Аляксандр Па́ўлаў (нар. , ) — беларускі футбаліст (паўабаронца) і трэнер. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2008—2013). У цяперашні час працуе галоўным трэнерам клуба «Віцебск».
Клубная кар’ера Доўгі час выступаў за магілёўскі «Дняпро», у якім дарос да нацыянальнай зборнай.
У 2009 годзе перайшоў у барысаўскі БАТЭ, у якім неўзабаве стаў адным з асноўных ігракоў. У складзе БАТЭ паспяхова выступаў на розных пазіцыях у паўабароне: на фланзе, у цэнтры поля і ў апорнай зоне. Доўгі час не мог поўнасцю праявіць сябе з-за невялікіх траўм, прапускаючы значныя часткі сезона.
У сезоне 2013 года, нарэшце, усталяваў высокі бамбардзірскі паказчык, забіўшы ў чэмпіянаце ажно 10 галоў (пры гэтым зусім нячаста з’яўляўся ў стартавым складзе, звычайна выхадзіў на замену), дзякуючы чаму быў прызнаны найлепшым паўабаронцам чэмпіянату, а паводле сайта УЕФА — увогуле найлепшым іграком.
Сезон 2014 атрымаўся для Аляксандра горшым: пачынаў у стартавым складзе, але пасля стаў часцей выхадзіць на замену, а ў канцы сезона часам заставаўся на лаўцы запасных. Усяго за сезон забіў 1 гол.
У лютым 2015 года перайшоў у казахстанскі клуб «Акжэтпес», які па выніках сезона 2014 вярнуўся ў Прэм’ер-лігу. Быў трывалым іграком асновы, але ў снежні 2015 года стала вядома, што «Акжэтпес» не будзе падаўжаць супрацоўніцтва з паўабаронцам.
У студзені 2016 года цікавасць да Паўлава сталі праяўляць бабруйская «Белшына» і салігорскі «Шахцёр». У выніку, у лютым паўабаронца падпісаў кантракт з гарнякамі. Па заканчэнні сезона 2016 пакінуў Салігорск.
Са студзеня 2017 года трэніраваўся з «Дняпром» і ў лютым падпісаў кантракт з клубам. Стаў капітанам каманды, замацаваўся ў асноўным складзе магіляўчан на пазіцыі апорнага паўабаронцы. У студзені 2018 года падоўжыў пагадненне з клубам. У сезоне 2018 заставаўся капітанам і іграком асновы, але не здолеў выратаваць каманду ад вылету ў Першую лігу.
Міжнародная кар’ера Гуляў за моладзевыя зборныя розных узростаў. У 2008 годзе выклікаўся на матчы нацыянальнай зборнай, але пасля пераходу ў БАТЭ доўгі час не трапляў у галоўную каманду. З 2012 года зноў стаў выступаць за зборную.
Трэнерская кар’ера У студзені 2019 года завяршыў прафесійную кар’еру і неўзабаве перайшоў на трэнерскую працу ў сталічны «Энергетык-БДУ». З пачатку 2020 года ўзначаліў дубль клуба, а з лета 2021 года сканцэнтраваўся на працы ў асноўнай камандзе.
У лістападзе 2022 года быў прызначаны галоўным трэнерам «Віцебска», які выбыў у Першую лігу. Пасля няўдалага пачатку сезона 2023 каманда стала рэгулярна набіраць ачкі і па выніках пераходных матчаў вярнулася ў Вышэйшую лігу.
У лістападзе 2023 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі A.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі (6): 2009, 2010, 2011, 2012, 2013, 2014 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі: 2016 Уладальнік Кубка Беларусі: 2010 Уладальнік Суперкубка Беларусі (4): 2010, 2011, 2013, 2014 Найлепшы паўабаронца чэмпіянату Беларусі: 2013 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (5): 2005, 2008, 2009, 2012, 2013
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Дняпро Магілёў Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Акжэтпес Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Беларусі Катэгорыя:Трэнеры ФК Віцебск