Хлапама́нія на Белару́сі, або хлапама́нства на Белару́сі (ад — «селянін», «мужык») — грамадска-культурная і палітычная з’ява сярод мясцовай паланізаванай шляхты і інтэлігенцыі на тэрыторыі Беларусі ў канцы 1850-х — пачатку 1860-х гадоў. З’ява характарызавалася падкрэсленай і часта дэманстратыўнай цікавасцю прадстаўнікоў сацыяльнай эліты да беларускай мовы, культуры і побыту сялянства (хлопаў), а таксама спробамі палітычнага і псіхалагічнага збліжэння з імі напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў. Першапачаткова тэрмін узнік у польскамоўным перыядычным друку як саркастычная назва, адкуль пазней быў запазычаны і расійскімі выданнямі.
Перадумовы ўзнікнення У перыяд палітычнага крызісу на мяжы 1850—1860-х гадоў грамадская цікавасць да беларусаў як да патэнцыйнага сацыяльнага і палітычнага рэсурсу значна абвастрылася. Гэта адзначалася як у паводзінах расійскай адміністрацыі, так і ў дзеяннях апазіцыйнага ёй польскага нацыянальнага руху. Прадстаўнікі апошняга (так званая «польская партыя») пачалі ўсведамляць, што сялянства ёсць магутнай сілай, падтрымка якой неабходная для паспяховага супрацьстаяння расійскім уладам. Хлапаманства ў Беларусі развівалася паралельна з аналагічным і больш вядомым украінскім хлапаманствам, яскравым прадстаўніком якога быў гісторык Уладзімір Антановіч. У шырокім еўрапейскім кантэксце падобныя сацыяльныя з’явы былі тыповымі для працэсу фарміравання нацый сярод народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку ў венграў, чэхаў і славенцаў.
Праявы і ідэалогія Праявы хлапаманства насілі як знешні, так і глыбокі ідэалагічны характар. Мясцовыя дваране пачалі дэманстратыўна адмаўляцца ад арыстакратычнага адзення і з’яўляцца ў вясковым асяроддзі ў сялянскай вопратцы. У афіцыйнай расійскай прэсе, у прыватнасці ў газеце «Минские губернские ведомости» за 1861 год, адзначалася, што сапраўдныя літоўскія вяльможы апраналіся ў вопратку з самага грубага вясковага сукна і называлі сябе мужыкамі. Эліта пачала не толькі вывучаць мову і фальклор, але і актыўна ўжываць беларускую мову на практыцы, складаючы на ёй лісты да сялян і нават літургічныя спевы.
Гісторык і ідэолаг заходнерусізму Міхаіл Каяловіч пакінуў падрабязнае апісанне метадаў і мэт гэтага руху. Паводле яго сведчанняў, арыстакраты сталі часцей з’яўляцца ў коле сялян і ласкава размаўляць з імі на іх роднай беларускай гаворцы, імкнучыся ўнушыць ім думку, што без паноў сялянам не будзе жыцця.
Важным элементам хлапаманства стала ідэалагічная адаптацыя нацыянальнага пытання. Прадстаўнікі «польскай партыі» пачалі публічна заяўляць пра існаванне асобнай беларускай нацыянальнасці. Яны сцвярджалі, што беларусы ніколі не былі і не хочуць быць рускімі, але пры гэтым адмаўлялі і намер іх апалячыць. Міхаіл Каяловіч адзначаў іх рыторыку аб тым, што гісторыя выпрацавала для беларусаў асаблівую нацыянальнасць і вярнула тую веру, якая існавала да падзелу цэркваў (маючы на ўвазе ўніяцтва). Сцвярджалася таксама, што лёс беларусаў непарыўна звязаны з лёсам палякаў у братэрскім саюзе.
Культурная і асветніцкая дзейнасць
Хлапаманства выявілася ў актыўным звароце дваранства да беларускага фальклору і стварэнні адпаведнай літаратуры. Сярод праяў гэтай цікавасці этнолаг Павел Церашковіч адзначае збіранне этнаграфічных матэрыялаў князем Канстанцінам Радзівілам у Навагрудскім павеце. Князь называў мову мясцовых сялян мовай старажытных крывічоў і лічыў яе пераходнай паміж польскай, рускай і ўкраінскай.
Паводле сведчанняў удзельніка беларускага хлапаманства Вайніслава Савіча-Заблоцкага, гэтай з’явай захапіліся каля пяцідзесяці чалавек. Сярод іх пераважалі графы, князі, дзеці генералаў і камергераў, прычым у іх ліку былі як каталікі, так і праваслаўныя. У 1868—1870 гадах у Санкт-Пецярбургу дзейнічала маладзёжная асветніцкая арганізацыя беларускіх хлапаманаў пад назвай «Крывіцкі вязок», якая распрацавала маштабную праграму кнігавыдавецтва на беларускай мове, але пазней была разагнана ўладамі.
У перыядычным друку сталі з’яўляцца артыкулы, адрасаваныя непасрэдна сялянам, аўтары якіх — мясцовыя памешчыкі — падпісваліся псеўданімамі накшталт «селянін такі-та». Знакавай падзеяй стала з’яўленне ў 1862 годзе «Буквара для добрых дзетак-каталікоў», выданне якога даследчыкі часта прыпісваюць Аляксандру Аскерку. Гэты буквар змяшчаў ідэалістычную карціну сацыяльных адносін у беларускай вёсцы з пасылам аб тым, што паны не жадаюць сялянам зла і заклікаюць жыць у згодзе як добрыя суседзі.
Аднак далёка не ўсе спробы збліжэння мелі поспех. Успаміны сучаснікаў, такіх як Вайніслаў Савіч-Заблоцкі і Ежы Кучэўскі-Порай, сведчаць, што сяляне ставіліся да агітацыйнай літаратуры і ўлётак (напрыклад, «Гутарка старога дзеда» або «Мужыцкая праўда») з відавочным недаверам. Праз існаванее паншчыны і глыбокага сацыяльнага разрыву сяляне хутка разумелі, што гэтыя тэксты напісаныя рукамі паноў, якія хаваюцца за народнымі псеўданімамі. Пераадолець гэты псіхалагічны бар’ер і звярнуцца да сялян як да «братоў» змог толькі Кастусь Каліноўскі, чыя дзейнасць ужо выходзіла за вузкія рамкі шляхецкага хлапаманства і набывала рысы сапраўднага нацыянальнага радыкалізму.
Традыцыі хлапаманства мелі працяг і ў пазнейшы час. У прыватнасці, у 1910-я гады праявай хлапаманіі лічылася фінансавая і маральная падтрымка беларускага нацыянальнага руху з боку арыстакраткі і мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл з Завішаў.
Крыніцы
Літаратура
Суспільно-політичний рух на Украіні в 1863—1864 рр.: [Матеріали і док.]. — Київ, 1964.
Катэгорыя:Беларускі нацыянальны рух Катэгорыя:Грамадскія рухі ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1795—1918) Катэгорыя:Культуралогія