Арцём Фамін — беларускі ганчар, майстар традыцыйнай керамікі з Глыбокага, які займаецца аднаўленнем і развіццём рэгіянальнай ганчарнай традыцыі Глыбоччыны. У сваёй практыцы спалучае вывучэнне музейных і этнаграфічных узораў з аўтарскай інтэрпрэтацыяй і сучаснымі мастацкімі рашэннямі.
Біяграфія Скончыў Віцебскі тэхналагічны каледж па спецыялізацыі «кераміка», атрымаў кваліфікацыю мастака-педагога. Працаваў у ААТ «Белмастацкераміка». Пазней вярнуўся на малую радзіму і пачаў паглыблена вывучаць ганчарную спадчыну рэгіёна, працуючы ў Глыбоцкім доме рамёстваў.
Асноўны кірунак працы Арцёма Фаміна — аднаўленне традыцыйнага «прыкладнога» глыбоцкага ганчарства, арыентаванага на бытавыя патрэбы.
У 2022 годзе стаў пераможцам (1 месца) конкурсу «Гліна спявае» ў межах III Міжнароднага пленэру народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Копысі.
Фамін з'яўляецца носьбітам і даследчыкам тэхналогіі аплятання ганчарнага посуду берасцянымі стужкамі.
Арцём Фамін — аўтар памятных гліняных медальёнаў з лагатыпам дуды для міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй».
Майстар таксама вырабляе фігуркі дудароў з гліны, працягваючы традыцыю нацыянальнай керамічнай пластыкі, закладзеную Міхасём Філіповічам, які ў 1946 годзе звярнуўся да керамікі і стварыў цыкл гліняных фігурак («Дудар», «Цымбаліст», «Жалейка», «Лявоніха» і інш.).
Удзельнічаў у рэканструкцыі вясельнага абрада ў межах свята-конкурсу «Вялікая вясельніца» (Ушачы, 2017).
Заўвагі
Катэгорыя:Народныя майстры Беларусі Катэгорыя:Постаці Глыбокага