Сяле́ц — археалагічны помнік (селішча і курганны могільнік) у Беларусі, каля вёскі Сялец Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Селішча раннефеадальнага часу. Даследавалася Прыбалтыйскай археалагічнай экспедыцыяй у 1956 годзе і В. У. Шаблюком у 1983 годзе. Знойдзена кераміка, жалезны серп, нажы, падкова, шкляныя пацеркі, грузіла, манета (барацінка) XVII стагоддзя. Найбольш ранняя знойдзеная кераміка адносіцца да XII стагоддзя.
Курганны могільнік дрыгавічоў складаецца з 51 насыпу вышынёй 0,5—1 м і 4—6 м у дыяметры. Асобныя насыпы маюць вышыню да 2 м і дыяметр да 10 м. Даследаваліся ў 1972 годзе К. В. Паўлавай і ў 1973 годзе М. А. Ткачовым. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены бронзавыя спражкі, жалезныя нажы, пярсцёнкі, металічныя і шкляныя пацеркі, гліняныя гаршчкі, рэшткі драўлянага вядзерца. Могільнік датуецца X—XI стагоддзямі.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты Навагрудскага раёна