Эскадро́н (; ) — асноўнае тактычнае падраздзяленне рэгулярнай кавалерыі шэрагу дзяржаў да сярэдзіны XX стагоддзя. Звычайна складаўся з 2—4 кавалерыйскіх узводаў. Назва захавалася таксама для некаторых танкавых, разведвальных і жандарскіх падраздзяленняў.

Гісторыя У сярэдзіне XVI стагоддзя эскадронам называлі квадратную калону конніцы, пашыхтаваную да бою: яна мела 15—20 шарэнгаў і магла налічваць да 400 вершнікаў. У наступныя стагоддзі разам са зменамі ў кавалерыйскай тактыцы змянялася і значэнне назвы: яна стала абазначаць не толькі спосаб баявога шыхтавання, але і асобную арганізацыйную адзінку конніцы. У французскім слоўніку 1694 года escadron вызначаўся як невялікі корпус кавалерыі, пастроены для бою, а ў выданні 1718 года ўжо ўказвалася, што ён звычайна складаўся з чатырох рот. У XVIII—XIX стагоддзях эскадрон замацаваўся як адна з асноўных тактычных і арганізацыйных адзінак рэгулярнай кавалерыі.

У Расійскай імперыі эскадроны з'явіліся ў пачатку XVIII стагоддзя. У савецкай кавалерыі яны існавалі з 1918 года да яе расфарміравання ў 1950-я гады.

У Вялікім Княстве Літоўскім У войску Вялікім Княстве Літоўскім для падобных падраздзяленняў ужывалася назва швадрон. Яны пачалі з’яўляцца ў XVIII стагоддзі. Раней традыцыйнай тактычнай адзінкай кавалерыі была харугва, а некалькі харугваў аб’ядноўваліся ў палкі. Пасля рэформы 1717 года ў войску ВКЛ былі створаны рэгулярныя драгунскія палкі, арганізацыя якіх набліжалася да агульнаеўрапейскай, у той час як традыцыйная кавалерыя ў значнай ступені захоўвала ранейшую харугвенную структуру.

Паводле штату, зацверджанага пасля Нямога сойма 1717 года, кавалерыя ВКЛ уключала 6 гусарскіх харугваў на 400 коней, 25 пяцігорскіх на 1160, 12 татарскіх на 460 і 8 казацкіх на 240 коней. Асобна існавалі чатыры драгунскія палкі агульнай колькасцю 1500 коней.

Да сярэдзіны XVIII стагоддзя назва «швадрон» ужо стала звычайнай у апісанні рэгулярнай конніцы. У дыярыюшы Міхала Казіміра Радзівіла пры апісанні попісу войска ў 1744 годзе згадваюцца сем драгунскіх швадронаў. Пры апісанні наступнага шыхтавання ён называў таксама швадрон Каралеўскага рэгімента, два швадроны свайго рэгімента, два швадроны лейб-рэгімента і швадрон вялікай булавы ВКЛ.

Падчас вайсковых рэформ 1775—1776 гадоў структура кавалерыі была ўніфікавана. Ранейшыя гусарскія і пяцігорскія харугвы ўвайшлі пераважна ў дзве брыгады Нацыянальнай кавалерыі, а татарскія і казацкія — у палкі пярэдняй варты. Паводле кампуту ад 9 снежня 1776 года, кавалерыя ВКЛ налічвала 2670 коней і складалася з палка коннай гвардыі, дзвюх брыгад Нацыянальнай кавалерыі і пяці палкоў пярэдняй варты. Кожная брыгада Нацыянальнай кавалерыі мела чатыры швадроны, а кожны швадрон — чатыры харугвы; тактычнай адзінкай пры гэтым заставалася харугва.

У войску, якое ў 1812 годзе фарміравала Камісія часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага, кавалерыйскі полк павінен быў складацца з чатырох эскадронаў па дзве роты і налічваць 981 чалавека. Асобна створаны 3-і Літоўскі ўланскі полк Імператарскай гвардыі планаваўся ў складзе пяці эскадронаў па дзве роты; да лістапада былі сфарміраваны чатыры эскадроны.

Сучасны стан

Пасля механізацыі і знікнення коннай кавалерыі як асобнага роду войск гістарычная назва эскадрона захавалася для падраздзяленняў, што паходзяць ад кавалерыйскіх злучэнняў або перанялі іх арганізацыю.

У Брытанскай арміі эскадрон — падраздзяленне кавалерыйскага або бранятанкавага палка, адпаведнае пяхотнай роце; звычайна ім камандуе маёр. У Францыі назва захоўваецца ў бранятанкавай кавалерыі, а таксама ў Нацыянальнай жандармерыі. У мабільнай жандармерыі ў 2026 годзе налічвалася 116 эскадронаў, кожны з якіх у сярэднім меў каля 120 жандараў і падзяляўся на пяць узводаў.

Літаратура

Катэгорыя:Кавалерыя Катэгорыя:Воінскія фарміраванні