Брэст (), часта Берасце або Бярэсце — горад у Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Брэсцкай вобласці і Брэсцкага раёна, на рацэ Буг пры ўпадзенні ў яго Мухаўца. Месціцца за 349 км ад Мінска. Эканамічны і культурны цэнтр, вузел чыгунак і аўтамабільных дарог, аэрапорт, рачны порт, звязаны Дняпроўска-Бугскім каналам з басейнамі Дняпра і Прыпяці.

Назва Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад назваю Берестий, у гістарычных крыніцах таксама сустракаюцца напісанні Берестей, Бересть, БерестеВячорка В. Аддайма Брэст брэтонцам!, Радыё Свабода, 3 ліпеня 2014 г., у нямецкіх летапісах Брэйзіка.

Згодна з адной з версій, тапонім «Берасце» ўтварыўся ад слова «бе́раст»Жураўскі А. Старадаўнія назвы гарадоў Беларусі // «Навіны Беларускай акадэміі» № 31 (660), 14 жніўня 1992. С. 3—5. (дрэвавая ці куставая расліна сямейства вязавых). Значэнне мае хутчэй за ўсё зборнае — бераставы гай. На думку географа В. Жучкевіча, назва горада таксама магла паходзіць ад слова «бяроста» — бярозавая кара С. 36.. Існуюць таксама меркаванні, што назва горада паходзіць ад імя асабовага — Бераст.

У Літве вядома паўтара дзясятка гідронімаў тыпу BrastaA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 69..

Гэтае паданне ў сярэдзіне XIX стагоддзя запісаў П. М. Шпілеўскі і ўключыў у кнігу «Падарожжы па Палессі і Беларускім краі». Згодна з паданнем, у няпамятныя часы купец са сваім таварам прабіраўся праз балоты, а каб прабрысці праз яго, загаціў гаць са ствалоў бярозы, заваліў балота бяростай (верхні белы слой бярозавай кары) і так займеў магчымасць прайсці. Месца ён назваў Берасцем.

Тыпалагічная паралель берасцейскай назве — назва Браслаў, якая магла пайсці ад латышскага brasla «брод».

У 1696 годзе сейм Рэчы Паспалітай скасаваў статус старабеларускай мовы як дзяржаўнай і такім чынам адкрыў шлях да татальнай паланізацыі. Назвы беларускіх паселішчаў запісваліся толькі графічнымі сродкамі польскай мовы ў характэрнай для яе фанетычнай і граматычнай формах. У такім выглядзе большасць з іх увайшла ў дзяржаўныя дакументы, на карты, выцесніўшы з пісьмовай і картаграфічнай практыкі спрадвечныя формы. Польскі варыянт назвы горада запісваўся як Brześć (вымаўляецца як Бжэсць), пазней, каб пазбегнуць блытаніны з польскім горадам Бжэсць Куяўскі (), пачала выкарыстоўвацца назва Brześć Litewski (літар. Берасце Літоўскае). У лацінамоўных дакументах назвы абодвух гарадоў перадаваліся як Brest, вытворны прыметнік — як Brestensis, радзей Brescensis, часам Brzestensis. Старажытная лацінская форма, відаць, з’яўляецца вытворнай ад назвы польскага Бжэсця. У сучаснай лацінскай мове, якая выкарыстоўваецца як богаслужбовая і навуковая мова Каталіцкай царквы, аднавілі поўнагалосную форму тапоніма: дакументы Берасцейскай уніі выйшлі ў 1970 годзе пад назвай «Documenta Unionis Berestensis eiusque Auctorum (1590—1600)». На еўрапейскіх картах XVII—XVIII стагоддзяў Берасце пазначалася як Brizestije (Антверпен, 1612), Breßia al Brie∫tz (Амстэрдам, 1632), Bres∫ia (Амстэрдам, 1661), Brzesc (Лондан, 1799).

У складзе Расійскай імперыі ні дакументалісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не клапаціліся пра дакладнасць перадачы беларускіх айконімаў на рускую мову. Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку неаднаразовай перадачы з адной мовы на іншую без уліку арыгінала шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, з неўласцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі, што нанесла вялікую шкоду ўсёй айканімічнай сістэме Беларусі. У пісьмовай практыцы замацаваліся паланізаваныя формы, так польскі варыянт назвы горада Brześć перанеслі ў рускую мову спачатку як Бржесть, што пазней трансфармавалася ў БрестМухін В. Спрадвечныя назовы // «Студэнцкая думка», ?.Дайлід П. Берасце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам, Брэст… // «Газета для вас» № 712, 20 жніўня 2009.. Гэтую трансфармацую назвы ў рускай мове зафіксавалі лічбы аб баявых дзеяннях у ваколіцах горада рускага палкаводца А. Суворава і іншых расійскіх чыноўнікаў: спачатку пісалі Бржесць, Бржесть, пазней Бржест і Брест.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з’явілася назва Брестъ-Литовскъ (), пры гэтым даволі працяглы час паралельна ўжывалася форма Бржестъ. Адной з магчымых крыніц рускай формы Брест () разглядаюцца дакументы часоў вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у якіх датычна Берасця паслядоўна ўжываецца назва Бресть жаночага роду.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны жыхары горада хадайнічалі перад Дзяржаўнай Думай Расійскай імперыі пра вяртанне гістарычнай назвы Берестье (). У выдадзеным у горадзе Я. Хмялеўскім даведніку «Календарь-Справочникъ гор. Брестъ-Литовска на 1912 годъ» адзначаецца, што першапачатковая старажытная назва горада «Бэресть» захавалася і па-ранейшаму жыве ў гаворцы мясцовых сялян:

Пасля далучэння да Польскай Рэспублікі ў 1921 годзе горад атрымаў назву Бжэсць над Бугам (Brześć nad Bugiem), якая праіснавала да 1939 года. Тым часам у БССР да сярэдзіны 1930-х гадоў і ў беларускай дыяспары на Захадзе дагэтуль ужываюць спрадвечную назву — Берасце. У час нямецкай акупацыі назва горада ў нямецкамоўных дакументах і шыльдах часцей за ўсё пісалася Brest-Litowsk (Брэст-Літоўск).

Ужо пасля 1939 года з рускай мовы ў беларускую была запазычана сучасная афіцыйная беларуская назва Брэст, якая не мае ў сабе кораню, ад якога пайшло першапачатковае імя горада, і застаецца ў беларускай мове ізаляванай і чужароднай. У вусных жа зносінах і зараз стабільна ўжываюцца формы (толькі з некаторымі гукавымі відазменамі), пад якімі горад згадваецца ў ранніх летапісах і іншых старажытнапісьмовых дакументах у сваім усходнеславянскім абліччы — Бе́расце, Бэ́рэсць, Бэ́рысць. У некаторых выданнях можна сустрэць варыянт Бярэсце С. 85., які, аднак, не адпавядае традыцыйнаму вымаўленню мясцовых жыхароў.

Гісторыя

Ранняе Сярэднявечча Археалагічныя даследаванні горада паказалі, што як пагранічная крэпасць і апорны пункт славянскай каланізацыі горад быў заснаваны ў канцы Χ стагоддзя. Агульнае аблічча матэрыяльнай культуры старажытнага Берасця пацвярджае яго заснаванне адным з усходне-славянскіх плямён — дрыгавічамі.

Адносна дакладнасці дат першага ўспаміну думкі гісторыкаў разыходзяцца. Дакладна вядома, што звязана першае ўпамінанне з падзеямі 1015—1019, калі кіеўскі князь Святаполк Уладзіміравіч вёў барацьбу за кіеўскі сталец са сваім братам наўгародскім князем Яраславам Уладзіміравічам. Упершыню ўпамінаецца пад 1019 годам. Такога пункту гледжання прытрымліваецца Пётр Лысенка, абапіраючыся на «Аповесць мінулых гадоў» і складзеныя на яе аснове пазнейшыя зборы, дзе пра паход 1017 года ў Пабужжа нічога не сказана. Другая група даследчыкаў — М. Карамзін, С. Салаўёў, Г. Лаўмянскі, Г. Штыхаў і інш. давяраюць сказанаму ў першым спісе Наўгародскага летапісу: .

Старажытнае Берасце, размешчанае на сутоку рэк, кантралявала водныя шляхі па Мухаўцу з усходу, ад дняпроўскага вялікага воднага шляху «з варагаў у грэкі» да Буга і па Бугу — шлях з поўдня, з Валыні — да Балтыйскага мора. З самага пачатку існавання Берасце адыгрывала ролю палітычнага, эканамічнага, адміністрацыйнага і культурнага цэнтра Пабужжа. Горад быў гандлёвым цэнтрам Старажытнарускай дзяржавы на мяжы з польскімі і літоўскім ўладаннямі. З прычыны прыгранічнага размяшчэння часта быў у цэнтры ваенных падзей. У 1020 годзе Берасцем авалодаў польскі князь Баляслаў Храбры. У 1022, 1031 і 1044 гадах кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч здзейсніў паходы да Берасця, які, як можна меркаваць, быў заняты палякамі.

Наступны ўспамін Бярэсця ў летапісе звязана з барацьбой Ізяслава Яраславіча з яго братамі Святаполкам і Усеваладам за кіеўскі сталец. У Уладзіміра Манамаха гаворыцца, што ў 1070-я гады яго, па даручэнні праціўнікаў Ізяслава, пасылалі пільнаваць Берасце, спалены палякамі. Пётр Лысенка лічыць, што гэта адбылося ў 1073 годзе, пасля таго як кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч быў выгнаны з Кіева і ўцёк да польскага караля Баляслава II Смелага.

У 1097 годзе вялікі князь кіеўскі Святаполк Ізяславіч выгнаў з Берасця валынскага князя Давыда Ігаравіча. У гэтых паведамленнях Берасце названы горадам, што азначае існаванне там абарончых збудаванняў.

Дзяцінец (трохвугольнай у плане формы, умацаваны з боку поля ровам, замляным валам і частаколам), найбольш умацаваная старажытная частка Берасця, размяшчалася на мысе, утвораным правым берагам ракі Буг і левым берагам левага рукава р. Мухавец. Вакольны горад месціўся супраць дзядзінца, на востраве, утвораным 2 рукавамі р. Мухавец у месцы ўпадзення яе ў Заходні Буг. Тут выяўлена неўмацаванае паселішча, якое датуецца матэрыяламі X стагоддзя. На дзяцінцы раскапаны вуліцы з драўляным насцілам, рэшткі больш як 200 жылых і гаспадарчых пабудоў. Знойдзены сведчанні развіцця тут рамёстваў, гандлевых і культурных сувязей з гарадамі старажытнай Русі і суседнімі краінамі.

У 1146 годзе горад у складзе Тураўскага княства. З другой паловы XII стагоддзя Берасце уваходзіла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства. З 1199 года ў складзе Галіцка-Валынскага княства. У XII стагоддзі на месцы дзядзінца пабудаваны драўляны замак (адноўлены ў другой палове XIII стагоддзя). На працягу XII—XIII стагоддзяў летапісы неаднаразова адзначалі спробы Берасця стаць цэнтрам самастойнага княства.

Падчас мангола-татарскага нашэсця паблізу Берасця адбылася жорсткая бітва, але горад, відаць, не быў захоплены. З 1272 года Берасцем валодаў валынскі князь Уладзімір Васількавіч, а з 1289 года — Мсціслаў Данілавіч. У 1276—1288 гадах на тэрыторыі замка валынскім князем Уладзімірам Васількавічам была ўзведзена мураваная вежа-данжон (лёс яе невядомы, малаверагодна што знесена пры пабудове Брэсцкай крэпасці). У XIII стагоддзі сінхронна з вежай у горадзе была змуравана царква Св. Пятра.

Вялікае Княства Літоўскае У канцы XIII — пачатку XIV стагоддзяў за валоданне Берасцем змагаліся польскія каралі і літоўскія князі. У 1319 годзе вялікі князь літоўскі Гедзімін далучыў Берасце да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве Берасце зноў трапіла пад уладу валынскіх князёў. Пасля ўладанне князя Кейстута, у складзе Троцкага княства. У 1349 годзе Берасцем авалодаў польскі кароль Казімір III Вялікі, але паводле дамовы 1366 года горад вернуты ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1379 годзе разрабаваны і спалены рыцарамі Тэўтонскага ордэна. З XIV стагоддзя існавалі гарадскія ўмацаванні. У 1382—1384 гадах уладанне князя Скіргайлы, потым князя Вітаўта. У час барацьбы паміж Ягайлам і Вітаўтам у 1388—1392 гадах Ягайла ў 1390 годзе авалодаў Берасцем і 15 жніўня 1390 года дараваў яму магдэбургскае права (першаму з беларускіх гарадоў). Паводле прывілею вялікага князя Ягайлы Брэсту надавалася 60 ланаў (1500 га) ворнай зямлі, уключаючы вёску Казловічы. Пры вымярэнні горада была ўжыта тая ж сістэма, што ў гарадах Памор’я.

У XIV—XVIII стагоддзях цэнтрам абароны Берасця з’яўляўся замак з каменю і дрэва. Яго ўмацоўвалі роў і вал, на якім стаялі абарончыя сцены — гародні і 5 вежаў; замак уваходзіў у комплекс гарадскіх умацаванняў. Берасцейская вежа-данжон XIII стагоддзя месцілася асобна па-за межамі замка.