Барысагле́бскі манасты́р — грэка-каталіцкі манастыр у горадзе Полацку Віцебскай вобласці. Належаў да манахаў Студыйскага ўставу і з’яўляўся падворкам Свята-Успенскай Уніўскай лаўры ва Украіне.

Гісторыя Манастыр быў заснаваны ў сакавіку 1994 года. Колькасць насельнікаў (манахаў) у ім заўсёды вагалася ад двух да пяці чалавек. У 1995 годзе намаганнямі манахаў быў пабудаваны невялікі драўляны храм, асвечаны ў гонар прападобнай Параскевы Полацкай (знаходзіцца па вуліцы Навасёлаў, 70). Гэты храм адначасова служыў і для патрэб мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Святамучаніка Язафата.

У ліпені 2008 года было прынята рашэнне часова прыпыніць дзейнасць манастыра. Гэта было звязана з тым, што манахі-ўкраінцы не мелі права знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі больш за тры месяцы, а адзін з беларускіх братоў, паслушнік Валерый Грачуха, памёр у красавіку 2008 года. У выніку тагачасны ігумен іераманах Лявонцій быў адкліканы са сваёй пасады.

Па стане на 2007 год у манастыры знаходзіліся тры насельнікі: ігумен іераманах Лявонцій Тумоўскі (беларус, нарадзіўся ў 1973 годзе, уступіў у манастыр у 1995 годзе, прыняў малую схіму ў 2000 годзе і быў пасвечаны ў святары ў 2003 годзе), інак Багдан Стацура (украінец, нарадзіўся ў 1954 годзе, уступіў у манастыр у 2004 годзе) і паслушнік Валерый Грачуха (беларус, нарадзіўся ў 1968 годзе, уступіў у манастыр у 1999 годзе, памёр у красавіку 2008 года).

Ігумены Спіс ігуменаў манастыра: 3 сакавіка 1994 — 27 снежня 1996 — іераманах Венедыкт Алексійчук (украінец). 27 снежня 1996 — лістапад 1997 — іераманах Пахом Кавалёў (беларус). лістапад 1997—1999 — манах Герман Эрманіс (латыш). 1999—2001 — іераманах Пахом Кавалёў. 2001—2003 — іераманах Кліменцій Мыкычак (украінец). 24 чэрвеня 2003 — ліпень 2008 — іераманах Лявонцій Тумоўскі (беларус).

Крыніцы

Катэгорыя:Манастыры Беларускай грэка-каталіцкай царквы Катэгорыя:З’явіліся ў 1994 годзе Катэгорыя:Манастыры Полацка