Арэса, Ароса, Раса — рака ў Мінскай і Гомельскай абласцях, правы прыток ракі Пціч (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Вадазбор 3620 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 32,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,26 ‰.
Назва На думку Х. Краэ, назва ракі Арэса паходзіць ад індаеўрапейскага кораня *er-/*or- «рухацца, узбуджаць», таксама як і гідронімы *Arisa > Arize (паўднёвая Францыя), Arsia > Arsa (Істрыя) і інш.H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 45-47..
Паводле К. Бугі, адпачатная балцкая форма гідроніма — *Aresa, і той жа корань у назвах прускага возера Aryngine, латышскай ракі Aruonа. Ул. Тапароў, нягледзячы на этымалагічную незразумеласць каранёвай часткі, вылучаў тут балцкі ўтваральнік -esaВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. -- Москва, 1962. -- С. 199.. Латышскі гідронім Aruonа А. Ванагас звязваў з індаеўрапейскім *er- / *or- "рухацца", які ён бачыў і ў назве літоўскай ракі Arina (параўн. ст.-інд. árnah, árnas- «хвалісты; паток», гідронімы Ara ў Іспаніі, Ahr у Германіі, Ahre ў Англіі)A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 47..
На думку А. Рогалева, старажытнае значэнне каранёвай асновы гідронімаў Арэса, Рось, Расана, Ръша (Аршыца), Роша — «вада», «вільгаць» (параўн. раса, арашаць, русла)А. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 224..
Гідраграфія Пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Ляўкі Старадарожскага раёна, цячэ ў Любанскім і Акцябрскім раёнах па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, ніжняе цячэнне ў Прыпяцкім Палессі.
Жыўленне ракі мяшанае, пераважна снегавое. Рэльеф вадазбору ў паўночнай частцы слабаўзгорысты ў спалучэнні з раўнінным, на поўдні — плоскі.
Веснавое разводдзе пачынаецца ў 2-й дэкадзе сакавіка і доўжыцца 40—80 сутак, затапляе вялікія прасторы, у тым ліку асушаных балот. Максімальны расход вады каля в. Андрэеўка (за 12 км ад вусця) адзначаны ў 1931 — 301 м³/с, найменшы — у 1927 каля в. Андрэеўка (2,14 м³/с). Летне-асенняя межань доўжыцца каля 5 месяцаў. Рака замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом — у 2-й дэкадзе сакавіка.
У верхнім цячэнні, за 7 км на поўнач ад г. Любань, створана Любанскае вадасховішча, якое ўваходзіць у Арэскую меліярацыйную сістэму і аказвае істотны ўплыў на гідралагічны рэжым Арэсы, бо затрымлівае веснавыя воды (65 млн м³).
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй за вёску Падарэссе яе шырыня 0,1—1 км.
Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго ад 5—10 м у вярхоўі да 30—35 м у ніжнім цячэнні. У басейне Арэсы возера Вячэра.
Асноўныя прытокі Справа: Асвіца, канава Дабрынка, Таліца, Шыпілавіцкі канал. Злева: Солан, Нешчанка, магістральны канал Чабускі, магістральны Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Парк.
У культуры Рака атрымала шырокую вядомасць пасля апублікавання паэмы Я. Купалы «Над ракой Арэсай».
У міжрэччы рэк Пціч і Арэса знаходзіцца зона адпачынку.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Прытокі Пцічы Катэгорыя:Рэкі Старадарожскага раёна Катэгорыя:Рэкі Любанскага раёна Катэгорыя:Рэкі Акцябрскага раёна