Свіцязянскі — рэспубліканскі ландшафтны заказнік, створаны ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці ў 1970 годзе. Мэтай заснавання стала зберажэнне ўнікальнага Свіцязянскага азёрна-ляснога комплексу.
Ахоўная тэрыторыя плошчай больш за 1 тыс. га знаходзіцца ў цэнтры Навагрудскага ўзвышша і ўключае возера Свіцязь з прылеглымі да яго ляснымі масівамі.
Расліннасць падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць яловыя, хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы, менш пашыраны асінавыя, альховыя, грабавыя. Растуць клён, ясень і пароды-экзоты — лістоўніца сібірская, дуб чырвоны, таполя лаўралістая.
У флоры налічваецца каля 500 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх палушнік азёрны, тлушчанка звычайная, лабелія Дортмана, купальнік горны, лілея кучаравістая занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У возеры трапляюцца рэдкія рэліктавыя расліны гідрыла кальчаковая, наяда гнуткая, тэтрадыніум яванскі.
Фаўна налічвае больш за 140 відаў наземных пазваночных. Тут жывуць лось, дзік, воўк, ліс, заяц, сустракаюцца рэдкія для Беларусі барсук, чорны бусел, малы падворлік, даўгахвостая няясыць. Возера насяляюць лінь, карась, шчупак, акунь, сустракаюцца малюск планорбіс стэльмахтыкус і рэліктавыя віды зоапланктону.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. На яго тэрыторыі маюцца турыстычныя стаянкі, аграсядзібы, санаторый. Для наведвальнікаў пракладзены экалагічныя сцежкі, распрацаваны турыстычны маршрут. На беразе Свіцязі знаходзяцца старажытныя курганы і помнік прыроды — 300-гадовы «Дуб-трайнік». У вызначаны тэрмін у заказніку дазволена рыбалка, збор ягад і грыбоў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Беларусь у асобах і падзеях
Катэгорыя:Геаграфія Навагрудскага раёна Катэгорыя:Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1970 годзе Катэгорыя:1970 год у Беларусі