Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама — комплекс будынкаў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, які ўзводзіцца ў Партызанскім раёне Мінска, у мікрараёне Сцяпянка, па адрасе вуліца Карвата, 74. Запланаваная ўмяшчальнасць ізалятара — 230 чалавек, што ўдвая перавышае ўмяшчальнасць існуючага ЦІП на завулку Акрэсціна.
Будаўніцтва Рашэнне аб будаўніцтве новага ізалятара было прынята Мінгарвыканкамам яшчэ ў 2021 годзе. Праектныя работы пачаліся ў 2024 годзе і каштавалі 1,159 млн рублёў. Генеральным праекціроўшчыкам выступіў інстытут «Белдзяржпраект». Уласна будаўніцтва, якое афіцыйна называецца «рэканструкцыяй», стартавала ў верасні 2025 года. Завяршэнне работ запланавана на студзень 2027 года. Агульны кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 25,7 млн рублёў з бюджэту Мінска. Дадатковыя 4,7 млн рублёў вылучаны на стварэнне сістэм бяспекі і відэаназірання.
Новы комплекс узводзіцца на месцы былога ваеннага гарадка. Пад ЦІП рэканструюецца (фактычна, будуецца нанава на старым падмурку) трохпавярховы будынак былой казармы асобнага навучальнага батальёна сувязі ВПС (в/ч 40858), які апошнія гады стаяў закінутым. Заказчыкам работ з’яўляецца Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, а генеральным падрадчыкам —Будаўнічае ўпраўленне № 94 Будтрэста № 1.
Архітэктура і ўнутраная структура Праектам прадугледжаны комплекс з некалькіх будынкаў. Галоўнымі з’яўляюцца двухпавярховы адміністрацыйны корпус і прымыкаючы да яго трохпавярховы будынак ізалятара.
Адміністрацыйны корпус Цокальны паверх адміністрацыйнага корпуса аддадзены пад спартыўныя памяшканні для супрацоўнікаў: трэнажорную залу і залу рукапашнага бою. На другім паверсе размесцяцца кабінеты кіраўніцтва, пакоі адпачынку, душавыя і іншыя службовыя памяшканні.
Будынак ізалятара Ізалятар разлічаны на 230 месцаў. Прадугледжаны наступныя памяшканні: Зона прыёму затрыманых: Аўтазак заязджае непасрэдна ў будынак. Затрыманыя праходзяць праз пакой разбіральніцтва і памяшканне для вобшуку з 12 «стаканамі» — вузкімі боксамі памерам 1,3х1 м. Камеры: Агульная плошча камер складае каля 1084 м². У асноўным гэта чатырох- і шасцімесныя камеры, а таксама некалькі двух- і васьмімесных. Карцары: На кожным паверсе прадугледжаны карцары — выцягнутыя памяшканні плошчай 12 м² з маленькім акном пад столлю і туалетам без перагародкі. Прагулачныя дворыкі: Да будынка прымыкаюць чатыры закрытыя прагулачныя дворыкі памерам 7х7 метраў.
Сцены і столі ў камерах будуць пафарбаваны шэрай фарбай па бетоне, падлогі — дашчаныя. Тэрыторыю комплексу абнясуць трохметровым плотам з трыма радамі калючага дроту. Таксама на тэрыторыі будуць знаходзіцца кантрольна-прапускны пункт, ангар для транспарту і дызель-генератарная ўстаноўка для рэзервовага электразабеспячэння.
Размяшчэнне Новы ЦІП размешчаны ў прамысловай зоне мікрараёна Сцяпянка, у аддаленым і цяжкадаступным месцы, акружаным закінутым ваенным гарадком і лесапаркам. Такое размяшчэнне абмяжоўвае магчымасць знешняга назірання за тым, што адбываецца на тэрыторыі ўстановы. Для параўнання, у жніўні 2020 года сведчанні катаванняў на Акрэсціна былі атрыманы ў тым ліку дзякуючы запісам крыкаў, зробленым з суседніх жылых дамоў.
Крыніцы
Катэгорыя:Пенітэнцыярныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:З'явіліся ў 2027 годзе Катэгорыя:Сцяпянка (Мінск) Катэгорыя:Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Катэгорыя:Вуліца Карвата (Мінск)