«Выбранецкія шыхты» — рэспубліканская маладзёжная арганізацыя. На пачатку 1990-х адна з буйнейшых беларускіх асветніцкіх маладзёжных арганізацый, вызначалася спалучэннем культурнай дзейнасці з фізічнай падрыхтоўкай удзельнікаў.
Стварэнне Выпускнікі Беларускага тэхналагічнага інстытута і ўдзельнікі суполкі «Світанак», якая дзейнічала ў інстытуце з 2-й паловы 1980-х гадоў — Ігар Міхно і Георгій (Франак) Швайбовіч, стварылі новую структуру, не прывязаную да пэўнай навучальнай установы. Атрымалі афіцыйную рэгістрацыю як рэспубліканская арганізацыя.
Назву прапанаваў гісторык Анатоль Грыцкевіч, яна адсылала да выбранцоў Слуцкага княства XVII стагоддзя, з якіх камплектавалася прыватнае войска Радзівілаў. Арганізацыя мела ўласную форму і сцяг, на сцягу была сімволіка са «старажытных беларускіх рунічных знакаў».
Кіраўніцтва і структура Ігар Міхно — кіраўнік («камандант»). Франак Швайбовіч — намеснік каманданта («радца»), кіраўнік навукова-вытворчай фірмы «Ваўкалака». Сяргей Сёмуха — адказны за эканамічны сектар. Генадзь Вінярскі — намеснік каманданта («радца»), адказны за арганізацыйны і інфармацыйны сектар.
Арганізацыя мела філіялы ў рэгіёнах, у прыватнасці, гомельская суполка «Талака» пад кіраўніцтвам Змітра Сасноўскага мела статус філіяла «Выбранецкіх шыхтоў». У 1989—1990 гадах «Выбранецкія шыхты» ўваходзілі ў Канфедэрацыю беларускіх суполак.
Сярод удзельнікаў і прыхільнікаў «Выбранецкіх шыхтоў» былі Тодар Кашкурэвіч і Арына Вячорка.
Дзейнасць
Культурна-асветніцкая работа «Выбранецкія шыхты» зладзілі шмат этнаграфічных экспедыцый (на Случчыну, Клеччыну, Ляхавіччыну) для збору фальклору, легенд і народных песень. Займаліся папулярызацыяй беларускай мовы і культуры ў школах, дзіцячых садках і летніках (напрыклад, у летніку «Грунвальд»).
Практыкавалася навучанне сяброў народным танцам — кожны «выбранец» мусіў ведаць не менш за дзесяць танцаў. Разам з Тодарам Кашкурэвічам арганізоўвалі першыя дударскія фэсты з канцэртамі, навуковымі канферэнцыямі і майстар-класамі вырабу інструментаў. З асяроддзя арганізацыі выйшлі заснавальнікі гуртоў «Стары Ольса» (Зміцер Сасноўскі) і GUDA.
Сябры арганізацыі наведвалі Латгалію (Латвія), Віленскі ўніверсітэт і Калінінград, вазілі туды беларускія падручнікі.
Фізічная падрыхтоўка Звычайнай часткай дзейнасці арганізацыі былі трэніроўкі па ўсходніх адзінаборствах, пешыя паходы (40-50 км за дзень), спартыўныя лагеры з элементамі «гонак на выжыванне». Трэніроўкі і танцавальныя заняткі арганізоўваліся ў філіяле Музея Максіма Багдановіча («Беларуская хатка») па вуліцы Рабкораўскай у Мінску, а таксама ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў.
Таму «выбранцоў» часта прыцягвалі для аховы з’ездаў БНФ і вулічных акцый. Падчас путчу ў жніўні 1991 года «выбранцы» забяспечвалі ўнутраную ахову апазіцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
Вядомы таксама эпізод са зрывам «выбранцамі» прасавецкага мітынгу Уладзіміра Жырыноўскага ў Мінску, самога Жырыноўскага яны выціснулі з плошчы.
Камерцыя і выдавецтва Для фінансавання праектаў створана навукова-вытворчая фірма «Ваўкалака», якая займалася гандлем і выдавецкай справай. Выдавалі зборнікі народных замоў, метадычныя дапаможнікі для выкладчыкаў і літаратуру па гісторыі. У мінскай Серабранцы некаторы час быў кіёск арганізацыі з продажам беларускай літаратуры і этнаграфічных матэрыялаў.
Заняпад З 1993 года ў арганізацыі пачаўся крызіс. Кіраўнік арганізацыя — Ігар Міхно — захапіўся ідэямі этнакасмалогіі (цэнтр «Крыўя»), што звяло дзейнасць суполкі да вузкіх навуковых пошукаў, нецікавых большасці ўдзельнікаў. Таксама ўвесь прыбытак камерцыйнай дзейнасці ўкладаўся ў новыя праекты, што не давала арганізацыі эканамічнай устойлівасці. Удзельнікі арганізацыі сталелі, стваралі сем’і і сыходзілі ў пошуках стабільнага заробку. Да сярэдзіны 1990-х гадоў «Выбранецкія шыхты» паступова спыніла дзейнасць.
Крыніцы