Цэнтральнаанды́йскае наго́р’е (, ) — найбольш шырокая, да 750 км, частка Андаў паміж 15° і 28° паўднёвай шыраты, на тэрыторыі Перу, Балівіі, Аргенціны і Чылі.
Рэльеф і геалагічная будова Цэнтральную частку нагор’я займае — унутранае высакагорнае пласкагор’е вышынёй 3700—4100 м з асобнымі хрыбтамі да 6000 м — і паніжаная раўніна Альтыплана. На ўсходзе Пуна акаймавана Кардыльерай-Рэаль вышынёй да 6550 м, на захадзе — Заходняй Кардыльерай Андаў, дзе знаходзіцца Охас-дэль-Салада (6885 м) і ўздымаюцца сотні патухлых і дзеючых вулканаў.
Нагор’е складзена з палеазойскіх блокаў, перакрытых кайназойскімі вулканічнымі, алювіяльнымі і калювіяльнымі адкладамі. Ёсць радовішчы руд волава, вальфраму, сурмы, медзі, жалеза, вісмуту, серабра і іншых карысных выкапняў.
Клімат Клімат трапічны высакагорны. На ўсходніх наветраных схілах ён вільготны, з 1000—3000 мм ападкаў за год; у Пуне і на захадзе — рэзка кантынентальны, засушлівы і сухі, месцамі выпадае менш за 200 мм ападкаў за год. Сярэднія месячныя тэмпературы складаюць 4—10 °C. Характэрны моцныя вятры.
Пуна з’яўляецца вобласцю унутранага сцёку, пераважна ў азёры Тытыкака і Паапо. Рэкі невялікія, на захадзе пашыраны часовыя вадацёкі. Шмат буйных саланчакоў — салараў.
Расліннасць і жывёльны свет На ўсходніх схілах растуць горна-трапічныя ўмерана вільготныя лясы. На поўначы і паўночным усходзе пашыраны высакагорныя стэпы з кавылём, аўсяніцай, вейнікам і кактусамі. Развіта пашавая жывёлагадоўля, да вышыні 4000 м вырошчваюць збожжавыя культуры і бульбу. На захадзе і поўдні знаходзяцца пустыні (тола) і паўпустыні.
У паўднёвай частцы Пуны водзяцца дзікія віды лам — гуанака і вігонь (вікунья), мядзведзь-акулярнік, азарава лісіца, шмат вадаплаўных птушак і грызуноў, у тым ліку шыншыла.
Літаратура
Лукашова Е. Н. Южная Америка. — М., 1958. Галай И. П., Жучкевич В. А., Рылюк Г. Я. Физическая география материков и океанов. — Мн., 1988.
Катэгорыя:Анды Катэгорыя:Нагор’і Катэгорыя:Горы Перу Катэгорыя:Горы Балівіі Катэгорыя:Горы Аргенціны Катэгорыя:Горы Чылі