Сяргей Чырык () — беларускі фатограф і відэааператар. Сябра Беларускага саюзу кінематаграфістаў.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1959 годзе. На пачатку 1980-х працаваў токарам-расточнікам («каардынатчыкам») на Мінскім аўтамабільным заводзе (МАЗ). Спецыялістам такога класу, якія працавалі з допускам у некалькі мікрон, тады добра плацілі — каля 420 рублёў на месяц, што ўдвая вышэй за тагачасны сярэдні заробак. Калі ў сям’і нарадзілася дачка, а праз год сын, Сяргей купіў кінакамеру, каб здымаць малых.
На пачатку 1980-х пры ДК МАЗа ўтвараўся клуб аматараў даўніны «Менск», удзельнікі распрацоўвалі маршруты па гістарычных мясцінах. Сярод сяброў былі Сяргей Вечар, Зміцер Яцкевіч, Алег Дзярновіч, а Чырык, як адзіны супрацоўнік МАЗа ў клубе, быў кіраўніком. У гэтым статусе яго запрасілі на фестываль кінааматараў, — «Паглядзеў, пасмяяўся, сказаў, што зраблю лепш», — згадваў Чырык. Яго памкненне падтрымаў кіраўнік аматарскай студыі «МАЗфільм» Аляксандр Шчарбінін, неўзабаве сумесны фільм Чырыка і Шчарбініна пра Курапаты — «Агмень» — заняў другое месца на ўсесаюзным фестывалі «Срэбная зорка», які ў Мінску ладзілі прафсаюзы, даваць першую прэмію пачаткоўцу палічылі няправільным.
Сябры клуба «Менск» валанцёрылі на раскопках, якімі кіраваў Зянон Пазняк, на Замчышчы, на месцы ратушы, у Траецкім і Ракаўскім прадмесцях. Побач працавалі сябры «Талакі». Чырык фіксаваў усё на 8-міліметровую стужку. У снежні 1987 году ў Палачанцы здымаў 1-ы Вальны сойм беларускіх суполак, арганізаваны пры падтрымцы ЦК ЛКСМБ, дзе пачалася «палітычная кар’ера» Пазняк, які ў сваім выступе патрабаваў ад чыноўнікаў вызваліць месца для моладзі. У кастрычніку 1988 года, калі пачаў дзейнасць Аргкамітэт БНФ, Чырыку, як ужо дасведчанаму актывісту, даручылі фармаванне Рады БНФ Фрунзенскага раёна Мінска. З 1990 года, калі БНФ купіў прафесійную камеру, Сяргей Чырык і Кастусь Лойка сталі «аператарамі БНФ», Сяргей заставаўся «аператарам БНФ» да самага расколу арганізацыі ў канцы 1990-х гадоў. У жніўні 1991 года прывёў Раду БНФ Фрунзенскага раёна на плошчу перад Домам урада патрабаваць незалежнасці, таксама фіксаваў гэтыя падзеі.
Сяргей Чырык здымаў абсалютна ўсё: ад утварэння БНФ да шэсцяў на першых Дзядах і Чарнобыльскіх шляхах. Фіксаваў страйкі рабочых 1991 года. У 1992 годзе здымаў ролікі для Акадэміі навук. У студзені 1994 года працаваў у групе відэасуправаджэння візіту Біла Клінтана, у тым ліку здымаў адкрыццё «лавы Клінтана» у Курапатах . На фота і стужках Чырыка ўвасоблены Сяржук Вітушка, Уладзімір Ягоўдзік, Мікола Касцюкевіч, Ігар Бабкоў, Ігар Марачкін, Алесь Суша, Віталь Сямашка, Андрусь Абламейка і многія іншыя дзеячы.
Чырык расказваў, як пасля рэферэндуму 1995 года кіраўнік відэастудыі газеты «Беларуская маладзёжная» Алесь Дайнэка выкупіў у Змітра Завадскага кадры знішчэння 16 мая Іванам Ціцянковым дзяржаўнага бела-чырвона-белага сцяга, гэта каштавала 600 долараў, тым часам як месячныя заробкі вымяраліся адным або некалькімі дзясяткамі долараў. Ужо 17 мая 1995 года, каля будынка Адміністрацыі Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса, Сяргей Чырык з Вольгай Акуліч здымалі для «Кроку» акцыю актывістаў у адказ, калі чырвона-зялёны сцяг узнялі над грамадскай прыбіральняй у Цэнтральным скверы, а потым спалілі. Журналістаў затрымалі, Сяргея адпусцілі (нават адвезлі назад), бо ён быў кандыдатам у дэпутаты гарсавета, а Вольга схавала касету і матэрыял захаваўся.
Быў акрэдытаваны ў Вярхоўным Савеце ад газеты «Беларуская маладзёжная». Праца ў парламенце скончылася, пасля збіцця дэпутатаў і фактычна разгону Вярхоўнага Савета, Чырык разам з дэпутатамі Сяргеем Калякіным і Мечыславам Гіруцем апошнімі выйшлі з Авальнай залі і зачынілі за сабой дзверы.
8 верасня 1999 года пасля працы на акцыі «Мы разбілі маскалёў!» да ўгодак бітвы пад Оршай 1514 года ў парку імя Янкі Купалы Чырыка скруцілі тры міліцыянеры і кінулі ва ўазік, дарогай 20 хвілін трымалі за шыю. Разам з ім затрымалі Славаміра Адамовіча і Яўгена Пятрова. Пасля праверкі дакументаў Чырыка вярнулі ў парк, але вынялі з яго камеры касету SuperVHS з кадрамі спалення расійскага сцяга, узамен паклалі звычайную VHS з фільмам Спілберга «Апошні крыжовы паход». Чырык вярнуўся да міліцыянераў і сказаў маёру, які зрабіў падмену, вочы, што ён «звычайны злодзей», той нічога не адказаў, міліцыянеры проста з’ехалі.
У 2006 годзе ў межах праекту «Беларускі Гальфстрым» рэжысёр Сяргей Патаранскі і аператар Сяргей Чырык знялі фільм «У снягах драмае вясна», прысвечаны перыяду да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, уключаючы эмацыйныя фрагменты выступаў кандыдатаў. У 2007 годзе выйшла другая частка — «У снягах драмала вясна» (107 хвілін), прысвечаная непасрэдна Плошчы і студэнтам-каліноўцам, таксама сярод герояз стужкі былі пастар Эрнст Сабіла, Уладзімір Колас, Вячаслаў Сіўчык.
Быў аператарам-пастаноўшчыкам шэрагу дакументальных фільмаў, створаных у «Відэацэнтры». Таксама вылучаў у асобны масіў матэрыялаў кадры канца 1980-х — пачатку 1990-х пад назвай «Хроніка аднаўлення незалежнасці». Аўтар відэа ў памяць актывіста Алега Казлоўскага. Здымаў канцэрты барда Андрэя Мельнікава, з якім сябраваў 25 гадоў.
Лічыў сябе наследнікам Уладзіміра Кармілкіна і перажываў за лёс яго архіва. У архіве самога Чырыка былі сотні касет з «кіламетрамі нацыянальнай памяці», ён асцерагаўся вобыску і магчымай страты гэтых матэрыялаў, які называў сваім «адзіным здабыткам» і ў апошнія гады жыцця паступова алічбоўваў.
Памёр 15 снежня 2023 года.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Фатографы Беларусі