Антон Ігнатавіч Залескі (пол. Antoni Zaleski, 9 лютага 1824, Варшава — 4 кастрычніка 1885, Фларэнцыя) — мастак, удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў.Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск, 1998. — Т. 6. — С. 513.Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 399.

Біяграфія З заможных дваран Троцкага павета. Сын Ігната і графіні Канстанцыі з Забэлаў.

Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Падарожнічаў. З 1847 года на радзіме. Пасяліўся ў маёнтку Кашчукішкі ў 1847 годзе. Непадалёк, у маёнтку Зубішкі, жыў яго брат Ігнат.

Яго адкрыў у 1840-я гады Ян Казімір Вільчынскі, які выдаваў у Парыжы «Віленскі альбом, або зборнік гравюр, літаграфій і храмалітаграфій, прысвечаны выключна айчынным прадметам…» (Album de Vilna). Тут з’явіліся гістарычныя сцэны аўтарства Залескага, напрыклад «Заезд ваяводы Антона Храпавіцкага на Віцебскае ваяводства» (серыя I, сшытак 3) ці ілюстрацыі да «Мемуараў» Яна Хрызастома Паска (серыя II, сшыткі 3, 4, 5, 6). Апошнія, выдадзеныя ў 1849 годзе, сустрэлі захопленыя водгукі Міхала Грабоўскага і ЮзафаКрашэўскага. Абодва высока ацанілі талент Залескага і яго манеру маляваньня, якая прамаўляла да тагачасных чытачоў, аднак таксама падкрэслівалі, што гэта рысавальнік зусім невядомы. Крашэўскі ў фельетонным «Лісце з вёскі» 1849 года захапляўся ад імя шляхецкага брацтва сцэнамі з Паска, наракаючы, што Антон Залескі занадта мала вядомы.

Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы Адама Міцкевіча, Тэафіла Ленартовіча, Антонія Мальчэўскага, Ігната Ходзькі і інш. Член Віленскай археалагічнай камісіі.

Канстанцін Тышкевіч, падарожнічаючы ў 1857 годзе па рацэ Віллі, наведаў у той час Антона Залескага, які жыў у маёнту свайго брата Зубішках:Інтэр’ер дома ў Зубішках — сапраўдная майстэрня мастака. Алейныя жанравыя карціны, найчасцей уласнай работы, упрыгожваюць сцены залы. Кардоны, папкі, альбомы, алоўкі і пачатыя, але недаробленыя працы, што так цудоўна напаўняюць яго вольныя хвіліны, ён заўсёды мае пад рукой. Мастак, вядомы ў краі і за яго межамі, аўтар цудоўнай нацыянальнай кампазіцыі і вядомых усім у Віленскім альбоме малюнкаў да «Успамінаў» Паска, няспынна шліфуе свой прыгожы талент, заўсёды малюючы нацыянальныя сцэны. Ён паказваў мне малюнкі ўласнай кампазіцыі, падрыхтаваныя да «Канрада Валенрода», да «Гражыны», да «Майстра Твардоўскага». Ён падрыхтаваў і выслаў у Познань Жупанскаму для гравіравання малюнкі да «Марыі» Мальчэўскага і да паэмы Ленартовіча. Я прапанаваў пану Залескаму зрабіць для карты майго цяперашняга падарожжа па Віліі дзве вінеты: адну, што паказвае народную легенду пра пачатак Віліі, другую — яе зліццё з Нёманам. Пан Залескі прыняў маю прапанову, і неўзабаве нарадзілася Вульянна, што плача над скамянелым каханкам. Другую, гэтак жа прыгожа скампанаваную вінету, ён прыслаў мне пазней.Tyszkiewicz Konstanty. Wilija i jej brzegi pod względem hydrograficznym, historycznym, archeologicznym i etnograficznym. Wydanie illustrowane. Dzieło pośmiertne. Drezno: Drukiem i nakładem J. I. Kraszewskiego, 1871. S. 246—247.Да паўстання валодаў маёнткам Кашчукішкі Троцкага павета. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з Канстанцінам Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26 студзеня 1863 арыштаваны і «за злачынныя намеры ў цяперашнім польскім мецяжы» высланы ў Вяцкую губерню. Яго маёмасць на падставе распараджэння віленскага губернатара падлягала секвестру.Матвейчык Дзмітрый. Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў: біяграфічны слоўнік (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі). Мінск 2016, с. 231.

Пасля хадайніцтваў Гедэона Заштаўта 6 лютага 1865 года секвестр быў зняты. Лёсам Антонія Залескага апекавалася графіня Соф’я Мастоўская з Вільні, якая 12 лютага 1867 года прасіла віленскага генерал-губернатара паспрыяць яго вяртанню. 17 мая 1867 года царскім указам Залескаму дазволілі вярнуцца, месяц правесці ў Вільні, каб уладзіць свае справы, і выехаць у Каралеўства Польскае.

З 1869 года пасяліўся з сям’ёй у Кракаве, дзе працаваў валанцёрам у Ягелонскай бібліятэцы, каталагізуючы гравюры. Залескі падараваў Ягелонскай бібліятэцы рукапіс бацькі — два тамы «Мемуараў» Міхала Залескага, войскага Вялікага Княства Літоўскага, а таксама чатыры тамы дакументаў часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Падчас знаходжання ў Кракаве быў таксама сакратаром Таварыства прыгожых мастацтваў і вандраваў па гарах; выдаў адзін з першых рэпартажаў (які сам жа і ілюстраваў) з вандроўкі па Татрах, друкаваўся на старонках часопіса «Wieniec» (1872). З прычыны здароўя дачкі сям’я ў 1873 годзе пераехала ў Фларэнцыю. Там ён і памёр.

Кніжныя выданні з ілюстрацыямі Антонія Залескага

Lenartowicz Teofil. Zachwycenie i Błogosławiona. Poznań: Księgarnia Jana Konstantego Żupańskiego, 1861. Mickiewicz Adam. Pani Twardowska: ballada. Poznań: Księgarnia Jana Konstantego Żupańskiego, 1863. Mickiewicz Adam. Grażyna: powieść litewska. Poznań: Księgarnia Jana Konstantego Żupańskiego, 1864 Mickiewicz Adam. Konrad Wallenrod. Poznań: J. K. Żupański, 1864. Mickiewicz Adam. Conrad Wallenrod: légende historique d’après les chroniques de Lithuanie et de Prusse. Paris: Libraire du Luxembourg, 1866. Malczewski Antoni. Marja : powieść ukraińska. Poznań: Księgarnia Jana Konstantego Żupańskiego, 1867. Laskarys Jerzy. Pamiątki starego szlachcica. Warszawa: nakł. Maurycego Orgelbranda, 1883.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі Літвы Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Мастакі Польшчы Катэгорыя:Мастакі Беларусі