Касцёл Узвышэння Святога Крыжа — рымска-каталіцкі храм у Светлагорску (Гомельская вобласць, Беларусь), на беразе Бярэзіны. Цэнтр парафіі Пінскай дыяцэзіі. Сучасны мураваны будынак узведзены ў 1992—1997 гадах Старонкі паводле электроннай версіі на kamunikat.org..
Касцёл у гэтым месцы існаваў з сярэдзіны XVII стагоддзя: у вёсцы (пазней ваколіцы) Шацілкі, якая ў 1961 годзе была пераўтворана ў горад Светлагорск, яго пабудавалі бабруйскія езуіты. У XIX — пачатку XX стагоддзя драўляны шацілкаўскі касцёл быў філіяй бабруйскай парафіі. У 1936 годзе яго зачынілі, а ў 1939 годзе разабралі.
Гісторыя Езуіцкі касцёл У 1634 годзе шляхціц Пётр Сулятыцкі запісаў бабруйскім езуітам сваю спадчынную вёску Шацілкі на правым беразе Бярэзіны; фундацыю пазней зацвердзіў кароль Уладзіслаў IV. Паводле С. Заленскага, у сваіх маёнтках Гарбацэвічы і Шацілкі езуіты «пабудавалі касцёлік, і другі ў Шацілках, для выгоды сваёй і падданых» (). Энцыклапедыя ведаў пра езуітаў на землях Польшчы і Літвы называе Шацілкі маёнткам і місіянерскай станцыяй Бабруйскай рэзідэнцыі ў 1634—1773 гадах і адносіць будаўніцтва драўлянага касцёла, дзе езуіты перыядычна адпраўлялі набажэнствы, прыкладна да 1650 года. Ф. Жыскар у 1914 годзе таксама датаваў касцёл 1650 годам, але назваў яго мураваным; Т. Маслюкоў лічыць мураваны касцёл у тагачасных Шацілках малаверагодным.
У краязнаўчай літаратуры і на даведачных сайтах пашыраная дата пабудовы першага касцёла — 1638 год. Яна ўзыходзіць да артыкула «Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя» ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, дзе сказана, што ў 1638 годзе нашчадкі Трызны «пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц Пётра Суляціцкі». Т. Маслюкоў, параўнаўшы гэты тэкст з польскімі выданнямі, дзе фігуруе 1634 год і дзе пабудова касцёла прыпісваецца самім езуітам, прыйшоў да высновы, што дата 1638 года не пацвярджаецца, а «1643» у энцыклапедыі — памылка замест 1634.
Паводле Dislimitatio parochiarum — дадатку да пастаноў віленскага дыяцэзіяльнага сіноду 1744 года, — Шацілкі ўваходзілі ў склад карпілаўскай парафіі Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзііSynodus Dioecesana Vilnensis ab Illustrissimo Excellentissimo… Michaele Joanne Zienkowicz… Episcopo Vilnensi… Anno Domini 1744, diebus 10, 11, 12 Februarii celebrata. — Vilnae, 1744. — S. 140: Dislimitatio parochiarum. Decanatus Bobroyscensis..
Філіяльны касцёл (1818—1936) Касцёл згарэў у 1812 годзе. Інвентарны вопіс, складзены 18 чэрвеня 1867 года па загадзе Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі бабруйскім дэканам ксяндзом Сямёнам МакарэвічамЗ гісторыі Шацілкаўскага касцёла // Светлагорскія навіны. — 1995. — 31 мая (№ 41). — С. 2. Перадрук на сайце «Путешествие в прошлое родного края»., сведчыць:
Ф. Жыскар пісаў, што новы драўляны касцёл парафіяне паставілі яшчэ ў 1812 годзе, аднак дыяцэзіяльныя даведнікі пачатку XX стагоддзя датуюць яго 1818 годам і адзначаюць, што ён быў збудаваны коштам парафіян.
Касцёл быў невялікі: даўжыня — 5, шырыня — 3,5, вышыня — 2 сажні. У 1844 годзе яго абшылі і пакрылі дошкамі; зверху ён меў тры купалы з жалезнымі крыжамі. Ля ўваходу быў хор з шасцігалосым арганам з двума мяхамі. Унутры знаходзіліся рызніца, спавядальня, амбон з балдахінам, цыбарый і чатыры алтары — з выявамі Маці Божай, апосталаў Пятра і Паўла, Святога Антонія, Святой Тройцы і Хрыста Збаўцы; адзін з алтароў быў пераносны і выкарыстоўваўся ў працэсіях. Побач стаяў дом святара, які атрымліваў ад Бабруйскага дэканата 30 рублёў у год. У 1867 годзе ў прыходзе налічвалася 368 мужчын і 367 жанчын; касцёл ужо тады быў «ветхі» і патрабаваў рамонту. З 15 студзеня 1867 года сталага набажэнства не было, бо філіяльны святар адбываў гадавую эпітымію ў нясвіжскім дамініканскім кляштары.
Шацілкі былі шляхецкай ваколіцай: большасць прыхаджан, паводле метрычных кніг, належала да шляхецкага саслоўя. У 1863 годзе пра яе пісалі: «Ваколіца Шацілкі, у якой каля 200 душ шляхты… там ёсць касцёл і ксёндз, ураджэнец той жа ваколіцы Манкевіч, шляхта там католікі даволі развітыя». Спісы духавенства 1842 і 1843 гадоў называюць шацілкаўскі касцёл філіяй бабруйскай парафіі; вікарыем пры ім быў Валянцін Манкевіч, францысканец-абсервант (бернардзінец) Публікацыя тэксту: Directorium Officii Divini pro Dioecesi Mincensi in annum Domini 1843: «Szaciłki. Filia Bobr. Vicarius Valentinus Monkiewicz Ord. S. Fran. Observ.». Філіяй Бабруйска («Филия Шатилковская») касцёл значыцца і ў спісе духавенства Віленскай епархіі на 1872 год.
Ад пачатку 1870-х гадоў улады дамагаліся ўвядзення рускай мовы ў дадатковае набажэнства ў касцёлах Мінскай губерні. На 2 красавіка 1873 года з-за нястачы ксяндзоў, згодных ужываць рускую мову, шацілкаўскі філіяльны касцёл, як і шэраг іншых, застаўся без святара. У верасні 1892 года на касцельнае свята ў «Жатилковский» (шацілкаўскі) касцёл прыехаў бабруйскі дэкан ксёндз Алехновіч, вядомы як «рускі прапаведнік», але набажэнства не адбылося: касцельны стараста Тышкевіч даў яму замест сапраўднага ключа іншы, і ў сутычцы, што ўзнікла, людзі сталі на бок старасты.
Паводле інвентарнага вопісу касцёлаў Бабруйскага і Барысаўскага паветаў за 1907—1914 гады, у 1906 годзе філіяльны касцёл у Шацілках быў перабудаваны і павялічаны панам Баляславам Тышкевічам з маёнтка Іленпаль. Старажыл Ануфрый Манкевіч успамінаў, што Тышкевіч выдзеліў лес, які шацілкаўскія мужчыны сваімі сіламі звалілі, і наняў цесляроў з вёскі Давыдаўка; да восені 1906 года насупраць могілак быў узведзены новы будынак, а ў 1907 годзе Тышкевіч наладзіў у ім арган. Побач пабудавалі званіцу з трыма званамі. Ксёндз прыязджаў у Шацілкі з Бабруйска толькі на святы, а па нядзелях касцёл адчыняў касцельны стараста Антон Манкевіч; у 1915—1917 гадах у Шацілках жыў арганіст Вацлаў Лейман з Варшавы. Метрычная кніга 1916 года паказвае, што ў касцёле хрысцілі дзяцей таксама жыхары ваколіц Ліпнікі, Замен-Рыння, Навозы і католікі з Парычаў.
У даведніках Магілёўскай архідыяцэзіі 1901 і 1912 гадоў касцёл пазначаны як філія бабруйскай парафіі без асобнага святара. У даведніку на 1917 год філіялістам (Filialista) пры ім названы ксёндз Геранім Цэрпента. Паводле мартыралога Каталіцкага Касцёла ў СССР, ён быў настаяцелем храма ў Шацілках з 1915 года, а ў 1917 годзе мітрапаліт Эдвард Роп накіраваў яго ў Сібір; у 1938 годзе ксёндз Цэрпента быў расстраляны ў Краснаярску. У гады Першай сусветнай вайны, калі фронт наблізіўся да Шацілак, ён разам з праваслаўным святаром з Якімавай Слабады адпяваў загінулых салдат, якіх пахавалі на шацілкаўскіх каталіцкіх могілках.
Закрыццё і знішчэнне У сярэдзіне 1930-х гадоў шацілкаўскі касцёл, разам з касцёламі ў Гомелі, Рагачове і Жлобіне, абслугоўваў рагачоўскі пробашч ксёндз Уладзіслаў Кунда (Дадатак 5: анкета арыштаванага).. 5 снежня 1935 года ён быў арыштаваны, а ў 1937 годзе расстраляны.
У 1936 годзе ўлады прынялі пастанову аб зачыненні касцёла. Жыхары Шацілак і католікі з вёскі Ліпнікі збіралі подпісы супраць гэтага рашэння, каб накіраваць іх у ЦВК БССР, але касцёл у тым жа годзе быў зачынены, а яго абаронцы ў 1937 годзе рэпрэсаваны. У верасні 1939 года касцёл разабралі, а з яго бярвення пабудавалі калгасны клуб, у якім у 1990 годзе знаходзілася школа ДТСААФ. Пасля закрыцця касцёла вернікі збіраліся нелегальна; сёння ахвярам савецкіх рэпрэсій пастаўлены крыж на шацілкаўскіх могілках. Пасля вайны Светлагорск разам з іншымі гарадамі ўсходняй Беларусі наведваў ксёндз Мечыслаў Малыніч-Маліцкі.
Адраджэнне парафіі 22 красавіка 1990 года ў Светлагорску адбыўся сход мясцовых католікаў, на якім прысутнічала 374 чалавекі; яны прасілі зарэгістраваць абшчыну і даць ёй памяшканне для малітваў. Сход абраў касцельны камітэт на чале з Янінай Грахоўскай. 26 чэрвеня 1990 года ў Светлагорск упершыню прыехаў ксёндз Славамір Ляскоўскі, які потым наведваў горад адзін-два разы на месяц. 2 жніўня 1990 года рашэннем Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР рэлігійнае таварыства католікаў у Светлагорску было зарэгістравана. 17 кастрычніка 1990 года мясцовыя ўлады выдзелілі пад будаўніцтва храма ўчастак на вуліцы Савецкай, 76А.
На Вербную нядзелю, 24 сакавіка 1991 года, першае набажэнства ў Светлагорску адправіў ксёндз Ян Саламон, які прыехаў з Улоцлаўскай дыяцэзіі Польшчы. 25 кастрычніка 1991 года біскуп Казімір Свёнтак асвяціў месца будаўніцтва касцёла. 21 красавіка 1992 года парафія атрымала дзяржаўную рэгістрацыю як «Рыма-каталіцкае рэлігійнае таварыства касцёла Узвышэння Крыжа Святога», а ў жніўні 1992 года пад кіраўніцтвам ксяндза Саламона пачалося будаўніцтва. 6 верасня 1997 года касцёл асвяціў кардынал Казімір Свёнтак.
З верасня 1996 года ў парафіі працуюць сёстры з кангрэгацыі Сясцёр супольнай працы ад Беззаганнага Сэрца Марыі. У жніўні 2002 года ксёндз Саламон пачаў будаўніцтва касцёла ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Летам 2003 года ён стаў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, а пробашчам у Светлагорску быў прызначаны ксёндз Тадэвуш Саморэк з Люблінскай архідыяцэзіі, да таго вікарый у Гомелі. Ён заставаўся настаяцелем парафіі і ў 2019 годзе. З парафіі паходзіць ксёндз Эдуард Мігай.
Архітэктура Касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы паводле праекта архітэктара Сяргея Пеўнага. Яго адносяць да неаготыкі з элементамі раманскага стылю; галоўны фасад вылучаецца дзвюма высокімі вежамі з шатровымі дахамі. Храм стаіць на набярэжнай Бярэзіны.
Парафія Адрас парафіі — вул. Савецкая, 76а. Святар парафіі адпраўляе таксама набажэнствы ў касцёле Святога Міхала Арханёла ў г. п. Акцябрскі. Адпуст (тытулярнае свята) — 14 верасня.
Святары Гады Імя Статус 1842—1843 Валянцін Манкевіч, бернардзінец вікарый філіяльнага касцёла 1915—1917 Геранім Цэрпента філіяліст сярэдзіна 1930-х Уладзіслаў Кунда абслугоўваў касцёл разам з Гомелем, Рагачовам і Жлобінам 1991—2003 Ян Саламон пробашч з 2003 Тадэвуш Саморэк пробашч
Архіўныя дакументы Інвентарны вопіс касцёла 1867 года: НАРБ. — Ф. 827. — Воп. 33. — Спр. 474. Інвентарны вопіс касцёлаў Бабруйскага і Барысаўскага паветаў за 1907—1914 гады: НАРБ. — Ф. 827. — Воп. 38. — Спр. 1495. Метрычныя кнігі касцёла пачынаючы з XIX стагоддзя«Метрические книги католических костелов Бобруйского уезда Минской губернии» // Национальный исторический архив Беларуси; метрычная кніга нараджэнняў 1916 года: НАРБ. — Ф. 1781. — Воп. 48. — Спр. 19. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 1354. — Воп. 5. — Спр. 201: «Дело на религиозное общество Римско-католической церкви в г. Светлогорске. 1990—1992 гг.»
Галерэя
Літаратура Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: гісторыя Гомельскага рыма-каталіцкага дэканата. — Мінск: Pro Christo, 2012. Лебедев А. Д. Эволюция положения общин Римско-католической церкви на Гомельщине в 1945—1990 гг. // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Сер. Гуманитарные науки. — 2017. — № 4 (103). — С. 41—45. Маслюкоў Т. В. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы II гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак). — Светлагорск, 2011. — С. 38—49. Хоміч А. М. Усталяванне і распаўсюджанне каталіцкай канфесіі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна (XVII — пачатак XX ст.) // Гомельшчына: старонкі мінулага. Вып. II. — Гомель, 1996. — С. 31—35. Załęski S. Jezuici w Polsce. T. 4, cz. 3. — Kraków, 1905. — S. 1304—1305. Żyskar F. J. Nasze kościoły. T. 2, z. 15: Dekanat ihumeński, Dekanat bobrujski. — Warszawa — Petersburg, 1914. — S. 252.
Спасылкі
Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Светлагорска Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Светлагорск Светлагорск Катэгорыя:1997 год у Беларусі