«Ка́рта Лі́твы» () — гістарычная і этнаграфічная карта, створаная ў 1918 годзе літоўскім дыпламатам і грамадскім дзеячам Уладасам Даўмантасам (Дзімідавічусам) па ініцыятыве Літоўскага інфармацыйнага бюро () у Лазане. Выданне з'яўлялася адным з галоўных інструментаў літоўскай картаграфічнай прапаганды падчас Парыжскай мірнай канферэнцыі, скіраваным на абгрунтаванне тэрытарыяльных правоў незалежнай Літвы перад заходнімі саюзнікамі. Навуковыя крыніцы, на якіх грунтавалася карта, невядомыя.
Гісторыя стварэння Стварэнне карты было шчыльна звязана з дзейнасцю Юозаса Габрыса (Паршайціса), літоўскага палітыка, які падчас Першай сусветнай вайны кіраваў Літоўскім інфармацыйным бюро ў Швейцарыі і актыўна папулярызаваў ідэю незалежнасці Літвы на Захадзе. У 1915 годзе Уладас Даўмантас разам з іншымі членамі літоўскага студэнцкага таварыства «Рута» () у швейцарскім Фрыбуры, Юзасам Пурыцкісам і Антанасам Сцепанайцісам, звярнуўся да Габрыса з прапановай дапамагчы ў падрыхтоўцы інфармацыйнай брашуры пра Літву.
Атрымаўшы паўнамоцтвы ад бюро, Даўмантас распрацаваў дызайн герба «Віціс» (), які быў выкарыстаны на літоўскіх паштовых марках (надрукаваных у Парыжы ў 1916 і ў Швейцарыі ў 1917 гадах), на паштоўках, а ў 1918 годзе — на вялікай этнаграфічнай карце Літвы.
Апісанне і змест Карта была выдадзена ў Берне на французскай мове. Гэта была вялікая каляровая складаная карта памерам 66 на 91 сантыметр, выкананая ў маштабе 1:1 500 000. На вокладцы быў змешчаны створаны Даўмантасам герб з «Віціс».
Акрамя асноўнага поля, якое паказвала сучаснае рассяленне народаў, у палатно карты былі ўрэзаны некалькі меншых гістарычных карт (маштабам ад 1:4 500 000 да 1:32 000 000), якія дэманстравалі эвалюцыю літоўскіх межаў на розных гістарычных этапах: «Дагістарычная Літва» (); «Каралеўства Літва ў часы праўлення Міндоўга (1242—1263)»; «Каралеўства Літва ў часы праўлення Гедыміна (1316—1341)»; «Літоўская імперыя пад уладай Альгерда і Кейстута (1345—1377)»; «Літоўская імперыя пад уладай Вітаўта Вялікага (1392—1340)»; «Літоўская дзяржава да падзелаў (1772—1795)»; «Літва і дзяржавы Еўропы».
Картаграфічная прапаганда і візуальныя маніпуляцыі
Як і многія іншыя карты таго перыяду (напрыклад, працы польскага картографа Эўгеніюша Ромера), «Карта Літвы» была не проста навуковым дакументам, а магутным інструментам палітычнай прапаганды. Навуковыя крыніцы, на якіх грунтавалася карта, невядомыя.
Легенда карты вылучалася беспрэцэдэнтнай дэталізацыяй для балцкіх народаў: яна ўтрымлівала ажно сем узроўняў літоўскай этнічнасці, тры ўзроўні для латгалаў, два для латышоў і адну асобную змешаную катэгорыю — «пруска-латышска-літоўская сумесь» ().
Галоўнай стратэгіяй аўтараў стала візуальная маніпуляцыя з колеравымі заліўкамі і гістарычнымі межамі. Найбольш шырокая мяжа на карце, унутры якой выкарыстоўвалася напаўпразрыстая ружовая штрыхоўка, адпавядала межам так званай «дагістарычнай Літвы». Яна ахоплівала велізарную тэрыторыю, якая ўключалася ў сябе Усходнюю Прусію, Ломжынскую і Сувалкаўскую губерню і большую частку Беларусі, аж да Буга на поўдні, уключаючы Брэст, і Бярэзіны на ўсходзе. Мяжа абгрунтоўвалася арэалам рассялення даўніх балцкіх плямён, у тым ліку такіх як прусы, яцвягі і галінды, якія ўжо даўно зніклі або былі асіміляваныя. З-за таго, што дыферэнцыяцыя паміж рознымі фрагментамі і адценнямі ружовага колеру, якім абазначаліся літоўцы, на карце была невялікай, у непадрыхтаванага гледача стваралася ілюзія велізарнага, суцэльнага і маналітнага абшару сучаснага літоўскага народа. Гэты масіўны візуальны вобраз значна перавышаў рэальныя этнаграфічныя межы літоўскамоўнага насельніцтва пачатку XX стагоддзя і быў закліканы эмацыйна ўздзейнічаць на заходніх палітыкаў, супрацьпастаўляючы гэты абшар прэтэнзіям Польшчы і Расіі.
Выкарыстанне і значэнне Карта адыграла прыкметную ролю падчас мірных перагавораў у Версалі. Паводле сведчанняў сучаснікаў, яна вісела ва ўсіх пакоях Версальскага палаца, дзе працавалі мірныя камісіі, і служыла наглядным дапаможнікам для дэлегатаў, якія вырашалі лёс пасляваенных межаў Усходняй Еўропы.
Усяго было надрукавана чатыры выданні гэтай карты: тры ў Швейцарыі і адно ў ЗША. Амерыканскае выданне распаўсюджвалася сярод шматлікай літоўскай дыяспары для збору сродкаў і лабіявання інтарэсаў незалежнай Літвы за акіянам.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Геаграфічныя карты Катэгорыя:Гісторыя Літвы (1918—1940) Катэгорыя:Творы 1918 года Катэгорыя:Картаграфія