Паўліна Вітушчанка () — беларуская мастацтвазнаўца.

Біяграфія Нарадзілася ў 1993 годзе ў Вільні. Дачка беларускіх актывістаў Сержука Вітушкі і Людвікі Кардзіс. З дзяцінства займалася маляваннем. Прозвішча, утворанае ад бацькавага патранімічным суфіксам, узяла як даніну даўняй традыцыі.

У 2012 годзе паступіла на філасофскае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта. У 2014 годзе ўдзельнічала ў трэнінгу для літаратурных перакладчыкаў у Друскеніках. У 2014—2015 гадах вучылася на перакладчыцкім курсе Андрэя Хадановіча ў Беларускім Калегіуме. Скончыла Віленскую акадэмію мастацтваў (2016) са ступенню бакалаўра па гісторыі і тэорыі мастацтваў. У 2018 годзе пачала навучанне ў магістратуры Тартускага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Фальклор і прыкладная спадчына».

З 1 верасня 2022 года малодшая навуковая супрацоўніца (Junior Research Fellow) у галіне этналогіі ў Інстытуце культурных даследаванняў Тартускага ўніверсітэта. Удзельнічае ў навуковым праекце «Практыкі і выклікі мнеманічнага плюралізму ў балтыйскіх гістарычных музеях» (2021—2025), які фінансуецца Эстонскім даследчым саветам. Станам на 2023 год атрымоўвала дактарат у Эстоніі.

Грамадская дзейнасць У 2015 годзе распачала інклюзіўны праект «Дзінь-дзілінь» па выданні беларускіх дзіцячых кніг (у тым ліку казак Сержука Вітушкі) шрыфтам Брайля і ў фармаце аўдыёкніг для невідушчых.

Куратарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. У музеі займаецца пытаннямі захавання калекцый і арганізацыяй выстаў. У 2024 годзе атрымала грант Брытанскай бібліятэкі (праграма EAP1623) на дыгіталізацыю архіваў Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, праект разлічаны на 12 месяцаў і ахоплівае рукапісы, рэдкія кнігі і фатаграфіі міжваеннага перыяду.

З восені 2021 года ўдзельнічае ў арганізацыі «Беларускай школкі» ў Вільні, якая забяспечвае нефармальную адукацыю для дзяцей беларускай дыяспары. Станам на 2023 год у школцы займалася каля 150 дзяцей.

Творчасць Займалася жывапісам. У 2010 годзе ўдзельнічала ў супольнай выставе «Карціна алеем». У жніўні 2011 года ў мінскім клубе «Графіці» адбылася яе персанальная выстаўка жывапісу «Nebulae».

Таксама займаецца літаратурным перакладам з літоўскай на беларускую мову. Сярод апублікаваных перакладаў: раман Рычардаса Гавяліса «Віленскі покер» («Vilniaus pokeris»), выдавецтва «Логвінаў», 2018; эсэ «Амэрыканская мая біяграфія» («Amerikietiškoji mano biografija») у часопісе «Дзеяслоў», № 76, 2014.

Прызнанне Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2019) за пераклад рамана Рычардаса Гавяліса «Віленскі покер».

Крыніцы

Катэгорыя:Перакладчыкі з літоўскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову