Аргенці́на (), поўная афіцыяльная форма — Аргенці́нская Рэспу́бліка ( ) — другая (пасля Бразіліі) па тэрыторыі і трэцяя (пасля Бразіліі і Калумбіі) па насельніцтву дзяржава Паўднёвай Амерыкі.

На поўначы мяжуе з Парагваем і Балівіяй на паўночным усходзе — з Бразіліяй і Уругваем, на захадзе — з Чылі. З поўдня краіна абмываецца пралівам Дрэйка. Аргенціна лічыць сваёй тэрыторыяй Фалклендскія астравы, а таксама прэтэндуе на частку Антарктыкі.

Дэмакратычная прэзідэнцкая рэспубліка. Першая краіна свету, дзе пост прэзідэнта заняла жанчына. Федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 24 адміністрацыйных адзінак — 23 правінцый і федэральнай сталічнай акругі Буэнас-Айрэс.

Насельніцтва Аргенціны было сфарміравана хвалямі міграцыі з Еўропы на іспанскім падмурку. Індзейскі субстрат тут меў меншае значэнне, чым для большасці краін Лацінскай Амерыкі. Для Аргенціны характэрная даволі слабая заселенасць тэрыторыі. Сталічная агламерацыя — Вялікі Буэнас-Айрэс — адносіцца да ліку найбуйнейшых гарадоў Амерыкі.

Аргенціна адносіцца да ліку найбольш эканамічна развітых дзяржаў Паўднёвай Амерыкі. Новая індустрыяльная краіна, Аргенціна мае сучасны прамысловы сектар з развітымі машынабудаваннем, атамнай энергетыкай, харчовай прамысловасцю. Уваходзіць у G20. Сельская гаспадарка з дамінуючай роляй жывёлагадоўлі мае экспартную накіраванасць. Аргенціна з’яўляецца членам гаспадарчай арганізацыі Меркасур.

Этымалогія Назва паходзіць ад лацінскага argentum (серабро). Згодна гістарычным крыніцам, пра краіну срэбра індзейцы паведамілі пакінутаму на беразе мараку экспедыцыі Хуана Дыяса дэ Саліса, які быў падабраны Себасцьянам Каботам. З таго часу за землямі паўночнай Аргенціны замацавалася назва Ла-Плата (таксама серабро), назва ж «Аргенціна» спярша мела паэтычнае адценне, аднак пасля набыцця краінай незалежнасці стала ўжывацца ўсё часцей, пакуль не стала афіцыйнай.

Геаграфічнае становішча

Аргенціна займае паўднёва-ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, усходнюю частку вострава Вогненная Зямля і бліжэйшыя астравы: Эстадас і інш. Аргенціна з поўначы на поўдзень мае 3700 км, з усходу на захад — 1400 км у найшырэйшым месцы. Агульная працягласць мяжы 14 644 км. З іх узбярэжжа — 4989 км. Даўжыня межаў з суседнімі краінамі: Балівія 832 км Бразілія 1224 км Парагвай 1643 км Уругвай 1290 км Чылі 1560 км

Прырода

Прырода Аргенціны разнастайная з прычыны вялікай працягласці з поўначы на поўдзень і неаднастайнасці рэльефу.

Цэнтральную і паўночна-ўсходнюю частку Аргенціны займае плоская алювіяльная Ла-Плацкая нізіна. На паўночны захад ад яе прасціраюцца раўніны Гран-Чака, таксама алювіяльныя. На паўночным усходзе, паміж рэкамі Парана і Уругвай, ляжыць гэтаксама створанае рэкамі Аргенцінскае Міжрэчча, на поўнач ад якога ўзыходзяць лававыя прыступкі Бразільскага пласкагор’я. На поўдні Ла-Плацкая нізіна мяжуе з пласкагор’ем Патагонія, якое цягнецца на поўдзень да вострава Вогненная Зямля. Уздоўж усёй заходняй мяжы Аргенціны прасціраюцца Анды — найбуйнейшая горная сістэма Заходняга паўшар’я, якая склалася ў асноўным падчас альпійскага гораўтварэння. Яны адрозніваюцца складанасцю і разнастайнасцю геалагічнай будовы. У паўночнай частцы Андаў на вышыні 3000—4000 м ляжыць шырокае замкнёнае вулканічнае плато Пуна. Горы, якія атачаюць Пуну з усходу, уздымаюцца да 6500 м заснежанымі вяршынямі «невадас». Цэнтральная частка Андаў — гэта сугор’е Куё з найвышэйшым пунктам Паўднёвай Амерыкі пікам Аканкагуа, 6962 м над узроўнем мора. Мяжу з Чылі ахоўвае яшчэ адзін каменны гігант — гара Тупунгата. Усходні ланцуг цэнтральных Андаў мае назву Пампінскія Сіеры.

Краіна вылучаецца запасамі ўранавай (уваходзіць у сусветную дзясятку), марганцавай, меднай руды, берылію; ёсць свінцова-цынкавыя, вальфрамавыя і жалезныя руды. Разведаныя запасы нафты мізэрныя, газу — даволі значныя (300 млрд кубаметраў на 2015 год).https://www.bp.com/en/global/corporate/energy-economics/statistical-review-of-world-energy/natural-gas/natural-gas-reserves.html Буйнейшае газавае радовішча — Неукен.

Клімат Аргенціны вельмі разнастайны. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што тут знаходзяцца населеныя пункты, дзе была зафіксавана і самая высокая і самая нізкая тэмпература ў Паўднёвай Амерыцы (дарэчы, не так далёка адзін ад аднаго). Галоўным кліматаўтваральным фактарам з’яўляецца працягласць Аргенціны з поўначы на поўдзень, якая дазваляе паўночным рэгіёнам краіны знаходзіцца ў трапічным поясе, паўднёвым — ва ўмераным. Нягледзячы на адносна нязначную «шырыню», усходнія раёны Аргенціны атрымліваюць нашмат больш ападкаў, чым заходнія, у трапічных і субтрапічных шыротах; ва ўмераным поясе сітуацыя адваротная: перанос паветраных мас змяняецца на заходні, што ператварае Патагонскія Анды ў адзін з найвільгатнейшых куткоў мацерыка, сама ж Патагонія вельмі засушлівая. Халоднае Фалклендскае цячэнне — парастак цячэння Заходніх вятроў — робіць умераны клімат Патагоніі яшчэ больш халодным. У перыяд ранняга лета (кастрычнік — студзень) надвор’е часта псуе вецер пампера, што падчас даходзіць да Гран-Чака і прыносіць з сабою халодныя антарктычныя масы, часта са снегападамі. У паўночным андскім рэгіёне з траўня па лістапад дзьмуць цёплыя вятры сонда тыпу фёну

Самая буйная рачная сістэма ў Аргенціне — сістэма ракі Ла-Плата, якая ўтвараецца з зліцця шматводных рэк Уругвай і Парана. Самай працяглай ракой Аргенціны з’яўляецца рака Парана. На Аргенціну прыходзіцца яе павольнае ніжняе і сярэдняе, парожыстае, цячэнне, дзе рака прымае прытокі: Парагвай, Рыа-Салада — справа; Ігуасу — злева. Сярэдняе цячэнне Параны і ніжняе цячэнне Ігуасу прыходзяцца на лававае плато. На мяжы з Бразіліяй рака Ігуасу сягае з 82метровай вышыні, утвараючы грандыёзныя вадаспады Ігуасу, у 2007 прызнаныя адным з новых цудаў свету. Кароткія стэпавыя рэкі Патагоніі (Чубут, Рыа-Негра, Рыа-Каларада) цякуць з захаду на ўсход пераважна ў вузкіх глыбокіх каньёнах. Ва ўпадзінах Пампінскіх Сіер і ў Пуне раскінуліся шырокія саланчакі (Салінас-Грандэс, Арысара і іншыя). Многія раёны ў Гран-Чака і ў цэнтры Міжрэчча забалочаныя. На захадзе Ла-Плацкай нізіны знаходзіцца найбуйнейшае возера краіны — бяссцёкавае салёнае возера Мар-Чыкіта, плошча якога вагаецца ад 2000 да 6000 кв.км. У заходняй частцы Патагоніі, размяшчаюцца буйныя ледавіковыя азёры Науэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Сан-Марцін і іншыя.

Ла-Плацкай нізіне і Пампінскім Сіерам адпавядае экалагічны рэгіён Пампы, што ўяўляе сабою субтрапічны стэп (Пампа ў перакладзе з кечуа — «пазбаўленае дрэваў месца»). Прыродная расліннасць пампы — разнатраўнае покрыва (пампаская трава, мятлік, кавыль, перлаўка, дзікае проса); жывёльны свет прадстаўлены пампаскай кошкай, пампаскім аленем, нанду, грызунамі віскача, браняносцамі. Пампа падзяляецца на дзве часткі: Нізкую ўсходнюю і Высокую заходнюю. Першая больш вільготная, другая — засушлівая. Раслінны і жывёльны свет Нізкай Пампы, ператворанай у бясконцыя палі кукурузы, пшаніцы і соі, амаль не захаваўся. Высокая Пампа, што выкарыстоўваецца пераважна як паша, захавала прыродную расліннасць. Пласкагор’е Патагоніі ўяўляе сабой паўпустыню з рэдкім раслінным покрывам: травамі, падушкападобнымі формамі. У далінах рэк растуць хмызнякі і нізкія дрэвы. Расліннасць Вогненнай Зямлі мае субантарктычны характар. Жывёльны свет Патагоніі і Вогненнай Зямлі прадстаўлены грызунамі: мара, тука-тука; нанду; на ўзбярэжжы гняздуецца магеланаў пінгвін. Паўночныя рэгіёны Аргенціны маюць трапічную расліннасць. У паўночным Міжрэччы растуць лясы з разнастайным відавым складам. Тут сустракаюцца араўкарыя, сэдрах, лапача — пароды з каштоўнай драўнінай. Для Гран-Чака характэрныя перамена-вільготныя лясы і саванны з дрэвам квебраха, бліжэй да Андаў з’яўляюцца паўпустынныя ландшафты.

Гісторыя

Тэрыторыя Аргенціны была заселена чалавекам у 8-7 тыс. да н.э. Напярэдадні іспанскага заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны. На паўночным захадзе жылі дыягіта (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і срэбра. На паўночным усходзе і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны — капаяны. Пазней сюды прыйшлі гуарані. На тэрыторыі сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; у Патагоніі — плямёны араўканаў.

У 16 стагоддзі тэрыторыю паўночнай Аргенціны стала аб’ектам іспанскай каланізацыі. Новыя землі заваёўнікі назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 годзе канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — сучасны Буэнас-Айрэс. Аселыя на гэтых землях іспанскія каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясцовае насельніцтва, утварыўшы паўднёваамерыканскі тып метысаў. У 1610 годзе за аргенцінскай зямлі асталяваўся ордэн езуітаў. У 1617 годзе на тэрыторыі Аргенціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 годзе большая частка Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. У 1805 і 1806 гадах спробы брытанскага флоту ўзяць Буэнас-Айрэс скончыліся разгромам для «Уладаркі мораў».

Тады ж пачалася рэвалюцыйная барацьба, натхняльнікам якой стала буйная буржуазія. У 1810 былі створаны Аб’яднаныя правінцыі Рыа дэ Ла-Плата. 9 ліпеня 1816 года ў Тукумане была падпісана Дэкларацыя незалежнасці, неўзабаве калонія канчаткова выйшла з-пад іспанскай улады. Рэспубліканская форма кіравання была адстояна ў грамадзянскай вайне 1819 года. У 1833 годзе Вялікабрытанія заняла Мальвінскія астравы. Першым дыктатарам у гісторыі Аргенціны стаў Хуан Мануэль Росас (1831—1852). У 1859 годзе адбылася невялікая грамадзянская вайна за форму Канстытуцыі паміж горадам Буэнас-Айрэс і войскамі астатняй Аргенціны, у выніку якой свавольны горад пацярпеў паражэнне. Перамога над абарыгенамі ў Вайне Пустыні (1879—1880) пад кіраўніцтвам генерала Хуліа Рока адкрыла шлях на поўдзень. У пачатку XX стагоддзя Аргенціна ператварылася ў адну з самых багатых краін свету, што прывабіла ў краіну мільёны еўрапейцаў.

У 1930 пад уплывам крызісу Вялікай дэпрэсіі адбыўся пераварот пад кіраўніцтвам генерала Урыбуру, пасля якога Аргенціна стала на платформу карпаратывізму і фашызму. У 1946 годзе прэзідэнтам Аргенціны быў абраны палкоўнік Хуан Перон. Перон і яго жонка Ева карысталіся падтрымкай народных мас. Прэзідэнцкая пара праводзіла палітыку на аргенцінскую індустрыялізацыю і секулярызацыю, што адмоўна адбілася на адносінах з каталіцкай царквой. У 1955 годзе Пероны былі зрынуты. Пасля шэрагу ваенных пераваротаў у 1973 годзе Перон вярнуўся да ўлады, але праз год памёр, пакінуўшы за прэзідэнта сваю другую жонку Ізабэль, якая стала першай у свеце жанчынай-прэзідэнтам). У пачатку 1980-х ва ўмовах эканамічнага крызісу для адцягнення ўвагі народу ваенны ўрад Аргенціны захапіў Мальвінскія астравы і вельмі здзівіўся, калі Брытанія вырашыла іх адстаяць. Пасля ганебнай паражэння генерал Галцьеры пайшоў у адстаўку. З 1983 аргенцінскі народ абірае прэзідэнтаў на дэмакратычных выбарах.

Дзяржаўны лад і палітыка

Аргенціна — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 года (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны кангрэс Аргенціны, які складаецца з сената (72 чалавекі) і палаты дэпутатаў (254 чалавекі). Выбары ў парламент праводзяцца кожныя 2 гады — абнаўляецца траціна сенатараў і палова дэпутатаў. Паводле заканадаўства мінімум адна трэцяя частка абраных ад палітычных партый дэпутатаў мусяць быць жанчыны.https://web.archive.org/web/20040509144959/http://www.senado.gov.ar/web/interes/constitucion/english.php

Аргенцінская федэрацыя складаецца з 23 правінцый і аўтаномнай сталічнай акругі.

Насельніцтва