Enhanced Games (англ. «Палепшаныя гульні», у СМІ таксама вядомыя як «Алімпіяда на стэроідах») — запланаваныя міжнародныя мультыспартыўныя спаборніцтвы, галоўнай адметнасцю якіх з'яўляецца поўная адсутнасць допінг-кантролю. Праект дазваляе спартсэнам выкарыстоўваць фармакалагічныя прэпараты для павышэння вынікаў, ігнаруючы правілы Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA).
Першыя спаборніцтвы павінны прайсці 21—24 мая 2026 года ў Лас-Вегасе (штат Невада, ЗША).
Гісторыя і фінансаванне Кампанія была заснавана ў 2023 годзе аўстралійскім бізнесменам Аронам Д’Соўзам (Aron D'Souza). Ідэю адкрыта ўжываць допінг дзеля ўсталявання новых рэкордаў падтрымаў і першым прафінансаваў амерыканскі мільярдэр, сузаснавальнік PayPal Пітэр Ціль. Пазней, на этапе падрыхтоўкі першых спаборніцтваў у 2024–2025 гадах, да пула інвестараў далучыліся нямецкі біявізіянер Крысціян Ангермаер, крыптаінвестар Баладжы Шрынівасан і інвестыцыйны фонд Дональда Трампа-малодшага. У 2025 годзе генеральным дырэктарам кампаніі стаў Максіміліян Марцін. Арганізацыя Enhanced Games таксама анансавала выхад на біржу Nasdaq (праз зліццё са SPAC-кампаніяй) з папярэдняй ацэнкай у 1,2 мільярда долараў.
Канцэпцыя Заснавальнікі праекта адкрыта абвінавачваюць Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у карупцыі і эксплуатацыі спартсменаў, а антыдопінгавую палітыку лічаць антынавуковай і парушаючай правы чалавека на аўтаномію ўласнага цела.
Асноўныя палажэнні і правілы:
Прыём допінгу (стэроідаў, гармонаў і інш.) не з'яўляецца абавязковым патрабаваннем для ўдзелу, аднак цалкам легалізаваны для тых, хто хоча гэта рабіць. Арганізатары дэкларуюць клопат пра бяспеку: дазваляецца выкарыстоўваць толькі тыя рэчывы, што маюць ухваленне Упраўлення па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША (FDA), а сам прыём ідзе пад клінічным наглядам. Цяжкія наркотыкі (какаін і інш.) строга забаронены. Класіфікацыя ўдзельнікаў ідзе выключна па храмасомным полу. У спаборніцтвах афіцыйна дазваляецца выкарыстанне біянічных пратэзаў і інавацыйнай экіпіроўкі.
У праграму 2026 года на першым этапе ўвайшлі плаванне, лёгкая атлетыка і цяжкая атлетыка.
Спартсмены Першым знакамітым спартсменам, які адкрыта згадзіўся на ўдзел дзеля ўсталявання новага сусветнага рэкорда на 50 метраў вольным стылем (з заяўленым прызам у 1 мільён долараў), стаў прызёр Алімпіяды, аўстралійскі плывец Джэймс Магнусэн. Пасля гэтага заявы пра далучэнне зрабілі дзясяткі сусветна вядомых атлетаў. Сярод іх: алімпійскія прызёры Бэн Праўд (Вялікабрытанія), амерыканскі спрынтар Фрэд Керлі і стронгмен Хафтор Б’ёрнсан.
Крытыка і палеміка Праект сутыкнуўся са шквалам крытыкі і адмаўленнем з боку сусветнага спартыўнага і медыцынскага істэблішменту:
Прадстаўнікі WADA і МАК заявілі, што Enhanced Games знішчаюць дух сумленнага спорту і ператвараюць спаборніцтва ў «цырк і шоу мутантаў». Кіраўнік Антыдопінгавага агенцтва ЗША Трэвіс Тайгарт назваў гэта «небяспечным клоўнскім шоу».
Спартыўныя федэрацыі (World Aquatics, World Athletics і іншыя) папярэдзілі спартсменаў, што за ўдзел у такіх спаборніцтвах яны атрымаюць пажыццёвую дыскваліфікацыю ад удзелу ў афіцыйных чэмпіянатах.
Вучоныя і біяэтыкі звяртаюць увагу, што фармакалагічная лібертарыянская ідэалогія створыць эфект «спартыўнага гладыятарства», што з надзвычайнай імавернасцю прывядзе да масавай інвалідызацыі і павелічэння смяротнасці маладых атлетаў праз перагрузку фізіялагічных магчымасцей чалавечага цела.
Зноскі
Катэгорыя:Допінг Катэгорыя:Спорт Катэгорыя:Гульні Катэгорыя:Трансгуманізм Катэгорыя:Медыцынская этыка