Ала Леанідаўна Клемянок, у шлюбе — Страшынская з 1994 года (нар. 6 кастрычніка 1961, Маладзечна, Мінская вобласць) — беларуская паэтэса, журналістка.

Біяграфія У 1979 годзе скончыла сярэднюю школу № 3 у Маладзечна, у 1985 годзе — факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік», у дзіцячай бібліятэцы, карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Приборостроитель» МЗСПВ, рэдактарам газеты Маладзечанскага гарсавета «Наш дзень». З 1995 года жыве ў Смаргоні Гродзенскай вобласці, працуе загадчыкам аддзела культуры, маралі і права мясцовай беларускай газеты «Светлы шлях».

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2003 года.

Творчасць Друкавацца пачала з 1977 года ў мясцовай маладзечанскай газеце і ў рэспубліканскай прэсе. Вершы змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Куфэрак Віленшчыны», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», зборніках паэзіі.

Выдала пяць кніжак вершаў «Яны не ведалі мяне» (Маладзечна, 1999), «Бывай, Альба Рутэнія» (Гродна, 2007), «Рэфлексіі» (Гродна, 2010), «Не пускайце ў сэрца адзіноту» (Мінск, 2013), «Нальшчанскі блог» (Маладзечна, 2023).

Узнагароды Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч).

Крыніцы

Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты