Анатоль Вайцяхоўскі — беларускі прадпрымальнік, журналіст і грамадскі актывіст. Вядомасць атрымаў як герой прапагандысцкіх матэрыялаў беларускага тэлебачання, у тым ліку фільма «Чужое неба» (2025), і дзякуючы гучнаму вяртанню ў Беларусь з эміграцыі пасля смерці свайго суседа па кватэры ў Беластоку, актывіста Уладзіміра Усера (Лазарава).

Біяграфія Жыў у Баранавічах. У сярэдзіне 1990-х гадоў стаў адным з заснавальнікаў мясцовай недзяржаўнай газеты «Шаг». Выданне было адным з першых прыватных у горадзе і карысталася папулярнасцю — наклад дасягаў 11 тысяч асобнікаў. Пазней газета змяніла фармат на рэкламны. У пачатку 2000-х гадоў Вайцяхоўскі пакінуў журналістыку і заняўся бізнесам, звязаным з медыцынскімі таварамі і таварамі для здароўя. Таксама працаваў на раённым вузле электрасувязі.

Пераслед і эміграцыя У 2023 годзе Анатоль Вайцяхоўскі быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК за каментары ў мэсэнджары Telegram, накіраваныя супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту з боку сілавікоў. Пасля вызвалення ён пры дапамозе фонду «BYSOL» экстранна эвакуяваўся з Беларусі ў Польшчу.

Пасяліўся ў Беластоку, дзе працаваў кіроўцам таксі. Пражываў у адной кватэры з іншым беларускім эмігрантам, 69-гадовым актывістам з Бабруйска Уладзімірам Усерам (сапраўднае прозвішча Лазараў). У эміграцыі далучыўся да дзейнасці партыі «Народная грамада». Паводле інфармацыі былога палітвязня і актывіста партыі Сяргея Спарыша, прыкладна ў сярэдзіне 2025 года Вайцяхоўскі быў абраны ў рэвізійную камісію гэтай партыі.

Удзел у прапагандысцкіх праектах Восенню 2024 года Анатоль Вайцяхоўскі разам з Уладзімірам Усерам сталі ўдзельнікамі здымак для фільма Агенцтва тэленавін «Чужое неба» (аўтар сцэнарыя і рэжысёр — Аляксей Мартынёнак). Прэм’ера стужкі адбылася ў Мінску 18 сакавіка 2025 года.

Паводле незалежных СМІ і сведчанняў удзельнікаў, стварэнне фільма адбывалася шляхам падману. Невядомыя асобы звязваліся з эмігрантамі, прадстаўляючыся супрацоўнікамі Офіса Святланы Ціханоўскай ці актывістамі, і прасілі запісаць відэа пра цяжкасці жыцця за мяжой нібыта для атрымання фінансавай дапамогі ад фондаў. Вайцяхоўскі сцвярджаў, што трапіў у фільм выпадкова, даверыўшыся суседу Усеру, які арганізаваў здымку. За ўдзел у відэа Вайцяхоўскі атрымаў ганарар у памеры 50 еўра ў крыптавалюце.

Вяртанне ў Беларусь У лістападзе 2025 года ў беластоцкай кватэры, дзе жылі Вайцяхоўскі і Усер, адбыўся ператрус польскімі спецслужбамі. Уладзіміра Усера падазравалі ў шпіянажы, аднак не затрымалі з-за цяжкага стану здароўя. У пачатку снежня 2025 года Усер памёр.

Праз суткі пасля смерці суседа Анатоль Вайцяхоўскі знік з Беластока, выдаліў акаўнты ў сацыяльных сетках і перастаў выходзіць на сувязь з калегамі. У студзені 2026 года стала вядома, што ён вярнуўся ў Беларусь на рэйсавым аўтобусе. 12 студзеня 2026 года ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выйшаў сюжэт прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай «Уцёкі дадому» («»), галоўным героем якога стаў Вайцяхоўскі. У сюжэце сцвярджалася, што ён вывез з Польшчы матэрыялы крымінальнай справы Усера, а таксама агучвалася версія, што Усер перад смерцю нібыта пісаў зварот у Камісію па вяртанні, але не дачакаўся адказу.

Пасля вяртання Вайцяхоўскі пачаў супрацоўнічаць з былым польскім суддзёй Томашам Шмітам, які папрасіў прытулку ў Беларусі, і яго фондам «Польская праўда». Вайцяхоўскі заявіў пра гатоўнасць даць паказанні супраць польскіх спецслужбаў, абвінавачваючы іх у смерці Усера.

Дачка Уладзіміра Усера, Марына Авітан, абвергла заявы Вайцяхоўскага, назваўшы іх хлуснёй і маніпуляцыяй. Яна абвінаваціла яго ў крадзяжы асабістых дакументаў бацькі, доступе да яго банкаўскіх рахункаў і выкарыстанні сітуацыі ва ўласных карыслівых інтарэсах. Паводле яе слоў, бацька памёр ад натуральных прычын: цукровага дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Крыніцы

Катэгорыя:Постаці Баранавічаў Катэгорыя:Прадпрымальнікі Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Польшчу з Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Беларусь з Польшчы