Анатоль Шкуцька (Шкутка;  — ?) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч.

Біяграфія Нарадзіўся ў Новым Свержані Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер — Стаўбцоўскі раён).

Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі (1928). Да 1932 года быў вольным слухачом Віленскага ўніверсітэта, затым пераехаў у Берлін, дзе паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу ў Шарлотэнбургу, атрымаў дыплом інжынера. Разам з Міхасём Маскалікам здымаў жыллё ў Андрэя Бароўскага ў берлінскім раёне Мальсдорф (Bruchsaler Strasse 38). Ажаніўся з немкай Эме-Эдыт Рудыгер, меў дзяцей Мікалая (21 жніўня 1939), Варвару (18 верасня 1940) і Тамару (3 ліпеня 1942). Разам з жонкай Шкуцька дапамагаў Пятру Бакачу апрацоўваць падручнік нямецкай мовы, выпушчаны для беларусаў у 1941 годзеПадручнік нямецкага языка для Беларусаў. Берлін: Бернард і Грэфэ, 1941. С. 6..

Узначальваў Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (размяшчалася па адрасе Agrikolastrasse 17, сам жыў недалёка, на Eyke von Repkow-Platz 3), у 1941 годзе ўвайшоў у Беларускі нацыянальны цэнтр. Восенню 1944 года ўключаны ў склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР).

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны стварыў Беларускі камітэт у Браўншвайгу. У выдавецтве Vieda ў Шопенштэце выпусціў «Беларускую адміністрацыйную карту» (1948) і «Каляндар-нататнік» (1949)Belarusian publishing in the West. A bibliography. New York, 2006. P. 79, 103.. Удзельнік аднаўленчага з’езда БЦР у Эльвангене (1948), прызначаны віцэ-старшынёй Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

17 ліпеня 1949 года разам з сям’ёй праз Неапаль выехаў у Аўстралію, 19 жніўня таго ж года прыбыў у Ньюкасл. Пасяліўся ў Брысбене (штат Квінсленд), дзе спрабаваў наладзіць уласны бізнес. Да канца 1950-х гадоў падтрымліваў сувязі з беларусамі Сіднея. Быў удзельнікам арганізацыйнага сходу мясцовых беларусаў у сакавіку 1950 года і заснавання «Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе», потым намеснік старшыні Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі (БАА). Пасля расколу арганізацыі стаў на бок прыхільнікаў БЦР і некаторы час выступаў як кіраўнік аддзелу БАА ў КвінслендзеГардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары. Мн., 2004. C. 54, 439—440..

10 кастрычніка 1957 года атрымаў аўстралійскае грамадзянстваCommonwealth of Australia Gazette. № 28 (15th May 1958). P. 1557..

З канца 1950-х гадоў звесткі пра яго губляюцца.

Літаратура Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары / Натальля Гардзіенка; Прадмова І.Сурвіллы. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. Гардзіенка Н., Юрэвіч Л. Рада БНР (1947—1970): Падзеі. Дакументы. Асобы. — Мн.: Кнігазбор, 2013.

Катэгорыя:Імігравалі ў Германію з Беларусі Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі Катэгорыя:Беларусы ў Германіі Катэгорыя:Беларусы ў Аўстраліі