Геатэрмальная энергетыка Беларусі — галіна беларускай электраэнергетыкі, якая забяспечвае энергазабеспячэнне з выкарыстаннем геатэрмальнай энергіі. Крыніцамі геатэрмальных рэсурсаў нетраў Беларусі з’яўляюцца падземныя геатэрмальныя воды. Па стане на 2018 год на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 100 геатэрмальных установак. Значэнне іх сумарнай цеплавой магутнасці дасягала амаль 5,5 МВт.
Агульная характарыстыка Геатэрмальныя рэсурсы Беларусі вывучаны на тэрыторыі Прыпяцкага прагіну, усходняй частцы Падляска-Брэсцкай упадзіны і ў верхніх асадкавых гарызонтах заходняй часткі рэспублікі. Прыпяцкі прагін і Падляска-Брэсцкая ўпадзіна — самыя перспектыўныя вобласці ў Беларусі для непасрэднага выкарыстання геатэрмальнай энергіі.
У сакавіку 2013 года быў зацверджаны план першачарговых мерапрыемстваў па выкарыстанні геатэрмальных крыніц энергіі. Ён уключаў 8 пунктаў, у тым ліку даследаванне і распрацоўку тэхнічных рашэнняў выкарыстання падземнага цяпла для цеплазабеспячэння асобных будынкаў, размешчаных удалечы ад цэнтралізаваных крыніц цеплавой энергіі. План прадугледжваў аналіз дзейных, а таксама выпрацоўку пры неабходнасці дадатковых мер па стымуляванні выкарыстання геатэрмальных установак, арганізацыю і правядзенне навучальных семінараў з запрашэннем вядучых спецыялістаў і вытворцаў геатэрмальнага абсталявання, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў.
Праекты і рэалізаваныя магутнасці На тэрыторыі Беларусі ўжо ўведзены ў эксплуатацыю наступныя геатэрмальныя станцыі: ААТ Цяплічны камбінат «Берасце», дзе Брэсцкая геатэрмальная свідравіна абагравае гародніну пад шкляным дахам на тэрыторыі 1,6 гектара. Глыбіня свідравіны каля паўтара кіламетра, найбольш поўныя гарызонты на глыбіні 1 кіламетр і 100 метраў. Дзве цеплавыя помпы магутнасцю па 0,5 Гкал/г і коштам 50 тысяч еўра кожная працуюць паводле прынцыпа «халадзільнік наадварот». Геатэрмальнае ацяпленне пункту пропуску «Новая Рудня» (цеплавая магутнасць 273 кВт; выпрацоўка цеплавой энергіі 681 Гкал/г).
Акрамя таго, у Рэспубліцы Беларусь існуе 9 геатэрмальных установак. Іх агульная магутнасць складае 2,36 МВт. Яны прымяняюцца для ацяплення водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі ў Мінску, Брэсце, Рэчыцы, Горках. Частка ўстановак выкарыстоўваецца для апалу катэджнай забудовы і іншых аб'ектаў.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Геатэрмальная энергетыка Катэгорыя:Узнаўляльная энергетыка Беларусі