Мачулішча або мачула, мачыла, мачыльня — у традыцыйнай беларускай культуры — вадаём, або нізок, лагчына, дзе замочвалі лён, каноплі, радзей драўляныя бочкі.

Вырваны ў другой палове жніўня лён звязвалі ў снапы і ставілі ў кучкі. Затым аддзялялі галоўкі ад сцёблаў: абівалі ці абрывалі. Для гэтага выкарыстоўвалі адмысловую прыладу — пранік або драчак, якая нагадвае драўляную матыку з некалькімі зубамі. Затым ільняную саломку вымочвалі ў вадзе 3—6 тыдняў у залежнасці ад надвор’я.

Замочваць лён (а таксама каноплі) трэба было, каб потым (ужо пасля сушэння) валокны лягчэй і паўней аддзяляліся ад кастрыцы. Мачулішчы даўней уладкоўвалі ў нізках, плёсах сярод паплавоў. Гэта былі натуральныя або штучныя сажалкі, ямы, калюжыны. Часам для мачул (мачыл, мачулішчаў) у зямлю зарывалі вялікую драўляную скрыню. Месца, дзе вымочвалі драўляныя бочкі, каб швы сышліся шчыльней і не прапускалі вадкасць, таксама маглі называць мачуламі (мачыламі, мачулішчамі). Не заўсёды замочванне адбывалася ў адмысловых вадаёмах. Часта было дастаткова жнівеньскіх і вераснёўскіх дажджоў і росаў. Але з мачуламі (мачыламі) вынік атрымліваўся хутчэй і больш надзейна.

Добра падмоклы лён ставілі ў вялікія кулі, потым высушвалі і пачыналі мяць (церці) пры дапамозе мялкі (церніцы). А потым валакно трапалі (ачышчалі ад кастрыцы) траплом. Затым часалі драўлянымі ці металічнымі грэбнямі. Уласна неабходнасць вымочвання і тлумачыць, чаму толькі ў кастрычніку атрымлівалі кудзелю.

Як піша ў кнізе «Пінскія балоты» (2022) польскі гісторык Славамір Лотыш, у міжваенны час мачулы, уладкаваныя проста на беразе адкрытых вадаёмаў, зрабіліся вялікай экалагічнай праблемай для заходняга Палесся. Асабліва тыя, дзе вымочваліся каноплі. У такіх месцах адбываўся масавы мор рыбы, дый самі людзі часта мелі праблемы са здароўем, спажываючы ваду з такіх вадаёмаў. Доўгае вымочванне гэтых, па сутнасці, таксічных раслін рэзка зніжае ўтрыманне кіслароду ў вадзе, а таксама вядзе да растварэння ў ёй воцатнай, прапіёнавай і іншых кіслотаў. Сучасныя тэхналогіі апрацоўкі льну і канопляў выключаюць іх замочванне ў адкрытых вадаёмах.

Беларускае слова «мачулішча» створана на той жа ўзор, што і гарадзішча (месца, дзе раней быў горад), замчышча (месца, дзе раней быў замак), бульбянішча, бульбішча (месца, дзе перад тым расла бульба), клецішча, школішча (месца, дзе раней стаяла «школа» — так па-старабеларуску называлі сінагогу), урочышча, сховішча, — для беларускай мовы такое словаўтварэнне вельмі характэрнае, параўнальна больш частае, чым у іншых славянскіх мовах. Тапонім Мачулішча або Мачулішчы раўнамерна рассеяныя амаль па ўсім былым арэале беларускай мовы (але не сустракаюцца ў былой Усходняй Літве). Апроч тэрыторыі ўласна Беларусі, вёска з такой назвай ёсць у Невельскім раёне, які адышоў да Расіі (Пскоўская вобласць) у 1920-я гады, і дзве ў Сумскай вобласці Украіны (Пуціўльскі і Канатопскі раёны) — гэта значыць, таксама ў межах былога арэалу беларускіх дыялектаў. Такая распаўсюджанасць сведчыць пра тое, што для продкаў сучасных беларусаў вырошчванне і апрацоўка лёну традыцыйна было надзвычай важнай справай.

Паэт Васіль Зуёнак, які нарадзіўся ў в. Мачулішча Крупскага раёна (з той яго часткі, якая бліжэй да Халопенічаў), прысвяціў роднай вёсцы — а па сутнасці, і ўсім іншым Мачулішчам — вось такія прыгожыя радкі (1962 г.):

Мачулішча… Відаць, і пры Ярыле Ільны ў нас сеялі, Вымочвалі ў мачыле. Бель-кужаль ткалі, пралі, вышывалі, Кашулі ў кайстры Напамінкам клалі. …Спадаюць ручаінкі — Дзве дарожкі: Блакітны лён і васількі-валошкі — Узор няхітны, Вышыты табою, Што дзень і ноч не ведалі спакою… Завіхалася ды шчыравала, Абдымала ды мілавала… О, рукі, Рукі ў ільняной старонцы, — Духмянасць поля і гарачнасць сонца. Мачулішча — блакіт палёў — Нябёс — Блакіт вачэй — блакіт туманны Слёз.

Літаратура

Алесь Белы. Мачулішчы, Мачулішчы… А што значыць па-беларуску «мачулішча»? // Наша Ніва 19.03.2023

Гл. таксама Блех

Катэгорыя:Льняная_прамысловасць Катэгорыя:Лён