Рымдзю́ны (, , ) — аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Гервяцкага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца за 30 км у напрамку на паўночны ўсход ад горада Астравец, за 250 км ад Гродна, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Солы. Каля аграгарадка працякае рака Ашмянка.

Назва Ёсць літоўскія прозвішчы Rimdžius, RimdeikisLietuvių pavardžių žodynas. L-Ž. Vilnius, 1989. C. 608..

Гісторыя Рымдзюны адносяцца да Гервяцкага краю (), дзе да сёння захоўваецца літоўская мова ў жывым бытаванні.

У 1622 годзе сяло ў Высакадворскай воласці Віленскай эканоміі ВКЛ. У XVIII ст. вёска ўваходзіла ў Баброўніцкае войтаўства Быстрыцкага староства Віленскага павета ВКЛ. Паводле інвентара 1763 года — цэнтр Рымдзюнскага войтаўства, адносілася да Высакадворскага ключа.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. У ХІХ ст. належала да Варнянскай воласці Віленскага павета Віленскай губерні. Уваходзіла ў маёнтак Гервяты. У 1860 годзе належала памешчыку Івашкевічу. У 1870 годзе адносілася да Гервяцкай сельскай грамады.

У Першую сусветную вайну з 1915 да 1918 года мясцовасць займалі германскія войскі.

Пасля польска-савецкай вайны (1919—1921) апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, а затым з 1922 года ў міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Гервяцкай гміне Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства. У 1918—1925 гадах у Рымдзюнах дзейнічала пачатковая школа літоўскага асветніцкага таварыства Віленскага краю «Рытас», у 1933—1936 гадах — літоўская чытальня. Абедзве гэтыя ўстановы былі закрытыя польскімі ўладамі. Паводле Ольгерда Хамінскага, станам на 1927-1933 гг. у гэтай вёсцы доля літоўскамоўнага насельніцтва складала 91-100 %.Olgierd Chomiński, Leszek Bednarczuk. Obszar językowy litewski w Państwie Polskim 1927-1933 // Acta Baltico-Slavica, 2010, 34. С. 244.

З 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

У 1940—1964 гадах цэнтр Рымдзюнскага сельсавета. У 1949 годзе створаны калгас «Світанне».

У 1994 годзе за сродкі Літоўскай Рэспублікі ў Рымдзюнах быў пабудаваны Літоўскі культурны, асветны і інфармацыйны цэнтр. У ім была заснаваная Рымдзюнская літоўская сярэдняя школа, дзейнічаў дзіцячы садок, інтэрнат для навучэнцаў і настаўнікаў (некаторыя настаўнікі ездзілі з Літвы).

У 2022 годзе літоўская школа была закрыта ўладамі Беларусі. Афіцыйнай падставай для гэтага стала тое, што, паводле зменаў у Кодэкс аб адукацыі РБ, з 1 верасня 2022 года ў Беларусі мовамі школьнага навучання з’яўляюцца толькі руская і беларуская. 12 жніўня 2022 года Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла пасольству Беларусі ў Літве афіцыйную ноту з нагоды закрыцця літоўскіх школ у Беларусіhttps://www.lrs.lt/sip/portal.show?p_r=36002&p_k=1&p_t=282373.

Насельніцтва 1970 год — 264 жыхары. 2001 год — 288 жыхароў, 110 двароў. 2004 год — 286 жыхароў, 108 гаспадарак. 2010 год — 262 жыхары, 99 гаспадарак. 2014 год — 262 чал. 2019 год — 276 чал.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Гервяцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Астравецкага раёна