Усходняя Літва (, ) — умоўная рэтраспектыўная назва усходняй часткі гістарычнай Літвы (Lithuania propria, як асноўнай часткі дзяржаўнай тэрыторыі ВКЛ, пачаткова населенай пераважна літоўцамі) ў працах некаторых гісторыкаў і філолагаў, якая падкрэслівае інтэнсіўнасць працэсаў моўнай і культурнай славянізацыі насельніцтва гэтай тэрыторыі. У іншым разуменні — гістарычны рэгіён на сумежжы сучасных Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь, вылучаны постфактум, які ў мінулым складаў частку гістарычнай Літвы, але ў выніку асіміляцыйных працэсаў не захаваў літоўскую мову і гістарычную ідэнтычнасць, і ў большай частцы не ўвайшоў у склад сучаснай дзяржаўнай тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Дакладнае вызначэнне ўсходніх межаў Літвы, у кожную гістарычную эпоху, уяўляе сабой складаную задачу, праз шматзначнасць і пэўную размытасць самога тэрміну «Літва». Гэтыя межы да канца XVIII ст. паступова адсоўваліся на ўсход, затым да паўстання 1863—1864 гадоў заставілася адносна стабільнымі, а пасля разгрому паўстання пачалі адсоўвацца на захад.

Першыя прыкметы самабытнасці рэгіёну можна ўгледзець у Культуры ўсходнелітоўскіх курганоў — археалагічнай культуры, вядомай па пахавальных помніках балцкіх плямён III—XII стст., якія сустракаюцца на сучаснай тэрыторыі ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі ад сярэдняга цячэння Нёмана на захад ад возера Свір на усход, ад вярхоўяў ракі Швянтойі (прыток Віліі) на поўнач да басейна ракі Мяркіс (Мерач) на поўдзень. Ужо ў канцы той эпохі рэгіён робіцца кантактнай балта-славянскай зонай.

Усходняя Літва ў працах Зігмаса Зінкявічуса

Выбітны літоўскі мовазнаўца, прафесар Зігмас Зінкявічус, вызначаў Усходнюю Літву перш за ўсё праз прызму лінгвістыкі і гісторыі рассялення балтаў. З гістарычнага пункту гледжання да Усходняй Літвы ён адносіў тэрыторыі, якія сёння знаходзяцца ў паўночна-заходняй частцы сучаснай Беларусі (рэгіён Верхняга Панямоння) і Віленскі край Літоўскай Рэспублікі.

У сваіх працах (перадусім у кнізе «Усходняя Літва ў мінулым і сучаснасці», 1993)Zigmas Zinkevičius. Rytų Lietuva praeityje ir dabar. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1993. Русский перевод: Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем. Вильнюс: Mokslo ir enciklopediju leidykla, 1996. Зінкявічус даказваў, што гэтая тэрыторыя і асноўная частка яе карэннага насельніцтва мае глыбокае балта-літоўскае паходжанне. Ён вылучаў яе на аснове рудыментаў літоўскай тапанімікі і прысутнасці літоўскай мовы, якая захоўвалася тут да XVII—XVIII стагоддзяў, а ў асобных анклавах і пазней, і разглядаў Усходнюю Літву як рэгіён былой Літвы, які зазнаў найбольш інтэнсіўную славянізацыю. Працэс масавага нізавога пераходу на «простую мову» (блізкую да будучай літаратурнай беларускай мовы), які пачаўся не пазней за XVI стагоддзе, адбываўся пад моцным культурным уплывам сталічнай Вільні, — асабліва Віленскага ўніверсітэта і Віленскай архідыяцэзіі. На верхніх «паверхах» грамадства гэты працэс выглядаў як паланізацыя, але ў вясковых нізах — як выцясненне літоўскай размоўнай мовы «простай». Гэты працэс фактычна завяршыўся з беларускага боку мяжы на пачатку XXI стагоддзя, і нават у нашы дні ўсё яшчэ працягваецца з літоўскага боку мяжыФ. Раўбіч. У памежных вёсках на Віленшчыне беларуская мова працягвае выцясняць літоўскую // Наша Ніва 25.01.2025 . Рудыменты літоўскай лексікі захоўваюцца ў гутаркавай мове на вялікай тэрыторыі Панямоння для абазначэння побытавых і прыродных рэалій (свіран, ройст, віціна, шашок, кудра, кукуць, пумпурына і іншыя літуанізмы)Лаучюте, Юрате Алоизовна. Словарь балтизмов в славянских языках / Ю. А. Лаучюте; АН СССР, Институт языкознания. Ленинград: Наука, Ленинградское отделение, 1982..

Усходняя Літва ў працах Алега Дзярновіча

Беларускі гісторык і археолаг Алег Дзярновіч аперыруе паняццем «Усходняя Літва» у блізкім да Зігмаса Зінкявічуса сэнсе, але робячы большы акцэнт на даўні і важны ўклад продкаў беларусаў (якія ў часы стварэння ВКЛ мелі праваслаўнае веравызнанне) у культуру гэтага рэгіёну. Ён разглядае яго як памежны, дзе адбывалася інтэнсіўнае ўзаемадзеянне балцкай (літоўскай) і славянскай культур і даследуе фарміраванне Вялікага Княства Літоўскага праз прызму этнакультурных і моўных кантактаў — на прыкладзе, перадусім Крэва і Гальшанаў ХI—XIV стагоддзяў, але і ў параўнанні з іншымі найважнейшымі цэнтрамі рэгіёну — Вільняй і Кернавам. Яго даследванні абапіраюцца на археалагічныя дадзеныя (тыпы пахаванняў, рэчавы комплекс) і аналіз крыніц, якія паказваюць на высокую ступень змяшання культур у рэгіёне і дазваляюць разумець ранняе ВКЛ не як выключна заваёўніцкую дзяржаву, а як прастору балта-славянскага культурнага сінтэзуДзярновіч А. І. Крэва як Усходняя Літва: да праблемы балта-славянскіх кантактаў у ХI—XIV стст. // Научные чтения, посвящённые Виктору Владимировичу Мартынову: сб. науч. тр. Вып. 3. — Минск: РИВШ, 2016. — С. 58—63.. Паводле яго высноў, «можна казаць пра біэтнічнасць старажытнай Літвы, якая мела відавочную сацыяльную градацыю. Славяне займалі нішу гандлёва-рамеснага насельніцтва ў ранніх літоўскіх гарадах і забяспечвалі гандлёвыя сувязі рэгіянальных цэнтраў Літвы з цывілізацыйнымі цэнтрамі Усходняй Еўропы. Ва Усходняй Літве (гістарычнай Віленшчыне), паводле Дзярновіча, ў XII—XIV стст. магло прысутнічаць і сельскае славянскае насельніцтва. Такім чынам ствараўся той культурна-эканамічны кантэкст, які, урэшце рэшт, стаў вызначальным для ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага»Олег Дзярнович. Восточная Литва XI−XIII веков: проблема этнокультурных и социокультурных характеристик поселений раннегородского типа // Балто-славянские исследования — XXI: Сб. науч. трудов. Москва, 2021. С. 405—425. А. І. Дзярновіч. Землі беларуска-літоўскага памежжа ў Х-ХІІІ cтст.: ад Крэва да Кернавы // Доклады Национальной академии наук Беларуси. 2020. Т. 64, № 5. С. 632—640..

Фактычна менавіта ўсход ранняй Літвы стаў калыскай літоўскай дзяржаўнасці ў XII—XIV стагоддзях і захоўваў сваю выключна важную ролю ў Літве, праз усе этнічныя, канфесійныя і культурныя змены амаль да сярэдзіны ХX стагоддзя. У XIV—XVIII стагоддзях рэгіён стаў ці не самым шматнацыянальным і шматканфесійным ува ўсёй Рэчы Паспалітай. Апроч літоўцаў і русінаў, тут жылі палякі (пераважна літоўскага паходжання), яўрэі, татары, караімы, стараверы, немцы і іншыя.

У ХІХ стагоддзі

Нягледзячы на ​​змену мовы з літоўскай на славянскія (польскую і беларускую або «простую»), гэтая тэрыторыя ў ХІХ стагоддзі, з пункту гледжання ідэнтычнасці, усё яшчэ ўспрымала сябе як адзінае цэлае з літоўскамоўнай Літвой, з’яўляючыся своеасаблівым «эпіцэнтрам» інтэлектуальнай і творчай актыўнасці тагачаснай польскамоўнай Літвы. Мяжа 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (ці, ў спрошчаным разуменні, па Дзвіне, Бярэзіне і Дняпру) успрымалася як мяжа паміж Літвой і Беларуссю (да якой адносілі Віцебскую і Магілёўскую, а з сярэдзіны ХІХ стагоддзя часта і большую частку Смаленскай губерні). Менавіта з усходу так разумелай Літвы паходзілі, ці былі звязаныя з ёй сваёй культурнай і грамадскай дзейнасцю такія літвіны ХІХ стагоддзя, як Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Ігнацы Ходзька, Ігнацы Дамейка, Тэадор Нарбут, Яўстах Тышкевіч, Юзаф Ігнацы Крашэўскі і многія іншыя. Яны, асабліва ў перыяд паміж паўстаннямі 1830—1831 і 1863—1864 гадоў фактычна вызначалі сэнсавае напаўненне паняцця «Літва»: складалі большасць сярод самых вядомых выкладчыкаў і выпускнікоў Віленскага ўніверсітэту, выдаўцоў і аўтараў уплывовых літаратурна-грамадскіх часопісаў, знакавых для фармулявання літоўскай (у тагачасным разуменні) ідэнтычнасці кніг і твораў мастацтва, актыўна распрацоўвалі (на польскай мове) важныя для літоўскай культуры міфы пра Маргера, Мілду, руту як нацыянальную кветку Літвы, крупнік як яе нацыянальны напой і гэтак далей.

Амаль усе грамадскія і культурныя дзеячы гэтага часу, якія вызначалі сябе як «літвіны», паходзілі з правага берагу Бярэзіны. У той час як на левым беразе, у межах Першага падзелу Рэчы Паспалітай, з 1830-х гадоў усё больш замацоўвалася рэгіянальная беларуская ідэнтычнасць — у тым ліку сярод часткі выхадцаў з каталіцкай шляхты, лаяльнай да ўлады і пануючай культуры імперыі (такіх як Ян Баршчэўскі, Антон Абрамовіч і іншыя). Літоўская («літвінская» ў сучасным разуменні) свядомасць шляхты і часткова мяшчанства і сялянства ХІХ — пачатку ХX стагоддзяў грунтавалася не на валоданні літоўскай мовай (хаця яе сімвалічная каштоўнасць у рэтраспектыве і прызнавалася) і не на нізавой народнай літоўскай культуры, а на адчуванні гістарычнай пераемнасці з творцамі дзяржаўнасці ВКЛ, на літоўскай гістарычнай міфалогіі і рамантычных сантыментах да літоўскіх сімвалічных рэалій (рута, крупнік, халаднік, вуж і гэтак далей).

Ссоўванне мяжы Літвы на паўночны захад

Аднясенне Мінскай губерні да Літвы было няўстойлівым, часам некаторыя даследчыкі і публіцысты лічылі яе часткай Чорнай Русі ці нават Беларусі. Устойліва «літоўскімі» лічыліся толькі Віленская і Гарадзенская губерні (дакладней, яе паўночная палова) і Ковенская губерня, утвораная ў 1843 годзе з паўночна-заходняй часткі Віленскай). Пасля паражэння паўстання 1863—1864 гадоў намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння тэрыторыі Літвы (у суб’ектыўным успрыняцці як імперскіх уладаў, так і апазіцыйнай ім «літоўскай» шляхты) і паступовага ссоўвання яе мяжы на паўночны захад. У значнай ступені гэта было звязана з новай роллю Мінска як цэнтра русіфікатарскай дзейнасці ўраду ў літоўска-беларускіх губернях, які супрацьпастаўляўся нелаяльнай імперыі Вільні. Аднак і ў кожным разе, з эканамічнай эмансіпацыяй сялянаў і пашырэннем пісьменнасці (на базе рускіх школ) ідэнтыфікацыя жыхароў як "літвінаў", а зямлі як часткі Літвы магла захавацца толькі на тэрыторыі з істотнай перавагай старакаталіцкага насельніцтва. У 1880-х гадах старая шляхецкая польскамоўная Літва ў значнай ступені збанкрутавала эканамічна, і згубіла эканамічную і сацыяльную базу, пад час глабальнага аграрнага крызісу. Ён разарыў мноства традыцыйных гаспадарак, якія не перабудаваліся на капіталістычны лад. Да таго ж, з сярэдзіны 1880-х гадоў пачынае актыўна дзейнічаць «младалітоўскі» рух, які рэзка выступіў супраць польскага культурнага ўплыву.

Змена крытэрыяў літоўскасці

Выпрацаваныя старой шляхецкай Літвой міфы і сімвалы, тое што адрознівала Літву ад Белай Русі, ў пэўнай ступені перайшлі ў літоўскамоўны дыскурс (праз дзвюхмоўную дробную і сярэднюю шляхту), але змяніўся галоўны крытэрый вызначэння таго, хто лічыцца літвінам (літоўцам). Цяпер гэта не шляхціч (радзей мяшчанін і зусім рэдка сялянін) католік, які звязаны з Літвой гістарычнай традыцыяй. А любы, хто гаворыць і чытае / піша па літоўску, і гэта дробны шляхціч, адукаваны селянін, разначынец. Па факце ён таксама католік, і таксама спасылаецца на гісторыю Літвы, але істотна пераасэнсаваную, з вельмі крытычнай ацэнкай усіх польска-літоўскіх уній. Гэтая змена крытэрыяў істотна знізіла частату згадак пра (Верхняе) Панямонне як пра [Усходнюю] ЛітвуАлесь Белы. Усходняя Літва — гэта дзе? // www.patreon.com . З пачатку 1890-х гадоў расійскія імперскія ўлады і навука пачынаюць устойліва адносіць славянамоўную частку Літвы (уключаючы Вільню) да «Белоруссии». Этнаграфічная карта Яўхіма Карскага (1903) пазначае амаль усю Віленскую губерню як заселеную «беларусамі», на падставе моўнага крытэрыю. Аднак старая каталіцкая інтэлектуальная эліта працягвае называць Літвой, прынамсі, усю Віленскую губерню і поўнач Гродзенскай. Фатаграфіі графа Бенедыкта Тышкевіча, зробленыя ў 1890-х гадах у Вялым (сучасны Валожынскі раён), падпісаныя «Вялае, Літва». Мастак Фердынанд Рушчыц на сваіх карцінах пачатку ХX стагоддзя пазначае касцёл у Вішневе (таксама Валожынскі раён) «у Літве». Кампазітар Мечыслаў Карловіч у 1906 годзе піша праграмную «Літоўскую рапсодыю» у родным Вішневе (Смаргонскі раён) пераважна на матэрыяле сабраных у наваколлі беларускіх песень (а таксама літоўскіх).

Прадмет міжнацыянальных спрэчак