі сельсавет у Барунскі, Залескі — у Пагошчанскі. 27 сакавіка 1959 года скасаваны Барунскі, Быстрамавецкі, Замошскі, Княжынскі, Пагошчанскі і Цяцеркаўскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Віцебскай вобласці. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Відзы, Абалеўскі, Далёкаўскі, Дрысвяцкі, Казянскі, Ярканцаўскі сельсаветы скасаванага Відзаўскага раёна. 29 снежня 1961 года Абалеўскі сельсавет перайменаваны ў Відзаўскі, Ярканцаўскі сельсавет скасаваны. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Більдзюгскі і Корніцкі сельсаветы скасаванага Шаркаўшчынскага раёна. 18 красавіка 1963 года ў склад раёна перададзены гарадскі пасёлак Друя Мёрскага раёна. 17 ліпеня 1964 года Корніцкі сельсавет перайменаваны ў Ёдскі. 30 ліпеня 1966 года Більдзюгскі і Ёдскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Шаркаўшчынскаму раёну. 3 ліпеня 1970 года Іказненскі сельсавет перайменаваны ў Цяцеркаўскі. На 1 студзеня 1974 года ў складзе Браслаўскага раёна 12 сельсаветаў, 856 населеных пунктаў. 18 снежня 1989 года скасаваны Відзаўскі сельсавет. 8 красавіка 2004 года скасаваны Відзаўскі і Друйскі пассаветы, утвораны Відзаўскі і Друеўскі сельсаветы, скасаваны Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі і Казянскі сельсаветы. 15 верасня 2005 года гарадскі пасёлак Друя аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак).
Насельніцтва У Браслаўскім раёне налічваецца 639 населеных пунктаў, у тым ліку горад Браслаў з насельніцтвам 10,1 тыс. чалавек, гарадскі пасёлак Відзы — 2,2 тыс. чалавек. Найбуйнейшыя вёскі — Друя — 1,2 тыс. чал., Ахрэмаўцы — 1,4 тыс. чал., Слабодка — 0,8 тыс., Опса — 0,7 тыс., Пагошча — 0,5 тыс., Далёкія, Відзы-Лаўчынскія — 0,4 тыс., Дрысвяты — 0,3 тыс. чалавек. Пераважаюць, аднак, невялікія вёскі, шмат захавалася хутароў.
Колькасць насельніцтва: 1989: 35,7 тыс. 2005: 33,2 тыс.
Гаспадарка Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці і сацыяльна-бытавога абслугоўвання. Браслаўская ГЭС.
Браслаў — цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Турагенцкую і тураператарскую дзейнасць ажыццеўляюць турысцка-аздараўленчае прыватнае дачэрняе УП (ТАПДУП) «Браслаўскія азёры» (туркомплексы: «Дрывяты», «Золава», «Слабодка») і дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». 2 гасцініцы, у т.л. «Заезны двор». Дамы паляўнічага «Абаб’е», «Браслаў», дом рыбака «Леошкі», агратурыстычная сядзіба «На Браслаўскіх азёрах».
Культура Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў Раённая газета «Браслаўская звязда»
Вядомыя асобы Уладзімір Беняшэвіч Ільдэфонс Бобіч Юзаф Буйноўскі Тамаш Ваўжэцкі (1753, маёнтак Мейшты — 1816) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года. Мікола Дварэцкі Мікола Канаш (1926, в. Азярава — 2006) — беларускі грамадскі дзеяч. Сябра Саюза беларускай моладзі ў Другую сусветную вайну, вязень ГУЛАГа, сулагернік Ларысы Геніюш і публікатар яе вершаў. Флор Манцэвіч Станіслаў Нарбут Уладзімір Генрыхавіч Пецюкевіч Пётра Сергіевіч (1900, в. Стаўрова — 1984) — беларускі жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Канстанцін Юхневіч Чэслаў Плят Павел Мацвеевіч Сільчонак (нар. 1963) — беларускі палітык. Алеся Фурс — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву.
Крыніцы
Літаратура
Памяць: Браслаўскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч [і інш.]. — Мн., 1998. — 710 с. Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987. Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт Спіс населенных пунктаў Браслаўскага раёна па сельсаветам Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць» Адметныя мясціны і архітэктурныя помнікі Браслаўскага раёна на radzima.org Вёскі Браслаўскага раёна
Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1940 годзе