Га́нцавіцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Ганцавічы.

За 246 км на паўночны ўсход ад Брэста, 202 км ад Мінска. Плошча раёна — 1,71 тыс. км². Населеных пунктаў — 40, у тым ліку горад Ганцавічы, 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі. Ганцавічы размешчаны на чыгунцы Баранавічы — Лунінец, звязаны аўтамабільнымі дарогамі з Мінскам, Слуцкам, Брэстам, Лунінцом, Клецкам, Лагішынам, Пінскам, Баранавічамі.

Прырода

Будова паверхні

Паверхня раёна нізінная, належыць да Прыпяцкага Палесся. Агульны нахіл з поўначы на поўдзень. 85 % тэрыторыі раёна з абсалютнымі адзнакамі 150—160 м, 13,8 % ніжэй 150 м. Найвышэйшы пункт 195,8 м (на поўначы раёна, каля в. Шашкі). Найменшая абсалютная адзнака на паўднёва-ўсходняй ускраіне раёна, у даліне ракі Цна — 145 м над узроўнем мора.

Геалагічная будова і карысныя выкапні У тэктанічных адносінах Ганцавіцкі раён прымеркаваны да паўночнага схілу Палескай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагеннага ўзросту магутнасцю 60—90 м (у ледавіковых лагчынах да 140 м), у складзе якіх адклады сожскага (на поўначы), дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў. Пад антрапагенавымі ўтварэннямі неагенавыя і палеагенавыя адклады магутнасцю 10—20 м, мелавыя — 30—50 м (на захадзе ад г. Ганцавічы размытыя), на ўсходзе трапляюцца дэвонскія, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд і рыфей) магутнасцю да 380 м. Агульная магутнасць платформавага чахла 470—750 м. Пад ім на глыбіні 300—600 м ніжэй узроўню мора пароды крышталічнага фундамента. 27 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 58,5 мільёна тон (найбольшыя Пусташ-Дабралуцкае, Падвялікі Мох, Галь, Пятрова Паляна); Круговіцкае радовішча будаўнічага пяску; Крышылавіцкае радовішча глін.

Клімат Паўночная частка Ганцавіцкага раёна адносіцца да Баранавіцка-Ганцавіцкага агракліматычнага раёна, паўднёвая — да Пінскага агракліматычнага раёна. Сярэдняя тэмпература студзеня −5,7, ліпеня 18 °C. Ападкаў выпадае 645 мм у год. Вегетацыйны перыяд 193 суткі.

Гідраграфія

Рэкі большай часткі раёна належаць да Прыпяцкага гідралагічнага раёна. Найбольшыя: Лань з прытокамі Нача, Цна, Бобрык. Пры ўпадзенні ракі Нача ў Лань — вадасховішча Лактышы. Густата натуральнай рачной сеткі 0,45 км/км². Даўжыня ўсёй меліярацыйнай сеткі 8211,1 км, у тым ліку адкрытай 2140,7, у якую ўваходзіць 91,6 км адрэгуляваных водапрыёмнікаў, 1252,5 км магістральных і паводкавых каналаў, 52,5 км — агараджальных, 743,9 км рэгуляцыйных каналаў. На тэрыторыі раёна маецца 12 азёр: Бохнава, Асмол, Чырвонае, Дубаўскае, Горнае, Малое, Шчыльнае, Качайскае, Жабы, Вялікае і Малое Пакамерскія, Лунёва, найбольшае з іх — возера Дубаўскае (17,8 га).

Глебы Глебы адносяцца да Ганцавіцка-Лунінецка-Жыткавіцкага аграглебавага падраёна, паўночная ўскраіна — да Гродзенска-Ваўкавыска-Слонімскага аграглебавага падраёна. Глебы сельгасугоддзяў (у працэнтах): дзярнова-падзолістыя — 5,1, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 36, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя — 21,2, тарфяна-балотныя — 31,1, поймавыя — 5,6; паводле механічнага складу (у працэнтах): сугліністыя — 0,03, супясчаныя — 23,4, пясчаныя — 43,9, тарфяныя — 32,5. Плоскасная эрозія на 4,4 % плошчы ворных зямель, у тым ліку на 0,7 % сярэдняя і моцная.

Раслінны і жывёльны свет

Расліннасць належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі. Лугі невялікімі ўчасткамі, агульная плошча 14,1 тыс. га. Сухадолы займаюць 97,8 %, нізінныя 2,2 % пераважна ў поймах рэк. Пад лясамі, якія адносяцца да падзоны грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў, 50,2 % тэрыторыі раёна. Пашыраны раўнамерна, пераважна суцэльным масівам, які зрэдку разрываецца сельскагаспадарчымі ўгоддзямі. Склад лясоў (у працэнтах): хваёвыя 47,2, яловыя 3,8, дубовыя 1,9, чорнаальховыя 14,8, пушыстабярозавыя 31,2, грабавыя 0,2, ясянёвыя 0,1. 16,1 % лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвых. Сярэдні ўзрост дрэвастою хваёвых парод 49 гадоў, цвёрдалісцевых 48 гадоў. На 32 гектарах размешчаны лесагадавальнікі і лясныя плантацыі. 27 балот (належаць на захадзе раёна да Кобрынска-Пружанска-Ганцавіцкага тарфянога раёна, на ўсходзе да Лунінецка-Любанскага тарфянога раёна) плошчай 56,9 тыс. га, з якіх 42,8 тыс. га нізінныя, 8,1 тыс. га вярховыя, каля 6 тыс. га пераходныя. Найбольшыя балотныя масівы: Саніта, Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна. 3 паляўніча-прамысловых жывёл водзяцца лось, дзік, ліс, заяц-бяляк, заяц-русак, янотападобны сабака, вавёрка, чорны тхор, лясная куніца, воўк, рысь, выдра, андатра, крот.

Прыродакарыстанне і ахова прыроды Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі 40 694 га тэрыторыі раёна (12,8 % ворных зямель, 13,7 % сенажацей і паш). Асушана 35 008 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Сярэдні бал банітэту сельгасугоддзяў — 32, найвышэйшы — 36, найніжэйшы — 20. Спецыялізацыя калгасаў — мяса-малочная жывёлагадоўля; пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. 3 жывёл і птушак, узятых пад ахову і занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, водзяцца мядзянка, бабёр, казуля, чорны бусел.

Насельніцтва 1992 — 37,5 тыс. 2008 — 33,3 тыс.

Насельніцтва раёна — 31,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 17,3 тыс. Працаздольнага насельніцтва 53 %. Насяляюць раён беларусы (29 798), рускія (679), палякі (366), украінцы (199), іншыя нацыянальнасці Перепись населения 2009. Национальный состав Республики Беларусь. Том 3 .

У раёне жыве 733 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 233 вязні фашызму, 9800 пенсіянераў, 625 мнагадзетных сем’яў, 1400 інвалідаў, 113 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 16 ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.

Гісторыя Ганцавіцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Пінскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 12 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Ганцавіцкі, Дзяніскавіцкі, Круговіцкі, Кукаўскі, Лактышскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Навасёлкаўскі, Рожанскі, Хатыніцкі, Чудзінскі. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Круговіцкі, Кукаўскі і Чудзінскі сельсаветы, Ганцавіцкі сельсавет перайменаваны ў Любашаўскі, Лактышскі — у Нацкі, Навасёлкаўскі — у СвяціцкіУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с., які 22 красавіка 1957 года перададзены Ляхавіцкаму раёну. 22 снежня 1959 года Рожанскі сельсавет перайменаваны ў Чудзінскі. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Ганцавічы, Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі сельсаветы перададзены Ляхавіцкаму раёну, Малькавіцкі сельсавет — Лунінецкаму раёну, населеныя пункты Баравая, Вялікі Рожан, Добрая Лука, Новы Рожан і Чырвоныя Хутары Чудзінскага сельсавета перададзены ў склад Любанскага раёна Мінскай вобласціУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 25 декабря 1962 г. Об укрупнении сельских районов БССР . 30 ліпеня 1966 года раён утвораны зноў у тым жа адміністрацыйна-тэрытарыяльным складзе. 6 снежня 1973 года гарадскі пасёлак Ганцавічы набыў статус горада раённага падпарадкаванняУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 6 декабря 1973 г. О преобразовании городского поселка Ганцевичи Ганцевичского района Брестской области в город районного подчинения . 20 кастрычніка 1995 года горад Ганцавічы і Ганцавіцкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку.

Эканоміка У складзе раёна 12 калгасаў, і сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства, 16 фермерскіх гаспадарак, 6 прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, 6 будаўнічых арганізацый, эксперыментальная навукова-даследчая база «Журавінка» Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншыя.

Прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў асноўным у Ганцавічах. Сярод іх сельскі камбінат буйнапанэльнага домабудавання, хлебазавод, лясгас, лесапункт, аб’яднанне «Райаграпрамсэрвіс», рыбгас «Лактышы» і шэраг іншых.

Культура і адукацыя Сетку ўстаноў культуры раёна складаюць:

Ганцавіцкі гарадскі Дом культуры; 10 сельскіх Дамоў культуры; 10 сельскіх клубаў; 6 клубаў-бібліятэк; 1 бібліятэка-клуб; 1 аўта-клуб; 3 Дома сацыяльна-культурных паслуг; Дом народнай творчасці в. Ганцавічы; Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў; Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей; Дзіцячая школа мастацтваў; 21 публічная бібліятэка; Кінавідэацэнтр.

Славутасці На тэрыторыі Ганцавіцкага раёна знаходзіцца 50 помнікаў гісторыі, археалогіі і архітэктуры. З іх 10 археалагічных, 36 гістарычных, 4 помніка архітэктуры.

Помнікі народнага драўлянага дойлідства Спаса-Прэабражэнская царква ў Будчы. Свята-Георгіеўская царква ў Чудзіне (1867). Свята-Георгіеўская царква ў Вялікіх Круговічах (1771, 2-я палова XIX ст.) Сядзіба Свяржынскіх у Агарэвічах (2-я палова XIX ст.) — помнік эклектычнай архітэктуры. Комплекс уключае драўляны дом, каменную стайню і гумно. Вакол парк з садам і сажалкамі. Цяпер там ёсць кавярня, гасцініца, конна-спартыўная школа.

Нематэрыяльная культурная спадчына Традыцыя памінання продкаў у Раздзялавічах у 2016 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Вядомыя асобы Міхась Рудкоўскі, беларускі паэт і перакладчык Іван Кірэйчык Васіль Праскураў, беларускі пісьменнік Віктар Гардзей, беларускі паэт Алесь Каско, беларускі паэт Алесь Кажадуб Уладзімір Марук, беларускі паэт і перакладчык Мікола Купрэеў Мікола Антаноўскі Віктар Каўко Мікалай Крупеніч Іван Лагвіновіч Алесь Сержпутоўскі, беларускі этнограф і фалькларыст Даніла Кулеш, беларускі казачнік Дудар, беларускі казачнік

Старшыня Ганцавіцкага райваканкама Мікалай Міхайлавіч Гвай Аляксандр Уладзіміравіч Свірыд Уладзімір Васілевіч Русакевіч Уладзімір Уладзіміравіч Бялоў

Крыніцы

Спасылкі Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал

Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя:Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1966 годзе