Вадзім Дзмітрыевіч Іпатаў (нар. 30 кастрычніка 1964, Каламыя, Івана-Франкоўская вобласць) — беларускі юрыст, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VIII склікання. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Фігурант санкцыйных спісаў ЕС, ЗША, шэрагу іншых краін.
Біяграфія Нарадзіўся 30 кастрычніка 1964 года ў Каламыі Івана-Франкоўскай вобласці (Украіна)Біяграфія на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча СПА па спецыяльнасці «Ваенна-палітычная»; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Правазнаўства»; прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Міжнароднае права».
Праходзіў ваенную службу ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь на розных пасадах.
Працаваў саветнікам-кансультантам, галоўным саветнікам, намеснікам і першым намеснікам начальніка галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; дырэктарам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.
З’яўляўся намеснікам Старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.
У 2024 годзе выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VIII склікання ад Старавіленскай акругі № 105. Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў, член Савета Палаты прадстаўнікоў.
Міжнародныя санкцыі Іпатаў неаднаразова трапляў пад санкцыі як член беларускага Цэнтрвыбаркаму.
У 2011 годзе ён быў уключаны ў чорны спіс Еўрасаюза па абвінавачванні ў парушэннях на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Санкцыі супраць Іпатава былі працягнутыя з аналагічных прычын пасля парламенцкіх выбараў 2012 года, але ў 2016 годзе ЕС зняў абмежаванні з яго і большасці фігурантаў санкцыйнага спісу ў выніку «адлігі» ў еўрапейска-беларускіх адносінах.
З-за парушэнняў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Іпатаў у канцы жніўня 2020 года трапіў пад санкцыі балтыйскіх краін, а ў верасні быў другі раз уключаны ў чорны спіс Еўрапейскага саюза; 20 лістапада да адпаведнага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Украіна. Па аналагічных прычынах ён трапіў у санкцыйныя спісы Канады, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, а таксама ў Спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША.
Узнагароды Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» I і II ступені, «За працоўныя заслугі». Мае Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Сям’я Жанаты, мае дзвюх дачок.
Спасылкі
Біяграфія на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя:Члены Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Беларускія асобы ў спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША