Браніслаў Руткоўскі (польск. Bronisław Rutkowski, 27 лютага 1898, Камаі, Свянцянскі павет - 1 чэрвеня 1964, Лейпцыг) — польскі арганіст, педагог, музычны крытык, дырыжор і кампазітар.Rutkowski Bronisław. Polski słownik biograficzny T. 33. S. 217-220.Драўніцкі Янка. Камаі — радзіма Браніслава Руткоўскага // Куфэрак Віленшчыны. 2004. № 1 (9). C. 133-148.Шумская Ірына. Браніслаў Руткоўскі. Нястомны шукальнік гармоніі // Музыка ў кантэксце беларуска-польскага міжкультурнага ўзаемадзеяння. – Мінск, 2011. – С. 135-147.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям'і незаможных сялян.

Васьмігадовым хлопчыкам пачаў вучыцца ў арганіста касцёла Яна Хрысціцеля ў Камаях, працягваў вучобы ў касцёльнага арганіста ў Кабыльніку. У 1910-14 гадах вучыўся ў Дзісенскай прагімназіі. Пасля сканчэння вучобы ў Дзісне, Руткоўскі разам са сваім апякуном-ксяндзом выправіўся да Пецярбурга, каб працягнуць навучанне ў польскай гіманазіі Св. Кацярыны. Адначасова ён заняў пасаду арганіста ў касцёле Св. Казіміра.

У 1915-18 вывучаў арган у Санкт-Пецярбургскай імператарскай кансерваторыі Расійскага музычнага таварыства ў прафесара Жака Гандшына, асоба якога зрабіла вялікі ўплыў на фармаванне музычных і педагагічных поглядаў Руткоўскага.

Служыў у Першым польскім корпусе генерала Доўбар-Мусніцкага.

Вучыўся на паланістыцы Віленскага ўніверсітэта ў 1919–1921 гадах. У 1920 годзе прыняў удзел у польска-савецкай вайне. Быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari V ступені.

У 1921-24 гадаў вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1921–1924) у Мечыслава Сужынскага (арган) і Генрыка Мельцэра (дырыжыраванне). Падчас вучобы заняў пазіцыю музычнага кіраўніка тэатра "Рэдута".

Пасля завяршэння кансерваторыі атрымаў стыпендыю на навучання ў Парыжы, дзе правёў наступныя два гады.

Сваю педагагічную дзейнасць пачаў у Варшаўскай кансерваторыі, дзе выкладаў клас арганаў, адначасова служыў арганістам у касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве.

Актыўна супрацоўнічаў з Польскім радыё. Валодаючы шырокай эрудыцыяй і аратарскімі здольнасцямі, пачуццём гумару і артыстызмам, рыхтаваў шматлікія музычныя праграмы. Займаўся музычнай апрацоўкай народных, у тым ліку і беларускіх, спеваў і твораў для аргана.

Быў ініцыятарам стварэння Таварыства старажытнай музыкі і з’яўляўся яго старшынёй. Займаўся арганізацыяй канцэртаў, выдавецкай дзейнасцю і папулярызацыяй музыкі сярод моладзі. Рэдагаваў выданні «Квартальнік музычны», «Польская музыка», «Музычная газетка».

Падчас Другой сусветнай вайны быў вязнем турмы Павяк (1940). Пасля вызвалення выкладаў у Варшаве ў Сярэдняй музычнай школе (фактычна гэта была тайная кансерваторыя), а таксама на падпольных настаўніцкіх курсах. Кіраваў музычнай секцыяй пры Аддзеле культуры Галоўнай камендатуры Арміі Краёвай. Удзельнік Варшаўскага паўстання. Пасля яго разгрому трапіў у канцэнтрацыйны лагер, адкуль быў вызвалены войскамі саюзнікаў, і адразу выехаў у Італію. Пасля вайны, вярнуўшыся з Італіі, застаўся ў Кракаве, дзе жыў і працаваў да канца жыцця.

Пасля вайны прафесар (рэктар 1955–1964) Дзяржаўнай вышэйшай школы музыкі ў Кракаве (цяпер Акадэмія музыкі).

Лічыцца стваральнікам пасляваеннай Кракаўскай арганнай школы, якая стала фундаментам не толькі польскай арганістыкі, але і распаўсюдзілася на іншыя краіны Усходняй Еўропы. У 1957 г. заснаваў кафедру арганаў і клавесіна ў Кракаве, якая каардынавала працу ўсіх арганных класаў іншых ВНУ Польшчы. Таксама выкладаў у Ягелонскім універсітэце, быў мастацкім кіраўніком Кракаўскай філармоніі, членам Праграмнай калегіі Музычнага выдавецтва, членам савета Кракаўскага опернага таварыства, працаваў журналістам і галоўным рэдактарам часопіса «Рух музычны». З'яўляўся адным з заснавальнікаў Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі, які штогод адбываецца ў Аліўскім кафедральным саборы ў Гданьску. Паспяхова гастраляваў з канцэртамі па Еўропе, Савецкім Саюзе.

Быў узнагароджаны Рыцарскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (1954) і Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (1959). У 1960 годзе атрымаў узнагароду горада Кракава.

Памёр 1 чэрвеня 1964 года ў Лейпцыгу на магіле Іагана Себасцьяна Баха ў царкве Святога Фамы, выконваючы абавязкі члена журы Міжнароднага конкурсу Баха.

Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве, у Алеі Заслужаных (секцыя LXVII-захад-2-6) .

Яго стрыечная сястра Яніна Сівіцкая (з Руткоўскіх), якая ўсё жыццё пражыла ў Камаях, згадвала: Ён умеў рабіць усе сялянскія работы: касіў, жаў, араў, сенаваў, ездзіў на начлег. Амаль кожнае лета прыязджаў у Камаі, наведваў школу, граў у касцёле... Бронак таксама з местачкоўцамі гаварыў па-беларуску, хаця добра валодаў польскай і рускай мовамі.

Запісы беларускіх народных песняў з Камаяў, што зрабіў Браніслаў Руткоўскі, былі апублікаваны Браніславай Гаўроньскай у зборніку "Народныя песні Віленскай і Наваградскай зямлі" (Вільня, 1935)Gawrońska Bronisława. Pieśni ludowe ziemi wileńskiej i nowogródzkiej. Wilno: Drukarnia Nakładowa "Lux"; Wydawnictwo Wileńskiego Związku Teatrów i Chórów Ludowych, 1935..

Прыватнае жыццё Сын Юзафа і Марыі з Руткоўскіх. 26 ліпеня 1924 ажаніўся з піяністкай Зоф'яй Васькоўскай. Іх адзіная дачка, Эва, загінула падчас бамбардзіроўкі Любліна ў 1939 годзе .

Памяць Праз год яго імя было прысвоена прадстаўнічай канцэртнай зале «Фларыянка», а 2 красавіка 1974 года — музычнай школе на вуліцы Юзэфінскай у Кракаве.

На яго радзіме, у Камаях у прылеглым да касцёла скверы, які названы ў гонар славутага земляка, устаноўлены памятны знак. У памяць Б. Руткоўскага ў касцёлах Пастаўскага раёна кожны год праходзіць фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны».

Спасылкі

Крыніцы

Катэгорыя:Памерлі ў 1964 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1898 годзе Катэгорыя:Выкладчыкі Ягелонскага ўніверсітэта Катэгорыя:Удзельнікі Варшаўскага паўстання Катэгорыя:Кампазітары Польшчы Катэгорыя:Дырыжоры Польшчы Катэгорыя:Пахаваныя на Ракавіцкіх могілках Катэгорыя:Арганісты Катэгорыя:Нарадзіліся ў Камаях