Вуліца Лато́чак, або вуліца Латака () — невялікая вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым горадзе. Злучае вуліцы Рускую і Бакшту.

Этымалогія Беларуская назва вуліцы ўтворана ад старабеларускага слова «латок» («латока»), якое азначала адкрытую рыну ці карыта для сцёку вады, або ўвогуле ўпадзіну, яміну, лагчыну. Літоўская назва ўтворана ад слова latakas (рына, рура, канал, роў з вадой), якое паходзіць ад беларускага. Такі тапонім тлумачыцца тым, што вуліца ўяўляе сабой фактычна крывое і даволі стромкае рэчышча, па якім дажджавыя або крынічныя воды сцякалі з узвышша Бакшты двума рукавамі-карытамі ўніз да ракі Вільні.

Гісторыя

Вуліца (ці завулак) Латочак згадваецца ў гістарычных дакументах з глыбокай даўніны. Паводле актаў 1629 года, тут на Лоточку размяшчаліся дамы розных жыхароў, у тым ліку пана Марціна Махневіча ў доме яго цешчы пані Янавай Бурбінай, а таксама пана Яна Каменскага. У пазнейшых дакументах XVII стагоддзя сустракаюцца згадкі na Łotoczku v domu (1629); obadwa Łotoczki (1671); podle Zboru na Łotoczku (1675), na Łotoczkowej ulicy (1686, 1696), na Łotoczku (1742).

У XIX стагоддзі ў перыяд Расійскай імперыі завулак Латочак некаторы час называўся Пятніцкім (), паколькі ён выходзіў непасрэдна да Пятніцкай царквы. Аднак пазней гістарычная назва вярнулася і ў адаптаваным літоўскім выглядзе захоўваецца да нашых дзён.

Агульныя звесткі

Даўжыня вуліцы складае каля 120 метраў, яна адносіцца да катэгорыі дапаможных вуліц (D2). Вуліца мае брукаваную праезную частку. На вуліцы размешчана ўсяго 7 будынкаў, нумарацыя якіх пачынаецца ад Рускай вуліцы.

Забудова У будынку пад нумарам № 3 дзейнічае Віленскі цэнтр графічнага мастацтва () і галерэя «Kairė – Dešinė» (бел.: «Лева – Права»). Таксама ў гэтым доме знаходзяцца рэдакцыя часопіса «Kultūros barai» і антыкварыят. Па адрасе вуліца Латочак, 2 размешчаны інтэрнат Віленскай мастацкай акадэміі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Вуліцы Вільні Катэгорыя:Стары горад (Вільня)