Захарыюш Мадзялеўскі (; ) — філосаф, езуіт.Polski słownik biograficzny, T. 39, s. 551—552.

Біяграфія Нарадзіўся ў Мазовіі ў шляхецкай сям’і. Спачатку вучыўся, відаць, у Варшаве, потым наведваў езуіцкі калегіум у Браневе. З класа рыторыкі ўступіў у ордэн езуітаў у Вільні 17 жніўня 1668 г., дзе прайшоў навіцыят у Доме св. Ігнацыя. Пасля заканчэння педагагічнай семінарыі выкладаў у класе паэтыкі ў Гродне і Навагрудку (1671-3); у 1673-6 гг. слухаў у Віленскай Акадэміі каментарыі да твораў Арыстоцеля і лекцыі па матэматыцы. Філасофскія студыі скончыў без навуковай ступені і прыняў абавязкі выкладчыка рыторыкі і паэтыкі ў Полацку і Вільні. У 1678-82 гг. вывучаў тэалогію ў Віленскай акадэміі. Там жа атрымаў свяшчэнства (чэрвень 1682), пасля чаго выкладаў рыторыку ў Плоцку, а затым філасофію ў Пултуску і ў Варшаве (1682-5). Восенню 1685 г. атрымаў ступень магістра вызваленых навук і філасофіі ў Віленскай акадэміі, што было звязана з яго прызначэннем прафесарам філасофіі ў гэтай установе.

Пасля гадавога знаходжання ў Варшаве на пасадзе прапаведніка Мадзялеўскі вярнуўся ў Віленскую акадэмію як прафесар этыкі (1689-91). Выдадзеныя пад прозвішчам Міхала Мойгіса яго Theses ethico-politicae de societate humana tam domestica quam civili, nec non de Cletica atque Chrysica… (Вільня, 1690) змяшчаюць сацыяльную этыку паводле тагачаснай класіфікацыі: чалавек, сям’я, дзяржава. Ад віленскага курсу філасофіі Мадзялеўскага захаваліся: логіка, фізіка і палітыка, запісаныя яго слухачамі. З Вільні выправіўся ў Полацак, дзе ўзначаліў філасофскі факультэт (1691-4). Як знаўца права і маральных пытанняў кіраваў перыядычнымі паседжаннямі па гэтай галіне ў полацкім калегіуме, апроч таго быў духоўным апекуном дому і дарадцам рэктара.

З 4 кастрычніка 1694 займаў пасаду рэктара калегіума ў Ломжы, імкнуўся паляпшыць гаспадарку ў маёнтках калегіума. Гэтыя намаганні перакрэсліў пажар Ломжы ў 1696 г., згарэў будынак калегіума і драўляны касцёл. Мадзялеўскі распачаў будаўніцтва мураванага калегіума і паскорыў работы пры новым касцёле, які ўзводзіўся з цэглы з 1685 г. Забяспечыў таксама памяшканне бібліятэкі, якая ацалела падчас пажару. Пасля адмовы ад пасады рэктара (чэрвень 1699) знаходзіўся ў Пінску (да 1701), у Гродне (да 1704), у Оршы (да 1706), а ўрэшце ў Нясвіжы — пераважна на пасадзе дырэктара школы, духоўнага апекуна дому, а заўсёды знаўцы маральных і прававых пытанняў.

Памёр у калегіуме ў Нясвіжы падчас эпідэміі, але не як яе ахвяра, 13 жніўня 1710 г. Слухачы казанняў Мадзялеўскага сабралі пасля яго смерці сродкі на выданне яго казнадзейскай спадчыны ў некалькіх тамах. Рукапісы казанняў аказаліся, аднак, настолькі нячытэльнымі, што ад гэтай задумы адмовіліся, а з часам зніклі і самі рукапісы.

З той жа сям’і, што і Захарыюш, паходзіў Павел Мадзялеўскі (27 VI 1722 — 24 I 1767), магістр філасофіі і прафесар гэтага прадмета ў розных калегіумах (1753-60), а таксама тэалогіі ў Полацку і Варшаве (1760-6).

Працы Быў вядомы перадусім як плодны жыццяпісец. Рэзюміраваў («сумаваў») жыцці слаўных польскіх і замежных езуітаў, напісаныя рознымі аўтарамі. Першы яго біяграфічны твор Węzeł święty abo świątobliwy żywot wielkiego Sługi Bożego Aloizego Lanuza… 1656 szczęśliwie zeszłego… (Вільня 1691) з’яўляецца рэзюмэ кнігі А. дэ Путэа (Поцо) «Aloizii la Nuza e S. I. vita» (Неапаль 1679). Другі твор Мадзялеўскага выйшаў у піярскай друкарні ў Варшаве ў 1695 г. пад назвай Nowy cnot chrześcijańskich przykład… Змяшчае абшырныя жыццяпісы гісторыка і паэта Бернарда Кольнага, знакамітага тэолага Рабэрта Беллярміна, аскетычнага пісьменніка Мікалая Ленчыцкага і інш. Адны з іх менш, другія больш ствараюць уражанне паноптыкума дзіваў, а не гісторыі жывых людзей, залежна ад першаўзора, якім карыстаўся Мадзялеўскага. У трэцяй серыі жыццяпісаў Chwalebne niektórych Sług Bożych dzieła… (Вільня, 1703) змясціў 14 біяграфій, сярод іх досыць цвярозыя і змястоўныя, як Żywot W. X. Piotra Kanizyusza…, распрацаваны на падставе твора М. Радэра «De vita Petri Canisii… libri tres» (Інгальштат 1614) і Ф. Сакіні «De vita et rebus gestis P. Petri Canisii… commentarii» (Інгальштат 1616), а таксама Żywot W. X. Kaspra Drużbickiego, запазычаны з кнігі Д. Паўлоўскага «Vita P. Gasparis Drużbicki, Poloni…» (Кракаў 1670). Асобна выйшлі ў Вільні ў 1704 г. жыццяпісы генерала ордэна Вінцэнта Карафы (пам. 1649) і К. Дружбіцкага пад загалоўкам Wzór chrześcijańskiej pobożności…, прысвечаныя лідскай маршалкавай Тэрэзе Рымвідавай. Далейшыя выданні не маглі адбыцца з прычыны Паўночнай вайны.

У 2024 годзе быў перавыдадзены каментаваны пераклад курса лекцый пра палітыку, які чытаў Мадзялеўскі ў Віленскай езуіцкай акадэміі («Praelectiones Politicale»)https://ruj.uj.edu.pl/server/api/core/bitstreams/29c625a9-b722-47f3-8b79-7451b0e01ad4/content.

Філасофска-палітычныя погляды У тэарэтычных (метафізічных) пытаннях на Мадзялеўскага бачны ўплыў поглядаў Франсіска Суарэса, які быў папулярны сярод езуітаў, у тым ліку ў Рэчы Паспалітай. Гэта выяўляецца, сярод іншага, у яго сцвярджэнні, што першаматэрыя мае сваё ўласнае існаванне і што сутнасць і існаванне істотна не адрозніваюцца. Арыстоцель з’яўляецца вядучым аўтарытэтам, якога часта цытуе Мадзялеўскі, неаднаразова спасылаючыся на яго тэксты, часцей за ўсё «Палітыку», а часам і «Нікамахаўскую этыку».Darowski, Roman. «Zacharias Modzelewski SJ (1648—1710) i jego filozofia». Rocznik Wydziału Filozoficznego Wyższej Szkoły Filozoficzno-pedagogicznej Ignatianum w Krakowie 2010, t. XVI: 221—237.

Найважнейшым пытаннем, якое разглядаецца ў захаваным курсе лекцый па палітыцы, з’яўляецца манархія ў Рэчы Паспалітай, яе канстытуцыйныя асновы і практычныя праблемы, такія як свабодныя выбары манарха. На думку Мадзялеўскага, манархія з’яўляецца найлепшым дзяржаўным ладам. Свой выклад палітыкі Мадзялеўскі пачынае з відаў манархіі, сцвярджаючы, што найлепшай з’яўляецца тая, у якой кароль кіруе разам з арыстакратыяй. Манархія ўзнікла таму, што яна — адзіны лад, укаранёны ў чалавечай прыродзе. Яе змены адбываюцца з той прычыны, што чалавечыя цноты слабнуць і заняпадаюць. Тады можа нарадзіцца найгоршы лад — тыранія, якой Мадзялеўскі прысвячае шмат увагі. Аўтар падкрэслівае, што тыранічным тэндэнцыям павінны супрацьстаяць урадавыя асобы Рэчы Паспалітай. Да каралеўскага трона вядуць два шляхі: выбарнасць і спадчыннасць; Мадзялеўскі падрабязна аналізуе толькі першы. Затым ён разважае пра аўтарытэт і велічнасць (authoritas et maiestas) караля, а таксама пра законы, якія вызначаюць яго ўладу. Манархісцкія погляды Мадзялеўскага, магчыма, звязаны з спробай, прадпрынятай езуітамі, прыстасаваць агульную тэорыю манархіі да канкрэтных умоў Рэчы Паспалітай. Аўтар мог таксама жадаць азнаёміць студэнтаў з падрабязнасцямі палітычнага жыцця ў Рэчы Паспалітай, спалучаючы тэарэтычную перспектыву з практычнай. Мадзялеўскі захоўвае пры гэтым далёка ідучы нейтралітэт, бо разважае над складанымі пытаннямі ў езуіцкім стылі «з абодвух бакоў» (in utramque partem).Zachariusz Modzielewski // Ihar Bortnik, Steffen Huber (eds.). Leksykon wspólnych filozofów. Warszawa, 2025.

Крыніцы

Катэгорыя:Выкладчыкі Пултускага езуіцкага калегіума Катэгорыя:Выпускнікі Віленскай езуіцкай акадэміі Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай езуіцкай акадэміі Катэгорыя:Езуіты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Езуіты Катэгорыя:Нясвіжскі езуіцкі калегіум Катэгорыя:Полацкі езуіцкі калегіум Катэгорыя:Філосафы