Святлана Уладзіміраўна Бязлепкіна, па нараджэнні Рудабелец (нар. 31 жніўня 1957, Малейкі, Брагінскі раён, Гомельская вобласць) — беларуская пісьменніца, журналістка.
Біяграфія Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (1979), працавала ў раённым і абласным друку (газеты «Чачэрскі веснік» і «Гомельская праўда»). Жыве ў Мінску.
Творчасць Вострасюжэтную псіхалагічную прозу Бязлепкінай умоўна можна падзяліць на творы пра сучаснасць і творы пра мінулае, дзе адлюстраваны лёс звычайных людзей на фоне буйных гістарычных падзей.
Аповесці і апавяданні Святланы Бязлепкінай друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», а таксама ў газетах «ЛіМ», «Звязда» і іншых выданнях.
Аўтарка кнігі прозы «Чарнобыльская русалка» (1998):
Удзельніца калектыўных зборнікаў:
«Размова з люстэркам» (Мінск, Аверсэв, 2023) з апавяданнямі «Дыягназ» і «Таямніца гатэля „Раяль“»; «Здрада» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2026) з аповесцямі «Час адплаты, або Паляванне за шчасцем» і «Выйсці замуж за шведа».
Водгукі крытыкі
Гераіні Святланы Бязлепкінай (апавяданні «Па законе фотагеніі» і «Перадкалядная гісторыя») — сучасныя гараджанкі, прафесіяналы ў сваёй справе, самастойныя, не залежныя ні ад кога, здольныя імгненна прымаць рашэнні… Асабліва цікавы першы з твораў: на прыкладзе сямейнай пары акцёраў пісьменніца знаёміць з тонкасцямі сцэнічных пастановак і адкрывае сакрэты кінематаграфічнага мастацтва. Гэта ўнікальны досвед, што зазвычай застаецца па-за кадрам, па той бок кулісаў, а тут чытач нібы сам трапляе ў багемны асяродак — настолькі змястоўна, каларытна, з гумарам і жывой мовай ён апісаны, што верыш кожнаму слову… А праблемы, якія стаяць перад гераіняй твора, актуальныя для любой жанчыны: як знайсці кампраміс паміж сям’ёй і працай, падтрымаць веру ў сябе і сваю «геніяльнасць» мужа і дапамагчы яму з кар’ерай, пры гэтым ахвяруючы ўласным талентам… Зрэшты, як застацца жанчынай, якую хацелася б абараніць і падтрымаць, у свеце, што пастаянна вымагае зусім іншых якасцяў — супрацьлеглых…
Стылістычна бездакорнае апавяданне «Урокі Шантанэ» — багатая мова, дынамічны захапляльны сюжэт (дзеі адбываюцца ў Францыі ў 1-й палове XIX ст.), галоўны герой, настаўнік гісторыі, які адразу заваёўвае сімпатыі.
Прынамсі, аматарам літаратуры імя Святланы Бязлепкінай (Святланы Рудабелец) дагэтуль не было знаёма, хоць яна пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта сем гадоў працавала літаратурным супрацоўнікам абласной газеты «Гомельская праўда», шэсць гадоў загадвала аддзелам раённай газеты «Чачэрскі веснік». Цяпер жыве ў Мінску, займаецца багаты журналісцкі вопыт, добрае веданне жыцця і выклікалі ў С. Бязлепкінай жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры. Так з’явіліся з-пад яе пяра першыя апавяданні, а з цягам часу іх назбіралася і на кнігу, якую пад назвай «Чарнобыльская русалка» (такая і назва аднаго з апавяданняў) выйшла ў майскім нумары "Бібліятэкі часопіса "Маладосць Прадмову напісаў галоўны рэдактар «Маладосці» Генрых Далідовіч, які зазначае: «Адным з моцных бакоў творчасці Святланы Бязлепкінай з’яўляецца тое, што яна любіць і ўмее пісаць пра што ні сучаснасць. Тут, у гэтай кнізе, ёсць так званая постсавецкая эпоха, што выпала нам напрыканцы ХХ стагоддзя. У цэнтры ўвагі празаіка доля старэйшага пакалення, трывогі і пошукі многіх здольных з сярэдняга, узнясенне па-свойму адораных, але хітрых і бездухоўных, няясны лёс нашых дзяцей і ўнукаў, выпрабаванне „заходнім дабрабытамі маскультурай“, а да ўсяго „падарунак“ Чарнобыля ўсё гэта горача пульсуе ў апавяданнях аўтара». Г. Далідовіч дае і ацэнку творчасці С. Бязлепкінай: «Моцны бок прозы Святланы Бязлепкінай і ў тым, што яна ўмее адбіраць жыццёвы матэрыял, зацікаўліваць, умела будаваць сюжэт, кампазіцыю, псіхалагізаваць, — чытаеш і не можаш выцерпець, а што далей, чым гэта ўсё скончыцца, ці завяжацца ў новы вузел?» Можа ўзнікнуць заканамернае пытанне: а ці ўсё ў гэтым зборніку на належным узроўні? Наконт гэтага Г. Далідовіч гаворыць наступнае: «Сябры, хіба ў жанчын бываюць слабасці? Слабасці ў жанчын тыя ж іхнія вартасці!» Жарт жартам, а пазнаёміцца з кнігай варта.У літаратуры новае імя // ЛіМ. № 38. 18.09.1998.
Бібліяграфія Кніга прозы «Чарнобыльская русалка» (1998) Донна Францэска з 9 «В» І прыйдзе дзень Ружы і Радзіма Памятай пра брыяфіліумы Алена Рэмбаўна Чарнобыльская русалка Анёл з пятага паверха Гданьская гісторыя
Аповесці У межах Нагорнай пропаведзі //Маладосць, 2000, № 5. Шазюбль, або проста гульня // Полымя, 2004, № 4. Лінія Дзюранда // Маладосць, 2013, № 11. Урокі Шантанэ // Полымя, 2019, № 8. Півонеманія // Полымя, 2023, № 3. Восень Будапешта // Полымя, 2024, № 7. Час адплаты, або Паляванне за шчасцем // Полымя, 2026, № 4. Выйсці замуж за шведа // зб. Здрада, 2026.
Апавяданні Майстра і Маруся // Маладосць, 1998, № 12 Аднойчы ў Грамічэле" // Маладосць, 2006, № 6. Венгерскі праект // ЛіМ, 2012, 13 красавіка, с. 17. Венгерский проект // Неман, 2016, № 7. Однажды в Граммикеле // Неман, 2016, № 7. Па законе фотагеніі // Полымя, 2018, № 12. Перадкалядная гісторыя // Полымя, 2018, № 12. Дыягназ // Полымя, 2022, № 6. Таямніцы гатэля «Royal» // Полымя, 2022, № 10. Апошні шанс // Маладосць, 2023, № 1. Апокрыф, або Узыходжанне на Парнас // Маладосць, 2023, № 9. Лепшая роля // Алеся, 2024, № 6. Не па сцэнарыю // Маладосць, 2025, № 5. Ніколі не позна // Маладосць. 2025, № 5.
Крыніцы
Літаратура Будовіч Я. Агляд літаратурных часопісаў // Звязда. 18.09.2019. Будовіч Я. Агляд літаратурных часопісаў // Звязда. 16.01.2019. Шматкова І. Сучасная беларуская жаночая навела: высокая проза альбо любоўнае чытво? // Роднае слова. — 2024. — № 3. — С.11-16. Бязлепкіна-Чарнякевіч А. П. Вобразы журналістак у аповесці С. Бязлепкінай «У межах Нагорнай пропаведзі» // Журналістыка – 2024: стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 26-й Міжнар. навук.-практ. канф., прысвеч. 80-годдзю фак. журналістыкі Беларус. дзярж. ун-та, Мінск, 14–15 лістап. 2024 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: а. в. Бяляеў (гал. рэд.) [i iнш.]. – Мінск : БДУ, 2024. – С. 406-409.
Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі