Другая сусветная вайна — узброены канфлікт планетарнага маштабу з удзелам дзвюх сусветных ваенна-палітычных кааліцый, які стаў найбуйнейшым у гісторыі чалавецтва (1 верасня 1939 — 2 верасня 1945), але звязаныя канфлікты пачаліся раней. У ёй прымала ўдзел пераважная большасць краін свету — у тым ліку ўсе буйныя дзяржавы — якія ў канчатковым выніку ўтварылі два супрацьлеглыя ваенныя лагеры: «саюзнікі» () і краіны Восі. Гэта была найбуйнейшая вайна ў гісторыі чалавецтва, непасрэдны ўдзел у якой прынялі больш за 100 мільёнаў чалавек з больш чым 30 краін. У стане «татальнай вайны» асноўныя ўдзельнікі кінулі ўсе свае эканамічныя, прамысловыя і навуковыя магчымасці на ваенныя дзеянні, сцёршы грань паміж грамадзянскімі і ваеннымі рэсурсамі. Вайна была адзначана масавай гібеллю грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку Халакостам (у выніку якога загінулі каля 11 мільёнаў чалавек) і стратэгічнымі бамбардзіроўкамі прамысловых і населеных пунктаў (у якіх былі забітыя каля мільёна чалавек і якія ўключалі ў сябе атамныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі), што прывяло, паводле ацэнак, да агульнай колькасці загінулых ад 50 да 80 мільёнаў. Гэта зрабіла Другую сусветную вайну самым смяротным канфліктам у гісторыі чалавецтва.
Японская імперыя задалася мэтай дамінавання ў Азіі і Ціхім акіяне і ўжо ў 1937 годзе знаходзілася ў стане вайны з Кітайскай Рэспублікай. Але звычайна лічыцца, што 2-я сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года з уварвання Германіі ў Польшчу і наступнага аб’яўлення Францыяй і Вялікабрытаніяй вайны Германіі. З канца 1939 да пачатку 1941 года, дзякуючы серыі кампаній і дамоў, Германія захапіла або кантралявала вялікую частку кантынентальнай Еўропы і сфармавала альянс Восі з Італіяй і Японіяй. На падставе пакта Молатава-Рыбентропа ў жніўні 1939 года Германія і СССР падзялілі і далучылі да сябе тэрыторыі сваіх еўрапейскіх суседзяў: Польшчы, Румыніі, Фінляндыі і краін Балтыі. Вайна працягвалася, перш за ўсё, паміж краінамі Восі і кааліцыяй Вялікабрытаніі і Брытанскай Садружнасці, і ўключала ў сябе заходнеафрыканскую і ўсходнеафрыканскую кампаніі, бітву за Брытанію, кампанію бамбардзіровак «бліц», балканскую кампанію і працяглую бітву за Атлантыку. У чэрвені 1941 года войскі краін Восі распачалі ўварванне ў СССР, адкрываючы найвялікшы тэатр ваенных дзеянняў у гісторыі, які ўцягнуў вялікую частку ваенных сілаў Восі ў вайну на знясіленне. У снежні 1941 года Японія напала на ЗША і еўрапейскія тэрыторыі ў Ціхім акіяне і хутка падпарадкавала яго заходнюю частку. Еўрапейская вайна ператварылася ў канфлікт планетарнага маштабу.
Прасоўванне Восі было спынена ў 1942 годзе, калі Японія пацярпела паражэнне ў бітве за Мідуэй недалёка ад Гаваяў, а Германія была пераможана ў бітве за Сталінград у СССР, а таксама ў Паўночнай Афрыцы. У 1943 годзе пасля шэрагу паразаў Германіі на Усходнім фронце, уварвання саюзных войскаў у Італію, што прывяло да капітуляцыі Італіі, і перамог саюзнікаў у Ціхім акіяне, краіны Восі страцілі ініцыятыву і пачалі стратэгічнае адступленне на ўсіх франтах. У 1944 годзе заходнія саюзныя войскі здзейснілі ўварванне ў захопленую Германіяй Францыю ў той час, як СССР аднавіў усе свае тэрытарыяльныя страты і пачаў наступленне на тэрыторыю Германіі і яе саюзнікаў. Цягам 1944 і 1945 гадоў Японія панесла буйныя страты ў мацерыковай Азіі, у паўднёвым Кітаі і Бірме, а саюзнікі знішчылі японскі флот і авалодалі ключавымі выспамі ў заходняй частцы Ціхага акіяна.
Вайна ў Еўропе скончылася ўварваннем заходніх саюзнікаў і СССР у Германію, якое прывяло да ўзяцця Берліна войскамі СССР і Польшчы і наступнай безумоўнай капітуляцыі Германіі 8 мая 1945 года. Пасля апублікавання Патсдамскай дэкларацыі 26 ліпеня 1945 года і адмовы Японіі капітуляваць на яе ўмовах ЗША скінулі атамныя бомбы на японскія гарады Хірасіму і Нагасікі 6 і 9 жніўня адпаведна. Пасля аб’яўлення СССР вайны Японіі і ўварвання ў Маньчжурыю і з улікам непазбежнага ўварвання ў японскі архіпелаг, а таксама магчымасці іншых атамных бамбардзіровак Японія капітулявала 15 жніўня 1945 года. Такім чынам, скончылася вайна ў Азіі, замацаваўшы агульную перамогу саюзнікаў у вайне.
Другая сусветная вайна змяніла палітычную расстаноўку і сацыяльную структуру свету. Дзеля садзейнічання развіццю міжнароднага супрацоўніцтва і прадухілення будучых канфліктаў была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН). Вялікія дзяржавы-пераможцы — ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, СССР і Кітай — сталі пастаяннымі членамі Савета Бяспекі ААН. ЗША і СССР сталі канкуруючымі звышдзяржавамі і праціўнікамі ў халоднай вайне, якая доўжылася на працягу наступных 46 гадоў. Між тым сусветны ўплыў еўрапейскіх дзяржаў саслабеў разам з пачаткам дэкаланізацыі Азіі і Афрыкі.
Храналогія
Пачаткам вайны ў Еўропе звычайна лічыцца 1 верасня 1939 годаWeinberg, Gerhard L. (2005) A World at Arms: A Global History of World War II (2nd ed.). Cambridge University Press. pp. 6.Wells, Anne Sharp (2014) Historical Dictionary of World War II: The War against Germany and Italy. Rowman & Littlefield Publishing. pp. 7. — напад Нацысцкай Германіі на Польшчу; Вялікабрытанія і Францыя абвясцілі Германіі вайну праз два дні. Датамі пачатку вайны ў Ціхім акіяне часам называюць пачатак Другой япона-кітайскай вайны 7 ліпеня 1937 года. і нават японскую інтэрвенцыю ў Маньчжурыю 19 верасня 1931 годаGhuhl, Wernar (2007) Imperial Japan’s World War Two Transaction Publishers pg 7, pg. 30Polmar, Norman; Thomas B. Allen (1991) World War II: America at war, 1941—1945 ISBN 978-0394585307.
Адзін з вядучых брытанскіх гісторыкаў Алан Тэйлар лічыў, што япона-кітайская вайна і вайна ў Еўропе і яе калоніях праходзілі адначасова, і зліліся ў адну ў 1941 годзе. Іншыя даты пачатку Другой сусветнай вайны часам уключаюць ўварванне Італіі ў Абісінію 3 кастрычніка 1935 года; ; Yisreelit, Hevrah Mizrahit (1965). Asian and African Studies, p. 191. For 1941 see ; Kellogg, William O (2003). American History the Easy Way. Barron’s Educational Series. p. 236 ISBN 0-7641-1973-7. There is also the viewpoint that both World War I and World War II are part of the same «European Civil War» or «Second Thirty Years War»: ; .. Брытанскі гісторык Энтані Бівар разглядае пачатак Другой сусветнай вайны як баі на рацэ Халхін-Гол паміж Японіяй і войскамі Манголіі і СССР, якія адбываліся з мая па верасень 1939 года..
Дата заканчэння вайны таксама дакладна не ўзгоднена. Апроч самай распаўсюджанай версіі, якой з’яўлецца дата фармальнай капітуляцыі Японіі (2 верасня 1945 года), шырока разглядаецца дзень падпісання перамір’я 14 жніўня 1945 года. У 1951 годзе быў падпісаны мірны дагавор з Японіяй, які афіцыйна вызначыў прававы статус пераможаных краін, а таксама кампенсацыі, якія выплачваліся саюзным ваеннапалонным, якія сталі ахвярамі зверстваў.. Дагавор аб будучыні Германіі 1990 года дазволіў уз’яднацца Усходняй і Заходняй Германіям, а таксама вырашыў іншыя пасляваенныя пытанні.
Удзельнікі
Колькасць дзяржаў-удзельніц змянялася на працягу вайны. Некаторыя з іх вялі актыўныя баявыя дзеянні, другія дапамагалі сваім саюзнікам пастаўкамі зброі, матэрыялаў і харчавання. Астатнія ж удзельнічалі ў вайне толькі намінальна.
У антыгітлераўскую кааліцыю ўваходзілі: Польшча, Вялікабрытанія, Францыя (з 1939 года), СССР, ЗША (з 1941), Кітай, Аўстралія, Канада, Югаславія, Нідэрланды, Нарвегія, Новая Зеландыя, Паўднёва-Афрыканскі Саюз, Чэхаславакія, Бельгія, Грэцыя, Эфіопія, Данія, Бразілія, Мексіка, Манголія, Люксембург, Непал, Панама, Аргенціна, Чылі, Куба, Перу, Гватэмала, Калумбія, Коста-Рыка, Дамініканская рэспубліка, Албанія, Гандурас, Сальвадор, Гаіці, Парагвай, Эквадор, Сан-Марына, Турцыя, Уругвай, Венесуэла, Ліван, Саудаўская Аравія, Нікарагуа, Ліберыя, Балівія. У ходзе вайны да іх далучыліся некаторыя дзяржавы, якія выйшлі з нацысцкага блоку: Іран, Ірак (з 1941 года), Італія (з 1943), Румынія (з 1944), Балгарыя (з 1944), Фінляндыя (у 1945).
З іншага боку ў вайне ўдзельнічалі краіны нацысцкага блока: Германія, Італія (да 1943 года), Японія, Фінляндыя (да 1944), Балгарыя, Румынія (да 1944), Ірак (да 1941), Венгрыя, Славакія, Тайланд, Маньчжоу-Го, Харватыя, а таксама (да 1941 года) Іран, які не ўваходзіў у нацысцкі блок. На тэрыторыі акупаваных краін ствараліся марыянетачныя дзяржавы, якія па сваім сэнсе не з’яўляліся паўнавартаснымі ўдзельнікамі вайны і далучаліся да фашысцкай кааліцыі: Вішысцкая Францыя, Грэчаская дзяржава, Італьянская сацыяльная рэспубліка, Венгерская дзяржава, Сербія, Албанія, Чарнагорыя, Македонія, Мэнцзян, Бірма, Філіпіны, В’етнам, Камбоджа, Лаос.
На боку Германіі і Японіі змагалася таксама мноства калабарацыянісцкіх войскаў, створаных з грамадзян краін-праціўнікаў: РВА, замежныя дывізіі СС (руская, украінская, эстонская, 2 латышскія, нарвежска-дацкая, 2 галандскія, 2 бельгійскія, 2 баснійскія, франузская, албанская), шэраг замежных легіёнаў і іншыя фарміраванні. Таксама ва ўзброеных сілах краін нацысцкага блока змагаліся добраахвотныя фарміраванні дзяржаў, якія фармальна заставаліся нейтральнымі: Іспаніі (Блакітная дывізія), Швецыі і Партугаліі.
Прычыны вайны Перадумовы Другой сусветнай вайны непасрэдна выцякаюць з г. зв. Версальска-Вашынгтонскай сістэмы — міравога парадку, які склаўся пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Галоўныя пераможцы (Францыя, Вялікабрытанія, ЗША) не здолелі стварыць новую сістэму светаўпарадкавання ўстойлівай — пераможаныя былі максімальна прыніжаныя, дзве ключавыя дзяржавы-супраціўнікі (Аўстра-Венгрыя і Асманская імперыя) падзеленыя. Германія была пазбаўлена магчымасці паўнавартасна ўдзельнічаць у міжнародных справах, абмежаваная ў стварэнні паўнавартасных узброеных сіл і абкладзеная значнай кантрыбуцыяй, але не была падзелена.
Пасля таго як 7 мая 1919 года сталі вядомыя ўмовы мірнага дагавора ў Версалі, на наступны ж дзень прэзідэнт Эберт заявіў, што гэтыя ўмовы і рэпарацыі, якія ў іх агавораныя, не могуць быць выкананыя нямецкім народам нават пры крайнім напружанні сіл. Ён падкрэсліў, што на такіх умовах немагчыма забеспечыць захаванне працяглага міру ў Еўропе на базе супрацоўніцтва паміж народамі, і што новая кравапралітная вайна стане непазбежнайGerhart Binder Epoche der Entscheidungen (Eine Geschichte des 20 Jahrhunderts mit Dokumenten in Text und Bild) −6 Auflage Stuttgart-Degerloch: Seewald Verlag. 1960. Між тым у стане краін-пераможцаў таксама не было адзінага погляду на пасляваеннае ўпарадкаванне. Італьянскі прэм’ер міністр Віторыа Арланда дэманстратыўна пакінуў Парыжскую канферэнцыю пасля адмовы іншых пераможцаў задаволіць усе тэрытарыяльныя прэтэнзіі Італіі, а Кангрэс ЗША адмовіўся ратыфікаваць пагадненне аб стварэнні Лігі Нацый — новага міжнароднага органа, які павінен быў вырашаць міжнародныя спрэчкі.