Со́сна, Доўжа — возера ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, у басейне ракі Лужаснянка, за 12 км у напрамку на поўнач ад Віцебска.
Плошча возера складае 1,1 км², даўжыня 2,64 км, максімальная шырыня 0,82 км. Даўжыня берагавой лініі — 7,53 км. Найбольшая глыбіня 9,4 м, сярэдняя — 3,5 м. Аб’ём вады 4,01 млн м³. Катлавіна возера складаецца з двух плёсаў, падзеленых пакрытым хваёвым лесам востравам плошчай 0,015 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Вышыня схілаў катлавіны ад 5—7 да 10—15 метраў.Найбольшыя глыбіні на паўночна-ўсходнім плёсе. Берагі возера часткова зліваюцца са схіламі катлавіны, на паўднёвым усходзе забалочаныя. Мелкаводдзе шырынёй да 100 м займае каля 24 % плошчы возера. Дно возера да глыбінь 3 м пясчанае, глыбей выслана глеем і крэменязёмістым сапрапелем. Водная маса добра насычана кіслародам.
Надводная расліннасць займае прыбярэжную паласу да 30 м. Да глыбіні 3,2 м растуць рдзесты, эладэя канадская, гарлачыкі.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Упадае некалькі ручаёў. Злучана пратокамі з азёрамі Бутыкі (Бу́тыка) і Баранаўскае. На паўночным усходзе выцякае ручай у раку Храпаўлянка.
У возеры водзяцца акунь звычайны, плотка, краснапёрка, шчупак звычайны, лінь, мянтуз, верхаводка, карась. Сустракаецца вугор.
На беразе возера размешчаны вёскі Шылы, Доўжа, спартыўна-аздараўленчая база. Уздоўж возера праходзіць аўтамабільная дарога (Віцебск — Гарадок). На беразе возера ўздоўж аўтамабільнай дарогі зона адпачынку.
Літаратура
Спасылкі Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Азёры Віцебскага раёна Катэгорыя:Басейн Лужаснянкі