Cities: Skylines II — камп’ютарная гульня ў жанры горадабудаўнічага сімулятара, распрацаваная студыяй Colossal Order і выдадзеная Paradox Interactive. Гульня выйшла 24 кастрычніка 2023 года на платформах Windows, Xbox Series X/S і PlayStation 5. З’яўляецца працягам гульні Cities: Skylines.
Геймплэй Распрацоўшчыкі паведамілі, што ў гульцоў будуць шырокія магчымасці па развіцці горада, назваўшы Cities: Skylines II «самым рэалістычным горадабудаўнічым сімулятарам на абсалютна новым узроўні». Базавая версія гульні падтрымлівае 150 фрагментаў мапы горада ў параўнанні з 81 фрагментам з першай часткі. Гульцы ў Cities: Skylines II сутыкаюцца з рознымі выклікамі, такімім як град, нашэсце пацукоў, лясныя пажары і тарнада. Будучы прадстаўніком жанру пясочніца, Cities: Skylines II не мае выяўленых лінейнасці і канчатковай мэты, гулец будуе і развівае горад без часовых абмежаванняў.
Распрацоўка У чэрвені 2023 года распрацоўшчыкі паказалі геймплэйны трэйлер і абвясцілі дату выхаду гульні — 24 кастрычніка 2023 года.
Тэхнічныя праблемы На момант выхаду ў кастрычніку 2023 года гульня мела сур’ёзныя праблемы з прадукцыйнасцю — яна «тармазіла» нават на моцных камп’ютарах верхняга цэнавага сегмента. Распрацоўшчыкі ведалі пра праблемы; для гульні былі абвешчаныя незвычайна высокія рэкамендаваныя сістэмныя патрабаванні — працэсар Intel i5-12600K або AMD Ryzen 7 5800X, 16 гігабайт аператыўнай памяці, відэакарта RTX 3080 або RX 6800XT таксама з 16 гігабайтамі памяці — і заяўлена, што гульня аптымізавана з разлікам на кадравую частату 30 кадраў у секунду замест стандартных для ПК-гульняў 60 кадраў у секунду. Colossal Order таксама прыйшлося абвяргаць чуткі пра «адмалёўку зубоў» — нібыта на прадукцыйнасць гульні ўплывае неабходнасць рэндэрынгу мадэляў людзей з мноствам дробных дэталяў, нават з зубамі ў роце, і ў гульні не быў належным чынам рэалізаваны прынцып узроўняў дэталізацыі, так што Skylines II быццам бы малюе тыя ж самыя дэталізаваныя мадэлі «з зубамі» нават на аддаленні ад камеры. Студыі прыйшлося выпусціць заяву «не, зубы персанажаў не ўплываюць на прадукцыйнасць колькі-небудзь значным чынам».
Аглядальнік PC Gamer Крыстафер Лівінгстан у рэцэнзіі на гульню пералічваў праблемы: выпадковыя падзенні частаты кадраў, падтармажванні і замінкі, а часам і поўныя завісанні гульні на некалькі секунд, а таксама візуальныя праблемы, напрыклад, раздражняльнае мігаценне ценяў на некаторых будынках. Рэцэнзент Polygon Кэмеран Канзелман скардзіўся, што яго даволі магутны камп’ютар кожны раз гудзе вентылятарамі так, «нібы гатовы паляцець у космас».
Заўвагі
Спасылкі
Афіцыйны сайт гульні Сайт распрацоўшчыкаў гульні
Катэгорыя:Аднакарыстальніцкія відэагульні Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Горадабудаўнічыя сімулятары Катэгорыя:Відэагульні 2023 года