Туяві́к (Thujopsis) — род голанасенных хвойных раслін сямейства кіпарысавых; уключае адзіны біялагічны від — туявік паніклы, або японскі, ці долатападобны (Thujopsis dolobrata).

Апісанне Вечназялёныя аднадомныя дрэвы або кусты вышынёй да 15 (часам да 30) м. Крона густая, пірамідальная, у некаторых сартоў шарападобная. Парасткі падоўжаныя, плоскія. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лускападобнае, даўжынёй да 5 мм, з ніжняга боку з шырокімі белымі вусцейкавымі палосамі. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй 3-5 мм, шарападобныя, чырванаватыя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя, дыяметрам да 20 мм, з 6-8 парамі пляскатых, мясістых, супраціўных лускавінак, прамастаячыя, спярша зялёныя з шызым налётам, пры выспяванні бурыя. Спеюць восенню ў год апылення, а пасля выспявання цалкам ападаюць. Насенне з двума вузкімі крыламі.

Мае некалькі садовых форм, якія адрозніваюцца памерамі і афарбоўкай лісця.

Пашырэнне Распаўсюджаны ў гарах Японіі. Шырока культывуецца ў іншых рэгіёнах зямнога шара; на Беларусі сустракаецца зрэдку, пераважна на поўдні. Ценевынослівы, умерана зімаўстойлівы, даволі патрабавальны да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, устойлівы да гарадскіх умоў, добра пераносіць стрыжку, даволі лёгка размнажаецца чаранкаваннем. Пыленне ў красавіку.

Выкарыстанне Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, прымяняецца ў будаўніцтве, суднабудаванні. Каштоўная дэкаратыўная павольнарослая расліна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.

Спасылкі

Катэгорыя:Дрэвы Катэгорыя:Кіпарысавыя (падсямейства)