Ка́рта літо́ўска-латы́шскага кра́ю () — першая падрабязная геаграфічная карта на літоўскай мове, складзеная інжынерам і грамадскім дзеячам Антанасам Маціяўскасам і выдадзеная ў 1900 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Яе з'яўленне і наступная канфіскацыя расійскімі ўладамі справакавалі гучны судовы працэс, вядомы як «справа аб карце Маціяўскаса», які стаў важнай юрыдычнай перамогай літоўскага нацыянальнага руху і наблізіў адмену забароны на літоўскі друк лацінкай у Расійскай імперыі.
Характарыстыка
Нягледзячы на дзеянне забароны на выкарыстанне лацінскага шрыфта ў літоўскім друку, прадстаўнікам літоўскай інтэлігенцыі ўдалося легальна выдаць карту ў сталіцы імперыі. Аўтарам праекта выступіў інжынер, публіцыст і картограф Антанас Маціяўскас, які ў 1898 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і працаваў у сістэме імперскіх чыгунак. Ён падрыхтаваў карту на літоўскай мове з выкарыстаннем лацінкі. Каб абысці цэнзуру, Маціяўскас спачатку называў яе «картай губерняў Паўночна-Заходняга краю», разлічваючы на больш ліберальнае стаўленне ў Санкт-Пецярбургу, дзе дзейнічалі якасныя картаграфічныя друкарні. У выніку дазвол быў атрыманы, і ў пачатку 1900 года карта была аддрукавана ў картаграфічнай установе А. А. Ільіна накладам у 2000 асобнікаў.
Маштаб выдання складаў 1:840 000, а памер — каля 69 на 68 сантыметраў. На карце была адлюстравана ўся этнічная Літва, частка Латвіі, Заходняй Беларусі і Малой Літвы. Усе геаграфічныя назвы былі напісаны па-літоўску, па-латышску, а часткова па-нямецку. Візуальная стратэгія аўтара мела выразны палітычны падтэкст. Карта дэманстравала ідэю агульнага літоўска-латышскага этнатэрытарыяльнага адзінства, якое разглядалася як адна з геапалітычных альтэрнатыў таго часу. Пры гэтым шчыльнасць нанесеных паселішчаў была нераўнамернай: найбольшая колькасць населеных пунктаў была пазначана ў паўднёва-заходняй частцы, гэта значыць на тэрыторыі Сувалкаўскай губерні, і ў Ковенскай губерні, у той час як на латышскіх і прускіх тэрыторыях сетка паселішчаў была паказана вельмі рэдкай. Такая непрапарцыйнасць візуальна падкрэслівала дамінаванне так званай «сапраўднай Літвы» (літоўскай тэрыторыі ў складзе Расійскай імперыі) над суседнімі землямі.
Яшчэ адной важнай асаблівасцю карты стала адсутнасць выразнага адлюстравання палітычных межаў дзяржаў і адміністрацыйнага падзелу. Аўтар паказаў толькі дзве адміністрацыйныя мяжы: паміж Ковенскай і Курляндскай губернямі, а таксама імперскую мяжу з Прусіяй. Аднак найбольшы акцэнт быў зроблены на сетцы чыгунак, якія ў той час выступалі сімвалам прагрэсу і мадэрнізацыі. Чыгуначныя лініі злучалі розныя перыферыйныя рэгіёны з літоўскім ядром, выконваючы ролю своеасаблівых межаў. Такая візуалізацыя дазваляла пазбегнуць жорсткага акрэслення нацыянальнай прасторы і адначасова стварала пераканаўчы вобраз будучай літоўскай краіны.
Справа аб карце Маціяўскаса Выданне карты стала вялікай падзеяй і было цёпла сустрэта літоўскай інтэлігенцыяй. Аднак праз восем месяцаў пасля яе выхаду, 17 лістапада 1900 года, віленскі генерал-губернатар В. М. Троцкі звярнуўся да вышэйшых улад з просьбай канфіскаваць тыраж. Прычынай стала тое, што карта актыўна рэкламавалася ў нелегальнай літоўскай прэсе і хутка раскуплялася, што, на думку ўлад, парушала забарону на друк лацінкай. Начальнік Галоўнага ўпраўлення па справах друку князь М. У. Шахоўскі загадаў канфіскаваць выданне. Паліцыя паспела канфіскаваць 1186 асобнікаў, у той час як астатнія 814 ужо былі прададзеныя або распаўсюджаныя.
Антанас Маціяўскас вырашыў абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе і падаў грамадзянскі іск супраць начальніка ўпраўлення па справах друку. Дзеля гэтага ён звярнуўся Максіма Ганфмана і Аўгуста Камінкі, якія мелі юрыдычную адукацыю і працавалі ў юрыдычнай газеце «Право». Аўгуст Камінка прадстаўляў інтарэсы картографа ва Урадавым сенаце — вышэйшай судовай інстанцыі Расійскай імперыі. Абаронцы прааналізавалі юрыдычны бок канфіскацыі і даказалі, што забарона на выкарыстанне лацінскага шрыфта ў літоўскім друку ніколі не была афіцыйна аформлена ў выглядзе закона, а грунтавалася толькі на сакрэтных цыркулярах і таму супярэчыла імперскаму заканадаўству. Хаця фармальна іск быў накіраваны супраць князя Шахоўскага, расійскія ўлады ўспрынялі яго як больш фундаментальную праблему, якая ставіла пад сумнеў усю палітыку ў рэгіёне.
У снежні 1902 года імператар Мікалай II зацвердзіў пастанову Сената аб тым, што загады, якія забараняюць лацінскія літары ў літоўскіх выданнях, не маюць юрыдычнай сілы. У красавіку 1903 года міністр унутраных спраў В. К. Плевэ быў вымушаны прызнаць, што сакрэтныя распараджэнні або нават асабістае меркаванне цара без афіцыйнага апублікавання не могуць служыць законнай падставай для адміністрацыйных мер. Такім чынам, у 1903 годзе Антанас Маціяўскас афіцыйна выйграў судовы працэс. Гэтая юрыдычная перамога паказала неэфектыўнасць рэпрэсіўнай палітыкі і стала адным з галоўных фактараў, якія прымусілі імперскія ўлады афіцыйна скасаваць забарону на літоўскі друк лацінкай у маі 1904 года.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Геаграфічныя карты Катэгорыя:Гісторыя Літвы (1795—1914) Катэгорыя:Творы 1900 года Катэгорыя:Картаграфія