Ілля Васілевіч Салей (нар. 30 жніўня 1991, Рослаўль, РСФСР, СССР) — беларускі юрыст, адвакат. Юрыст перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі на выбарах Прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе. Былы палітычны зняволены, вязень сумлення паводле меркавання праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Біяграфія Нарадзіўся 30 жніўня 1991 года ў сям’і юрыстаў. У 2008 годзе з адзнакай скончыў лінгвістычную гімназію № 7 у Мінску. У 2013 з адзнакай скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Лаўрэат імянной стыпендыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі імя Івана Шамякіна ў падтрымку таленавітай моладзі. У 2014 годзе скончыў магістратуру школы права Д’юкскага ўніверсітэта (ЗША). Не жанаты.

Юрыдычная кар’ера Большую частку кар’еры правёў у юрыдычнай фірме Borovtsov & Salei (Мінск). Практыкаваў у юрыдычных фірмах Wilmer Cutler Pickering Hale & Dorr, Freshfields Bruckhaus Deringer, Marks & Sokolov. Эксперт Сусветнага банка у глабальным даследаванні спрыяльнасці вядзення бізнесу Doing Business. У 2019—2020 гадах прызнаны адным з найлепшых і найбольш перспектыўных маладых юрыстаў Беларусі юрыдычнымі даведнікамі Chambers, Legal 500 IFLR1000.

Прэзідэнцкія выбары 2020 года У маі 2020 года далучыўся да перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, які абвясціў намер удзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года. Пасля затрымання Віктара Бабарыкі спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі 18 чэрвеня 2020 года прадстаўляў яго інтарэсы і інтарэсы перадвыбарчага штабу як адвакат у раённых і абласных выбарчых камісіях, а таксама ў ЦВК Беларусі. Юрыст і адзін з кіраўнікоў перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі. 20 чэрвеня 2020 года з Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам падаў дакументы на рэгістрацыю Віктара Бабарыкі як кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. За дзень да пасяджэння ЦВК падставы для адмовы адсутнічалі. Пасля адмовы ў рэгістрацыі Віктара Бабарыкі як кандыдата разам з Марыяй Калеснікавай падаў у ЦВК скаргу на адмову ў рэгістрацыі.

Пасля аб’яднання перадвыбарчых штабоў Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай аказваў юрыдычную падтрымку камандзе Ціханоўскай. Суправаджаў Ціханоўскую, Калеснікаву і Вераніку Цапкала падчас перадвыбарчага тура па Беларусі для правядзення агітацыйных мітынгаў. Пасля абвяшчэння ЦВК афіцыйных вынікаў выбараў сумесна з Максімам Знакам дзейнічаў як адвакат і падаў ад імя кандыдаткі Ціханоўскай скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі з патрабаваннем прызнання вынікаў выбараў несапраўднымі праз наяўнасць шматлікіх парушэнняў выбарчага заканадаўства. Вярхоўны суд адмовіў у прыняцці скаргі да разгляду.

Пасля выбараў Аказваў юрыдычную падтрымку і быў адвакатам члена Прэзідыума Каардынацыйнага савета Марыі Калеснікавай. Як адвакат суправаджаў Калеснікаву ў Генеральную пракуратуру Беларусі для падачы заявы аб правядзенні праверкі па фактах гвалту і злоўжывання паўнамоцтвамі супрацоўнікамі міліцыі падчас масавых акцый пратэсту пасля выбараў, а таксама ў Следчы камітэт Беларусі на допыт як сведку па крымінальнай справе, узбуджанай генеральным пракурорам Беларусі Аляксандрам Канюком паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») па факце стварэння Каардынацыйнага савета. Справа была распачатая пасля публічнай заявы Аляксандра Лукашэнку пра спробу захопу ўлады. Пасля знікнення Калеснікавай 7 верасня 2020 года і спробы яе гвалтоўнага вывазу з краіны спецслужбамі Беларусі рабіў намаганні па яе пошуку.

Затрыманне па справе Каардынацыйнай рады 9 верасня 2020 года затрыманы Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. 11 верасня 2020 года заключаны пад варту ў СІЗА № 1 Мінска.

18 верасня 2020 года прыцягнуты як абвінавачаны па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі («заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») па той жа справе, па якой быў раней сведкам. Следства, пракуратура і суды адхілілі ўсе пададзеныя абаронай хадайніцтвы і скаргі на заключэнне пад варту і прыцягненне як абвінавачанага.

15 красавіка 2021 года мера стрымання змененая на заклад. 13 жніўня 2021 года стала вядома, што Салей пакінуў тэрыторыю Беларусі і знаходзіцца ў Варшаве.

Рэакцыя на арышт 10 верасня 2020 года ў сумеснай заяве дванаццаці арганізацый, у тым ліку праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінкскага камітэта і Беларускага ПЭН-цэнтра быў названы палітычным зняволеным. 11 верасня 2020 года праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Салея вязнем сумлення. 23 верасня 2020 года шэфства над палітвязнем узяў Роберт Бедронь, дэпутат Еўрапейскага парламента.

Еўрапейскі Саюз і ЗША лічаць крымінальны пераслед Салея палітычна матываваным. Міжнародная асацыяцыя юрыстаў, Супольнасць юрыстаў Англіі і Уэльса, Амерыканская асацыяцыя юрыстаў і Асацыяцыя выпускнікоў Д’юкскага ўніверсітэта выступілі з публічнай заявай з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Быў адным з удзельнікаў сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітычнымі зняволенымі, якая адбылася ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 года.

Спасылкі

Ілля Салей-юрыдычная фірма Borovtsov & Salei Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў-Ілля Салей

Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі Катэгорыя:Адвакаты Беларусі Катэгорыя:Юрысты XXI стагоддзя Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Рослаўлі