Карл (Чарлі) Май (;  — ) — нямецкі футбаліст, паўабаронца. Чэмпіён свету 1954 у складзе нацыянальнай зборнай ФРГ.

Біяграфія Большую частку кар’еры Май выступаў за «Гройтэр Фюрт» — усяго правёў за гэту каманду 400 матчаў. У 1958—1961 гадах таксама выступаў за мюнхенскую «Баварыю», а завяршаў кар’еру футбаліста ў сціплых камандах Швейцарыі і Аўстрыі. У 1950 годзе разам з «Фюрт» выйграў чэмпіянат Оберлігі Зюд.

Карл Май быў гульцом асноўнага складу на пераможным для зборнай ФРГ чэмпіянаце свету ў Швейцарыі 1954 года. У фінале чэмпіянату свету Маю ўдалося нейтралізаваць дзеянні Шандора Кочыша, які забіў на турніры да таго моманту ўжо 11 галоў. Зеп Хербергер надзвычай цаніў гульнявы стыль Чарлі Мая, якога ён параўноўваў з гульцом зборнай Германіі 1930-х гадоў Андрэасам Купферам.

Свой адзіны гол за зборную Карл Май забіў 28 мая 1955 года. Гэта быў пераможны гол у таварыскім матчы супраць Ірландыі. Усяго за зборную ФРГ ён правёў 21 матч. У 1958 годзе выступаў таксама за другую зборную ФРГ.

Пасля заканчэння кар’еры футбаліста Карл Май стаў трэнерам. Ён узначальваў «Інгальштат» у сезоне 1963/1964 ў Рэгіянальнай лізе Зюд. Далей засяродзіўся на працы з аматарскімі камандамі: ESV Ingolstadt (1964/1965), MTV Ingolstadt (1965-1967), Wacker München (1969, фіналіст аматарскага чэмпіянату), FC Deisenhofen, SV 73 Nürnberg. Таксама працаваў школьным настаўнікам фізкультуры ў родным горадзе Фюрт.

Быў жанаты з 1952 года, шлюб быў бяздзетным. З 1975 перанёс 6 аперацый, у асноўным звязаных з страўнікава-кішачным трактам. У пачатку 1990-х яму выдалілі правае лёгкае. Памёр у 1993 годзе ад лейкеміі ва ўзросце 64 гадоў.

У 2004 годзе спартыўнаму комплексу яго роднага клуба «Гройтэр Фюрт» было нададзена імя Чарлі Мая.

Крыніцы

Літаратура Руднік В. Чэмпіёны свету па футболе 1930—2006. — Беласток: «Set-Print», 2006.

Катэгорыя:Футбалісты Германіі Катэгорыя:Ігракі зборнай Германіі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Дорнбірн 1913 Катэгорыя:Ігракі ФК Янг Фелоўз Катэгорыя:Ігракі ФК Баварыя Мюнхен Катэгорыя:Ігракі ФК Гройтэр Фюрт Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Германіі Катэгорыя:Трэнеры ФК Інгальштат Катэгорыя:Чэмпіёны свету па футболе Катэгорыя:Чэмпіянат свету па футболе 1954